17 лютага 1945 года. 82 дні да Перамогі
Поспехі Савецкай арміі. Падрыхтоўка да веснавых палявых работ. Хата-чытальня Цішаўскага сельсавета. Газета “Звязда” (№ 32).
У кожным нумары газеты публікуюць зводкі Савецкага інфармацыйнага бюро з паведамленнямі пра зацятыя баі, узятыя гарады, захопленую тэхніку. У Познані ідуць баі з нямецкім гарнізонам, які адступіў у цытадэль. Нягледзячы на добра ўмацаваныя дотамі і дзотамі шашу і перакрыжаванні дарог, нашы войскі прасунуліся наперад на 20 кіламетраў і ўзялі абаронны пункт Ротэнбург на левым беразе Одэра. Чырвоная армія цалкам акружыла гітлераўскія часці ў Брэслау. Ва Усходняй Прусіі і каля Будапешта здаліся ў палон тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў.
Усё больш друкуецца матэрыялаў аб падрыхтоўцы да веснавых палявых работ. Вайсковая лексіка даўно ўжо сустракаецца і ў гэтых рэпартажах, артыкулах і нататках. У перадавіцы газеты “Звязда” (№ 32) “Усебакова рыхтавацца да веснавой сяўбы” чытаем: у “баявую гатоўнасць” неабходна прывесці плугі, бароны, павозкі, “перад намі стаіць баявая задача – за самы кароткі час давесці вытворчую магутнасць калгасаў да даваеннага ўзроўню”. Такая важная мэта патрабавала і вялікага энтузіязму, і ўвагі да дробязей, ад якіх залежаў поспех.
Аўтары іншых артыкулаў і нататак пішуць пра тое, як вылечыць коней ад хвароб, як правільна арганізаваць працу ў брыгадах, аб ходзе работ па ўгнаенні зямлі і г.д. Не забыліся і пра тагачасныя “бібліятэчна-інфармацыйныя цэнтры” – у тым жа перадавым артыкуле гаворыцца пра тое, як важна выкарыстоўваць хаты-чытальні для распаўсюджвання ведаў – у прыклад прыводзіцца дзейнасць агранамічнага гуртка пры хаце-чытальні Цішоўскага (цяпер Буйніцкага) сельсавета ў Магілёўскай вобласці (тройчы ў месяц гурток збірае да 40 работнікаў сярэдняга звяна). Цікавая навіна, звязаная з бібліятэчнай сферай, прыйшла і з саюзнай рэспублікі: у РСФСР вырашана адкрыць некалькі абласных і 288 раённых бібліятэк.
82 дні засталося да Перамогі...