7 сакавіка 1945 года. 63 дні да Перамогі
Беларускія пісьменнікі наведалі Вільню. Сельскагаспадарчая арцель «КІМ». Хаты-чытальні ў Пухавіцкім раёне. Агляд мастацкай самадзейнасці. Газета «Звязда» (№ 45).
Савецкія войскі захапілі некалькі важных вузлоў камунікацыі і апорных пунктаў абароны нямецкіх войскаў, поспех наступлення саюзнікаў адзначыўся ўзяццем Кёльна.
Беларускія пісьменнікі – П. Броўка, М. Танк і іншыя, – адправіліся ў сяброўскую паездку да пісьменнікаў Літоўскай ССР і наведалі Вільню.
Карэспандэнт БЕЛТА пабываў у сельскагаспадарчай арцелі «КІМ» у вёсцы «Руднае» Хойнікскага раёна Гомельскай вобласці і падзяліўся з чытачамі газеты сакрэтам поспеху кімаўцаў. А сакрэт просты: адразу ж пасля вызвалення вёскі ад нямецкай акупацыі актыў арцелі сабраўся і склаў графік паляводчай і будаўнічых работ (бо частка дамоў была спалена падчас вайны); а пасля кожнага працоўнага дня ўжо на пашыраным сходзе падводзіліся вынікі і вызначаліся планы на наступны дзень. Вось так кімаўцы перамаглі суседні калгас у сацыялістычным спаборніцтве.
Аўтар нататкі аб хатах-чытальнях падзяліўся вынікамі паездкі ў Пухавіцкі раён, якія аказаліся несуцяшальнымі. У мястэчку Пухавічы ніхто з сустрэчных прахожых не змог расказаць, дзе знаходзіцца хата-чытальня. У сельсавеце пад яе адвялі прахадны няўтульны пакой, у якім холадна і цёмна. Газеты складзены ў беспарадку ў шафе. Зразумела, чаму сюды ніхто не прыходзіць. Не лепш ідзе справа і ў Турынскай хаце-чытальні, і, верагодна, у 12-ці іншых чытальнях раёна. Хата-чытальня павінна быць цэнтрам культурна-адукацыйнай работы ў вёсцы, памочнікам партарганізацыі і сельсавета, у тым ліку і пры вырашэнні гаспадарчых задач. Тут можна арганізаваць чытанні свежых газет, гурткі самадзейнасці, праводзіць лекцыі на актуальныя тэмы (сіламі вясковай інтэлігенцыі) з іх наступным абмеркаваннем.
А ў Мінску на канец сакавіка запланаваны рэспубліканскі агляд мастацкай самадзейнасці. На раённых і абласных аглядах ужо вызначаны калектывы, якія прыедуць у сталіцу. (Па матэрыялах газеты «Звязда», № 45).
Да Перамогі заставалася 63 дні ...