Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

25 лютага 1945 года. 74 дні да Перамогі

Фронт і тыл. Спектакль “Так і будзе”. Газета “Звязда” (№ 38).

                  …Идёт война народная…
                            В. Лебедзеў-Кумач

Многія газетныя рэпартажы, артыкулы, нататкі, звязаныя з жыццём у тыле, абпалены дыханнем вайны і нясуць на сабе нябачную прысутнасць фронту.

“За хутчэйшае аднаўленне і ўздым сельскай гаспадаркі” – пад такой назвай выйшаў перадавы артыкул у газеце “Звязда” (№ 38).

І ў ёй чырвонай ніткай праходзіць ваенная тэма. І ў ёй робіцца асаблівы акцэнт на сувязі фронту і тылу.

Чырвоная армія абвальвае магутны кулак на праціўніка.

Забяспечваюць гэты ўдар тэхнікай – канструктары, інжынеры, рабочыя. На заводах і фабрыках – з-пад іх пяра і мазольных рук выходзяць самалёты, танкі, гарматы.

Забяспечваюць гэты ўдар сілай – калгаснікі. “Хлеб – гэта таксама грозная зброя! Пад гэтым лозунгам павінна праходзіць падрыхтоўка да сяўбы і ўсіх сельскагаспадарчых работ бягучага года”, – піша аўтар.

У дні ўшанавання Чырвонай арміі і Ваенна-марскога флоту асабліва адчуваецца, што гэта вайна была асаблівай. Перафразіруючы Л. Талстога, скажам: магутны “кулак народнай вайны” няўхільна біў па праціўніку, набліжаючы яго гібель і нашу пераможную радасць.

На вялікай фатаграфіі ўнізе гэтай газетнай старонкі – шчаслівыя твары мінчан, якія ля Дома афіцэраў сабраліся пад залпамі салюту. У гонар 27-й гадавіны Чырвонай арміі.

Святкаванне гэтага дня (вечары, сход, выстава) прайшло і за мяжой: у Нью-Ёрку, Бялградзе, Варшаве, Бейруце.

У Віцебску Беларускі драматычны тэатр імя Якуба Коласа адзначыў свята воінаў і сваё вяртанне ў родны горад спектаклем “Так і будзе” па аднайменнай п’есе К. Сіманава. У ёй ужо перакінуты мост ад ваенна-франтавога да хуткага пасляваеннага мірнага жыцця.

Усяго 74 дні засталося да Перамогі...