27 лютага 1945 года. 72 дні да Перамогі
Падарункі параненым. Навіны з гарадоў СССР. Кніга для школьнага чытання. Курсы ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна. Газеты: “Звязда” (№ 39), “Гомельская праўда” (№ 39).
На ўсіх тэатрах ваенных дзеянняў нямецкая армія цярпела паражэнне. Чырвоная армія і саюзнікі займалі горад за горадам (Пройс Фрыдланд – цяпер польскі Дзебжна), дом за домам (як у Браслау), бамбілі ваенныя аб’екты і гарады. Шчыміць сэрца, калі глядзіш на фотаздымкі з Асвенцыма “Звязда”, № 39, с. 3). Гэты лагер быў вызвалены нашымі войскамі 27 студзеня 1945 г.
“Гомельская праўда” (№ 39) пад дэвізам “Духам і воляй адзіны!” надрукавала матэрыялы пра тую дапамогу, якую аказвалі жыхары вобласці параненым салдатам і афіцэрам. Кожны шпіталь або нават палата мелі сваіх шэфаў. Калектывы заводаў, калгасаў наведвалі параненых, даведваліся пра іх патрэбы, а затым рыхтавалі і перадавалі падарункі. Так, камсамольцы суднаверфі зрабілі для параненых табурэткі і сталы, сабралі літаратуру па мастацтве і пісьмовыя прыналежнасці, паказалі спектакль. Члены калектыву паравознага дэпо ўручылі параненым папяросы, тытунь, кісеты, паперу, алоўкі, мыла, насоўкі. Калгаснікі Буда-Кашалёўскага раёна даслалі вагон з падарункамі, якія на некалькі месяцаў палепшылі харчовы рацыён параненых.
“Звязда” (№ 39) падзялілася навінамі з розных гарадоў СССР: у Смаленскай вобласці калгаснікі збіраюць грошы на самалёты эскадрыллі “Перамога”; у Кіеве адкрылася выстава трафейнай зброі; у Крывым Рогу адноўлена работа шахт; у Новасібірску адкрыўся оперны тэатр, на фатаграфіі адлюстраваны яго будынак; у Маскве 25 лютага пачаліся ўсесаюзныя лыжныя спаборніцтвы калгаснай моладзі.
Дзяржаўнае выдавецтва БССР зрабіла падарунак школьнікам – накладам у 70 000 асобнікаў выйшла кніга для чытання ў 2-м класе “Роднае слова” А. Якімовіча, яна была падпісана да друку 6 студзеня, а ў канцы лютага ўжо выдадзена. Гэтая кніга з 1945 па 1963 гг. вытрымала 19 перавыданняў! Сёння гэтыя выданні захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
У заходніх абласцях Беларусі ўжо амаль адноўлена сетка сельскіх лячэбных устаноў; у сярэдніх медыцынскіх адукацыйных установах вучацца больш за 530 студэнтаў, таксама пачаліся заняткі ў трохгадовых фельчарска-акушэрскіх і фармацэўтычных школах медсясцёр.
У Мінскай вобласці працягвае аднаўляцца сетка гурткоў мастацкай самадзейнасці. Нядаўна тут быў праведзены агляд самадзейнасці ў раёнах.
Кінатэатры запрашаюць на прагляды фільмаў “Чалавек з ружжом”, “Іван Грозны”, “У старым Чыкага”, “У 6 гадзін вечара пасля вайны”.
І, вядома, бібліятэчная падзея! Дырэкцыя Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна (Нацыянальная бібліятэка Беларусі) абвясціла набор на двухмесячныя курсы. Будучым бібліятэчным работнікам неабходна было мець закончаную сярэднюю адукацыю. А на час вучобы курсанты забяспечваліся стыпендыяй, іншагароднія – пражываннем у інтэрнаце.
Заставалася да Перамогі 72 дні...