Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description

10 сакавіка 1945 года. 60 дзён да Перамогі

Узяцце горада Штольп. Мірныя клопаты БССР. Адраджэнне конегадоўлі. Бібліятэчныя навіны. Аднаўленне дзіцячых санаторыяў. Газеты: "Звязда" (№ 47), "Советская Белоруссия" (№ 46).

Ва Усходняй Памераніі войскі 2-га Беларускага фронту авалодалі горадам Штольп – важным транспартным вузлом і апорным пунктам абароны. Пра наступленне нашых войскаў у Германіі падрабязна паведамляецца і ў аператыўнай зводцы Саўінфармбюро, і ў артыкулах карэспандэнтаў ТАСС. Саюзная авіяцыя буйнымі сіламі здзейсніла налёты на заводы па вытворчасці бензолу і сінтэтычнага паліва ў Руры, на танкавыя заводы ў Касэлі (“Звязда”, № 47, “Советская Белоруссия”, № 46).

20200226_140439.jpg

Пакуль працягваецца наступленне нашых войскаў у Германіі, у БССР вядуцца работы па нарыхтоўцы і вывазцы лесу, востра ставіцца пытанне аб падрыхтоўцы спецыялістаў для будаўнічай галіны. Ідзе актыўная падрыхтоўка да веснавой сяўбы, часткай якой з'яўляецца турбота аб жывых "трактарах" – конях. У выдадзенай у пачатку 1945 г. брашуры "Аб мерах па павелічэнню пагалоўя коней і палепшанню за імі догляду і ўтрымання ў калгасах і саўгасах" гаворыцца пра тое, што за час акупацыі пагалоўе коней рэзка скарацілася, пагаршэнне ўмоў утрымання прывяло да хвароб; племянное пагалоўе часткова знішчана, часткова вывезена ў Германію. Далей у некалькіх раздзелах прыведзены меры па адраджэнні галіны. Кадравую праблему пакліканы быў вырашыць Гомельскі конегадоўчы заатэхнікум. Таксама былі прадугледжаны спецыяльныя надбаўкі і прэміі за эфектыўную працу па ўтрыманні і вырошчванні коней. (Кніга захоўваецца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі).

У гэты дзень былі апублікаваны і бібліятэчныя навіны. У студзені 1945 г. у Радашковічах (Маладзечанскі раён Мінскай вобласці) была арганізавана бібліятэка, якая цяпер становіцца ўсё больш папулярнай сярод насельніцтва, фонд яе налічвае больш за тысячу кніг, а нядаўна сюды з Ленінграда даслалі мастацкую класіку; таксама для 18-ці хат-чытальняў раёна ўкамплектаваны невялікія бібліятэчкі папулярнай літаратуры.

А Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У.І. Леніна размясціла аб'яву аб вакансіі – ёй "патрабуюцца на пастаянную працу: бібліятэкары, памочнікі бібліятэкараў, бібліятэчныя тэхнікі, сакратар, галоўны бухгалтар, машыністка, экспедытар, вартаўнікі, прыбіральшчыцы, гардэробшчыцы і дворнік" ("Советская Белоруссия", № 46).

Цікавы матэрыял аб некаторых мерах па аднаўленні здароўя дзяцей ёсць у газеце "Звязда" (№ 47). Да вайны ў БССР была сфарміравана шырокая сетка лекавых санаторыяў. Пасля вызвалення гэтыя ўстановы паступова пачалі аднаўляцца. Так, у Астрашыцкім Гарадку Мінскай вобласці абноўлены і працуе дзіцячы санаторый на 60 месцаў для лячэння туберкулёзу; падобныя санаторыі, але ўжо па 200 месцаў, плануецца адкрыць у Новай Ельні Дзятлаўскага раёна Баранавіцкай вобласці (цяпер Гродзенскай) і ў Свірскім раёне; таксама да канца года плануецца адкрыць на беразе маляўнічага возера Свір у Маладзечанскай вобласці (цяпер Мінскай) санаторый для лячэння нервовых захворванняў. У Мінску аднавіў сваю працу Інстытут туберкулёзу (сёння гэта Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр пульманалогіі і фтызіятрыі, які у 2018 годзе адзначыў сваё 90-годдзе).

Да Перамогі заставаўся 60 дзён...