Сістэма адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь
Рэспубліка Беларусь у рэйтынгу дзяржаў па індэксу чалавечага развіцця па паказчыках у сферы адукацыі адносіцца да дзяржаў з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця. Пра гэта сведчаць такія макрапаказчыкі, як узровень пісьменнасці дарослага насельніцтва (99,7%), ахоп базавай, агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыяй занятага насельніцтва (98%). Па паказчыках паступлення дзяцей у пачатковую і сярэднюю школу, колькасці студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусь знаходзіцца на ўзроўні развітых краін Еўропы і свету. Кожны трэці жыхар рэспублікі навучаецца.
Дзяржаўная палітыка ў сферы адукацыі грунтуецца на ўмацаванні галоўных прынцыпаў развіцця беларускай школы, сярод якіх: дзяржаўна-грамадскі характар кіравання; забеспячэнне прынцыпу справядлівасці, роўнага доступу да адукацыі; павышэнне якасці адукацыі для кожнага. Адукацыя забяспечваецца на асноўным, дадатковым і спецыяльным узроўнях. Асноўная адукацыя ўключае дашкольную, агульную сярэднюю, прафесійную, вышэйшую, паслявузаўскую і інклюзіўную. Дадатковае падзяляецца на дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі, дадатковую адукацыю дарослых. Падрыхтоўка навуковых і навукова-педагагічных кадраў вядзецца ў аспірантуры, дактарантуры ўстаноў (арганізацый), якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы пасляўніверсітэцкай адукацыі.
Усяго ў рэспубліцы налічваецца больш за 8 тыс. устаноў адукацыі, у якіх навучаецца каля 3 млн. дзяцей, навучэнцаў, студэнтаў і слухачоў. У навучальным працэсе задзейнічана больш за 400 тыс. работнікаў (кожны 10-ты заняты ў эканоміцы).
За апошнія гады ў краіне шмат зроблена ў сістэме адукацыі: створана неабходная заканадаўчая база, забяспечваецца стабільнае фінансаванне, навучэнцам і педагогам аказваецца сацыяльная падтрымка.
У пачатку 2021 г. прынята Дзяржаўная праграма "Адукацыя і маладзёжная палітыка" на 2021–2025 гады", у якой вызначаны асноўныя напрамкі і прыярытэты дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі.
14 студзеня 2022 г. прыняты Закон Рэспублікі Беларусь № 154-3 "Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Найважнейшыя змяненні, якія ўнесены ў гэты дакумент, можна падзяліць на чатыры блокі: нормы, якія датычацца агульных пытанняў удасканалення сістэмы адукацыі; нормы, якія рэгулююць асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу; нормы, якія датычацца павышэння патрабаванняў да ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу і ўмацавання дысцыпліны; сацыяльная абарона і падтрымка. У дакуменце з улікам тэндэнцый развіцця сучаснай адукацыйнай прасторы і практыкі прымянення дзеючага Кодэкса, адлюстраваны новыя магчымасці для ВНУ і моладзі, таленавітых дзяцей і школьнікаў. У прыватнасці, замацоўваецца дыстанцыйнае навучанне як самастойная форма атрымання адукацыі, пашыраецца сфера прымянення мэтавай падрыхтоўкі, павялічваецца пералік асоб, якія маюць льготы пры паступленні ў ВНУ. Вызначаны новы від дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі, якая будзе ажыццяўляцца на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. У новай рэдакцыі Кодэкса прадугледжваецца ўсеагульнае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі. На падставе змяненняў у Кодэксе зацверджаны новыя правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы.
Падрыхтаваны другі важны дакумент – Канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года.
Вышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь
ГІАЦ Мінадукацыі
Рэспубліканскі інстытут прафесіянальнай адукацыі