Беларускі каляндар
«Беларускі каляндар» уяўляе сабой пералік дат, што адлюстроўваюць асноўныя падзеі і факты грамадскага, палітычнага і культурнага жыцця краіны, юбілейныя даты выдатных асоб, месца нараджэння, жыццё або дзейнасць якіх звязаны з Беларуссю.
Пры адборы персон улічваліся іх роля ў гісторыі або грамадскім жыцці Беларусі і іншых краін, вядомасць і ўклад, зроблены ў развіццё навукі і культуры, а таксама наяўнасць ганаровых (народны, заслужаны, Герой Савецкага Саюза, Герой Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы) і вучоных званняў (акадэмік НАН Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, правадзейны або ганаровы член (акадэмік) адной з замежных АН), навуковых, літаратурных, тэатральных і іншых прэмій Беларусі, СССР, замежных краін. Даты жыцця асоб даюцца ў новым каляндарным стылі. Калі дзеяч нарадзіўся ў Беларусі, пасля даты нараджэння ўказваецца месца нараджэння (горад або раён).
У спіс увайшлі звесткі пра важнейшыя гістарычныя падзеі, помнікі гісторыі, культуры і прыроды рэспубліканскага значэння, навуковыя і навукова-даследчыя ўстановы, вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, бібліятэкі, тэатры, музеі, буйнейшыя прадпрыемствы, вядомыя перыядычныя выданні і інш. Назвы аб’ектаў прыведзены па стане на ліпень 2017 г. Адбор юбілейных дат рабіўся ў адпаведнасці з іх значнасцю для гісторыі, эканомікі, навукі і культуры Беларусі.
Для асоб юбілейнымі лічацца 50, 60, 70, 75, 80, 90, 100, 110, 120, 125, 130, 140, 150, 160, 170, 175, 180, 190, 200... гадоў, для падзей – 20, 25, 30, 40, 50... (далей як для асоб) гадоў.
«Беларускі каляндар» пачынаецца з пераліку дзяржаўных свят, святочных дзён і памятных дат нашай краіны, устаноўленых паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь». Запісы ідуць у храналагічнай паслядоўнасці: спачатку падаюцца звесткі аб падзеях, даты якіх дакладна не вызначаны, потым – аб падзеях з дакладна вядомымі датамі. Гэты прынцып таксама выкарыстоўваецца для адбору персаналій-юбіляраў.
Больш поўную інфармацыю аб юбілярах і юбілейных падзеях можна атрымаць з беларусазнаўчай фактаграфічнай базы даных Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «Беларусь у асобах і падзеях», на аснове якой створаны гэты інфармацыйны спіс.
Пры падрыхтоўцы спіса «Беларускага календара» выкарыстоўваюцца звесткі, размешчаныя на афіцыйных інтэрнэт-сайтах устаноў і арганізацый, старонках аўтарытэтных інфармацыйных выданняў.
Дзяржаўныя святы, святочныя дні і памятныя даты ў Рэспубліцы Беларусь
(З Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь»)
Дзяржаўныя святы:
15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі.
2 красавіка – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.
9 мая – Дзень Перамогі.
Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь – другая нядзеля мая.
3 ліпеня – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі).
Агульнарэспубліканскія святы:
1 студзеня – Новы год.
23 лютага – Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
8 сакавіка – Дзень жанчын.
1 мая – Свята працы.
7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Рэлігійныя святы:
7 студзеня – Нараджэнне Хрыстова (па календары праваслаўнай канфесіі).
Вялікдзень – дата па календары каталіцкай канфесіі і па календары праваслаўнай канфесіі.
Радаўніца – дата па календары праваслаўнай канфесіі.
2 лістапада – Дзень памяці.
25 снежня – Нараджэнне Хрыстова (па календары каталіцкай канфесіі).
У Рэспубліцы Беларусь таксама адзначаюцца:
Дзень беларускай навукі – апошняя нядзеля студзеня.
5 мая – Дзень друку.
7 мая – Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.
15 мая – Дзень сям’і.
5 чэрвеня – Дзень аховы навакольнага асяроддзя.
Дзень моладзі – апошняя нядзеля чэрвеня
1 верасня – Дзень ведаў.
Дзень беларускага пісьменства – першая нядзеля верасня.
15 верасня – Дзень бібліятэк.
1 кастрычніка – Дзень пажылых людзей.
Дзень настаўніка – першая нядзеля кастрычніка.
6 кастрычніка – Дзень архівіста.
Дзень работнікаў культуры – другая нядзеля кастрычніка.
14 кастрычніка – Дзень маці.
3 снежня – Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь.
10 снежня – Дзень правоў чалавека.
17 снежня – Дзень беларускага кіно.
Памятныя даты:
15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
26 красавіка – Дзень чарнобыльскай трагедыі.
22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.