11 лютага 1945 года. 88 дзён да Перамогі
Ліст з фронту. Вяртанне абсталявання ў Оршу. Фельетон Я. Коласа. Навіны бібліятэк. Газеты: “Звязда” (№ 28), “Ленінская праўда” (№ 10), “Совецкі патрыёт” (Бягомльскі раён) (№ 7), “Совецкі патрыёт” (Ляхавіцкі раён) (№ 11).
На першай старонцы газеты “Совецкі патрыёт” Бягомльскага раёна (цяпер скасаваны) (№ 7) – ліст з фронту ад удзельніка баёў за Кёнігсберг, ён паведамляе, што байцы ні ў чым не маюць патрэбы – яны сытыя, абутыя і апранутыя, далей ён з горыччу працягвае, што ў нямецкіх дамах байцы бачаць “нашу мэблю – шафы, стулы, сталы, мяккія крэслы” і нават вышытыя ручнікі.
Нядаўна было выяўлена ў Рызе і ўжо вяртаецца ў Оршу вывезенае немцамі абсталяванне Аршанскага льнокамбіната (“Совецкі патрыёт” Ляхавіцкага раёна, № 11). Дарэчы, гэта прадпрыемства і сёння вырабляе тканіны і прадае іх у многія краіны свету.
Каб зрабіць свой унёсак у наступальны паход савецкай арміі на Берлін, па ўсёй Беларусі збіраюць сродкі на танкі, самалёты. Так, у Баранавіцкай вобласці збіраюць грошы на танкавую калону “Камсамолец Беларусі” (“Совецкі патрыёт” Ляхавіцкага раёна, № 11).
У газеце “Звязда” (№ 28) – фельетон Якуба Коласа “Гітлер і чарадзеі”. Ёмістая і вобразная мова, а часам і вострае слоўца, якое “кінуў” майстар у завадатара нацыстаў, і ў сённяшніх чытачоў выклікае ўсмешку і захапленне.
Газета таксама паведамляе, што ў Доме партыйнай асветы за два месяцы прачытана 15 лекцый і дакладаў, сярод іх – “Вайна на Ціхім акіяне”, “Сучасны этап нацыянальна-вызваленчай барацьбы кітайскага народа”, а ў бібліятэцы гэтай установы да дня Чырвонай Арміі арганізаваны выставы спецыяльнай літаратуры. Пры Урадавай (цяпер Прэзідэнцкай) бібліятэцы ў дапамогу будаўніцтву і аднаўленню разбураных будынкаў арганізаваны спецыяльны аддзел літаратуры. Асаблівую цікавасць у яго фондзе прадстаўляюць кнігі: “Кладка стен из кирпича, полученного от разборки разрушенных зданий”, “Как построить стены одноэтажного дома из отходов или неполноценной древесины”, “Опыт строительства в условиях военного времени”, выдадзеныя ў 1943 і 1944 гг. (“Звязда”, № 28).
“Ленінская праўда” (№ 10) паведамляе, што ў калгасе імя Леніна Станькаўскага сельсавета аднавіла сваю працу хата-чытальня, якая да вайны мела больш за 2 000 кніг і карысталася вялікай папулярнасцю. Цяпер яе фонд паступова аднаўляецца, ён налічвае больш за 200 кніг і брашур тэхнічнага ўтрымання, імі карыстаюцца каля дзвюх сотняў чытачоў.
88 дзён застаецца да Перамогі...