2 сакавіка 1945 года. 68 дзён да Перамогі
Звесткі з фронту. Прыярытэты ў падрыхтоўцы да веснавых палявых работ. Абавязацельствы машынна-трактарных станцый. Школы спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Курсы пры Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна. Газеты: “Советская Белоруссия” (№ 41, 42), “Звязда” (№ 41, 43), “Совецкая Радзiма” (Бабруйская вобласць (№ 33).
Звесткі з фронту працягваюць радаваць. Чырвоная армія вядзе баі па знішчэнні акружанай групоўкі праціўніка ў Брэслаў. З кожным днём лінія фронту адыходзіць усё далей на захад, няўхільна набліжаючыся да жыццёвых цэнтраў і сэрца гітлераўскай Германіі. “Чырвоная армія дэманструе ўсяму свету трыумф ваеннага мастацтва, творчы ўзлёт ваеннай думкі, уменне біць праціўніка напэўна” – гэта радкі з перадавога артыкула, прысвечанага ваеннаму майстэрству нашай арміі, яе поспехам у барацьбе з нямецкімі захопнікамі (“Советская Белоруссия”, № 41; “Звязда”, № 41).
На беларускай зямлі паўнамаштабна працягваецца аднаўленне разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Галоўная ўвага мірнага насельніцтва накіравана на ўсебаковую падрыхтоўку да веснавых палявых работ. Сярод найважнейшых прыярытэтаў – абнаўленне аўтапаркаў трактароў і сельскагаспадарчых машын, павелічэнне норм выпрацоўкі. Калектывы машынна-трактарных станцый (МТС) актыўна ўзяліся за выкананне гэтай першачарговай задачы і ўключыліся ва ўсебеларускае спаборніцтва працаўнікоў МТС, якое рагарнулася па пачыне Прапойскай МТС Магілёўскай вобласці (“Совецкая Радзiма”, Бабруйскай, цяпер ліквідаванай, вобласці, № 33). У гэты дзень на сходзе работнікаў Заслаўскай МТС узяты абавязацельствы выпрацаваць на кожны 15-цісільны трактар не менш за 500 гектараў, ашчадзіць 10% паліва і 5% змазачных матэрыялаў (“Звязда”, № 43). Высокія абавязацельствы пачалі браць і іншыя МТС рэспублікі. На пасяджэнні савета Крупскай МТС прынята рашэнне адбудаваць яе сваімі сіламі. У генеральным плане – узвядзенне не толькі ўсіх вытворча-гаспадарчых будынкаў, але і жылых дамоў, крамы, бібліятэкі і клуба.
Ідзе актыўная падрыхтоўка да сяўбы кок-сагызу. Да вайны калгасы рэспублікі засявалі вялікія плошчы гэтай найкаштоўнейшай тэхнічнай культурай і штогод здавалі дзяржаве тысячы тон каштоўнай сыравіны, з якой здабываўся каўчук. Наркамзёмам БССР арганізуюцца курсы па падрыхтоўцы брыгадзіраў і звенавых каучукаводаў (“Советская Белоруссия”, № 41). Працуюць таксама школы, якія рыхтуюць для калгасаў іншых спецыялістаў сельскай гаспадаркі (“Звязда”, № 41).
Значныя падзеі адбываюцца ў культурным жыцці насельніцтва. У Баранавіцкай вобласці (цяпер ліквідавана) скончаны абласны агляд мастацкай самадзейнасці. У ім удзельнічалі лепшыя самадзейныя калектывы і індывідуальныя выканаўцы з 12 раёнаў. Асабліва былі адзначаны хор вёскі Вялікае Падлессе і аркестр сям'і Андрушэвіч (“Звязда”, № 43).
Адбываюцца падзеі і ў бібліятэчнай сферы. “Советская Белоруссия” (№ 41) інфармуе аб аднаўленні 172 хат-чытальняў у Брэсцкай вобласці. Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У.І.Леніна набірае слухачоў на двухмесячныя курсы. Будучым бібліятэкарам прадастаўляюцца стыпендыя і інтэрнат.
Тэатрам імя Я. Купалы аб'яўлены прыём у драматычную студыю з двухгадовай праграмай навучання. На сцэне сталічных тэатраў і кіно ў гэты дзень ідуць розныя музычныя і драматычныя пастаноўкі, а таксама кінафільмы: опера “Алеся” (на сцэне Дома Чырвонай арміі), фільмы “Іван Грозы” (к/т “Першы”), “У старым Чыкага” (к/т “Беларусь”), “Чалавек з ружжом” (для дзяцей) і “А шостай гадзіне вечара пасля вайны” (для дарослых) (у дзіцячым к/т “Радзіма”) (“Советская Белоруссия”, № 42).
Мірнае жыццё рэспублікі працягвае наладжвацца. Да Перамогі засталося 68 дзён...