1 сакавіка 1945 года. 69 дзён да Перамогі
Наступальныя баі Чырвонай арміі ў Памераніі. Выкананне планаў нарыхтоўчых работ. Аб'яднанне сялянскіх гаспадарак у калгасы. Фонды дапамогі сем'ям воінаў-вызваліцеляў і дзецям-сіротам. Газеты: «Звязда» (№ 41, 42), «Советская Белоруссия» (№ 42), «Чырвоны сцяг» (Давыд-Гарадоцкі раён (№ 9), «Ленінскі шлях» (Горацкі раён (№ 17).
Першы дзень вясны 1945 года прынёс новыя радасныя весткі з фронту. Чырвоная армія ў наступальных баях на тэрыторыі Памераніі дасягнула пераможных вынікаў: за дзень падбіта і знішчана 62 нямецкіх танкі, у паветраных баях і агнём зенітнай артылерыі збіта 39 самалётаў праціўніка. Сваімі баявымі дзеяннямі аказваюць дапамогу Чырвонай арміі саюзныя войскі. У ноч на 1 сакавіка англійскія самалёты «Маскіта» падвергнулі бамбардзіроўцы Берлін, Нюрнберг і Мюнхен. Днём звыш 1200 амерыканскіх цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў скінулі бомбы на шэраг германскіх чыгуначных цэнтраў. («Звязда» (№ 42).
Насельніцтва вызваленай Беларусі, у прадчуванні блізкай перамогі, накіроўвае ўсе намаганні на дапамогу фронту і аднаўленне народнай гаспадаркі. Чырвоная армія на чацвёртым годзе вайны, дзякуючы клопатам калгаснага сялянства, не адчувае недахоп харчавання. Актыўна і з поўным усведамленнем сваіх абавязкаў перад Радзімай сельскія жыхары імкнуцца датэрмінова выконваць планы яго нарыхтоўкі. Сялянамі Аюцэвіцкага сельсавета Мірскага раёна (цяпер Карэліцкі) за два папярэднія дні выкананы квартальны план мясанарыхтовак. У стадыі заканчэння работ па здачы мяса знаходзяцца сяляне іншых сельсаветаў (Жукоўскага і Слабадскога). Асобныя жыхары (Рушэцкі і Саковіч) разлічыліся з дзяржавай за ўвесь 1945 г. («Советская Белоруссия», № 42)
Разгортваецца першая пасля вызвалення ад акупацыі веснавая пасяўная кампанія. Галоўным стратэгічным рэсурсам з'яўляецца дабраякасны насенны матэрыял. Паміж калгасамі ідзе актыўны абмен насеннем, зроблена вялікая работа па іх падрыхтоўцы да веснавой сяўбы. («Ленінскі шлях», № 17). У гэтай жа газеце надрукаваны рэкамендацыі прафесара Мядведскага «Як павялічыць выхад пасадачнага матэрыялу бульбы», адрасаваныя ў першую чаргу гаспадаркам, якія адчуваюць недахоп у гэтай культуры.
Сяляне працягваюць аб'ядноўвацца ў калгасы. У гэты дзень у Зельвенскім раёне Гродзенскай вобласці ўступіла ў калгас 51 гаспадарка. У цэлым па вобласці арганізавана 6 новых калгасаў. Створаным калектывам дадаткова выдзяляюцца землі. На 400 гектараў пашырыў свае зямельныя ўладанні арганізаваны калгас «Перамога» Шчучынскага раёна. («Звязда», № 41).
Для сельскіх жыхароў узводзяцца новыя жылыя дамы. У калгасах Магілёўшчыны на гэтых работах занята 766 будаўнічых брыгад.
Жыхары вёскі Велямічы Давыд-Гарадоцкага раёна (цяпер Столінскі) стварылі фонд дапамогі сем'ям чырвонаармейцаў, партызан, дзецям-сіротам і на старонках газеты «Чырвоны сцяг» за 1 сакавіка звяртаюцца да ўсіх працоўных раёна з заклікам прытрымлівацца іх прыкладу.
Да Перамогі засталося 69 дзён ...