20 сакавіка 1945. 50 дзён да Перамогі
Узяцце порта Кольберг на Балтыйскім моры. Авіяналёты. Планаванне абнаўлення вёсак. Планы Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Аповед аб працы ў Нямеччыне. Газета “Звязда” (№ 52).
Галоўная навіна з фронту, як заўсёды, дадзена буйнымі літарамі ў правым верхнім куце 1-й старонкі. На гэты раз савецкія войскі цалкам авалодалі горадам і портам на Балтыйскім моры Кольберг, зламаўшы супраціў акружанага гарнізона. Пры гэтым каля 6 тысяч нямецкіх салдат здаліся ў палон. Сярод трафеяў – 4 дзясяткі танкаў і самаходных гармат, 100 гармат, 48 паравозаў і 22 чыгуначныя эшалоны. Працягваюцца баі ў Брэславе з акружаным гарнізонам войскаў Нямеччыны – тут часткам Чырвонай арміі даводзіцца пераадольваць завалы, барыкады, мінныя загароды, адбіваць атакі, уступаць у рукапашныя сутычкі. Самалёты нашай авіяцыі бамбілі ваенна-прамысловыя аб'екты ў Данцыгу, а караблі Балтфлоту патапілі 4 нямецкія транспарты.
Таксама на 1-й старонцы – артыкул пра абнаўленне вёсак і жылога фонду. У прыклад ставіцца актыўная праца ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, дзе за некалькі месяцаў адбудавана больш за 120 тысяч дамоў. А на 3-й – падрабязнае апісанне і схемы будаўніцтва сядзібы калгасніка: агульная план-схема; план размеркавання на ўчастку (тэрыторыі сядзібы) жылога дома, гаспадарчых пабудоў, саду і агарода; унутраная планіроўка жылога дома і гаспадарчага хлява з указаннем колькасці будаўнічага матэрыялу.
У газеце нададзена ўвага публікацыям. Так, на 2-й старонцы – разгорнуты каментар на артыкул аб польска-нямецкіх нацыяналістах з часопіса Дзяржаўнага выдавецтва БССР “Блакнот агітатора” (№ 5), а на 4-й – планы гэтага выдавецтва на 1945 год. Толькі марксісцка-ленінскай літаратуры плануецца выдаць больш за 70 найменняў. У планах – школьныя падручнікі, палітычная, сельскагаспадарчая, навуковая і тэхнічная літаратура, выданні па мастацтве, кнігі для дзяцей. Прадставім некаторыя з іх. Гэта “Асновы агратэхнікі пладовага саду” Г.А. Шпанько, “Вершы для дзяцей” Якуба Коласа, зборнік вершаў для дзяцей “Арлянятам” Янкі Купалы і многія іншыя.
У газетах ужо на працягу некаторага часу з'яўляецца аб'ява Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета пра тое, што на сцэне ідзе “Мадам Батэрфляй” Дж. Пучыні. І вось – вялікая рэцэнзія (у далейшым вядомага) кампазітара П. Падкавырава аб пастаноўцы. Падсумоўваючы свой аналіз, аўтар выказаў пажаданне, каб са сцэны гучалі сучасныя оперы беларускіх кампазітараў і руская класіка. Адзін з момантаў гэтай пастаноўкі адлюстраваны на фота, размешчаным над рэцэнзіяй.
Яшчэ адзін матэрыял, які не пакіне нас абыякавымі, – аповеды юнакоў і некалькіх дзяўчат, якія былі прымусова вывезены на працу ў Нямеччыну і толькі што вярнуліся адтуль. Тысячы і тысячы беларусаў, украінцаў, рускіх вяртаюцца дадому. У невялікай кніжачцы Дзяржаўнага выдавецтва БССР, выпушчанай восенню 1945 года (“Аб рэпатрыяцыі грамадзян СССР”), – інтэрв'ю ўпаўнаважанага Саўнаркама СССР па справах рэпатрыяцыі генерал-палкоўніка Ф.І. Голікава аб ходзе вяртання грамадзян СССР на радзіму і іншыя матэрыялы. З усімі названымі кнігамі можна азнаёміцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
А да Перамогі застаецца яшчэ 50 дзён...