Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description

24 лютага 1945 года. 75 дзён да Перамогі

Аб святкаванні дня Чырвонай арміі. Хата-чытальня на Віцебшчыне. Навіны саюзнікаў. Газета «Звязда» (№ 37).

Матэрыялы гэтага дня ў газеце звязаныя са святкаваннем Дня Чырвонай арміі і Ваенна-марскога флоту і апісаннем мерапрыемстваў, якія прайшлі 23 лютага.

Гэта быў звычайны працоўны дзень.

Але гэта быў незвычайны працоўны дзень.

Святочны.

Удзень ва ўстановах і на прадпрыемствах адбываліся мітынгі.

Сярод адзначаных дасягненняў – перавыкананне плана. Сярод мерапрыемстваў, прымеркаваных да ўрачыстасці, – лісты на фронт (працоўныя Бабруйска накіравалі ў войска салдатам і афіцэрам 10 000 лістоў з віншаваннямі), пасылкі (з Іванаўскага раёна на Брэстчыне адправілі на фронт сушаную садавіну і іншыя прадукты, з Ваўкавыска на Гарадзеншчыне – шалікі і рукавіцы).

На пасяджэннях у абласных і раённых саветах, у калгасах і саўгасах гучалі прамовы і апладысменты.

А ўвечары, нягледзячы на калючы мароз, мінчане выйшлі на вуліцы і плошчы, каб убачыць і пачуць святочны салют.

На 2-й старонцы газеты – вялікі нарыс пра дзейнасць хаты-чытальні Свечанскага сельскага савета ў Віцебскай вобласці.

Саюзнікі напярэдадні гэтага дня занялі Віяндэн, тым самым Люксембург быў ачышчаны ад нямецкіх войскаў. Амерыканскія часткі 5-й арміі «працягвалі паляпшаць свае пазіцыі» на захадзе ад шашы Балоння-Пістоя, бразільскія часткі гэтай арміі занялі адно з узвышшаў. Англійскія бамбавікі працягвалі бамбаваць ваенныя аб'екты ў Цэнтральнай і Паўднёвай Германіі, у Аўстрыі і Паўночнай Італіі; упершыню з пачатку вайны была падвергнута бамбардзіроўцы вясковая рэзідэнцыя Гітлера – Берхтэсгадэн. Італьянскія партызаны перахапілі сакрэтнае паведамленне, адрасаванае Мусаліні яго «паслам» у Берліне, у ім паведамлялася: «становішча ў Берліне надзвычай трагічнае, але немцы так знясіленыя фізічна і маральна, што выключана магчымасць паўстання...».

Працягваюцца баі ў Югаславіі, Малайзіі, на Ціхім акіяне.

Да Перамогі застаецца 75 дзён..

.