17 сакавіка 1945. 53 дні да Перамогі
Зводкі Саўінфармбюро. Аб налётах саюзнай авіяцыі. Каровы як цяглавая сіла. На камбінаце “Спартак” адноўлена работа цукровага цэха. Газеты: “Віцебскі рабочы” (№ 26), “Гомельская праўда” (№ 52).
У зводках Саўінфармбюро за 15 сакавіка (“Гомельская праўда”, № 52) паведамляецца, што Чырвоная армія, працягваючы наступленне, заняла некалькі населеных пунктаў недалёка ад Кёнігсберга. У раёне венгерскага возера Балатон нямецкая пяхота і танкі атакавалі пазіцыі савецкіх войскаў, але былі адбіты. Цяжкія бамбардзіроўшчыкі савецкай арміі здзейснілі налёт на чыгуначны вузел і аэрадром у Веспрэме (Венгрыя). Самалёты Балтыйскага флоту ў паўднёвай частцы Балтыйскага мора патапілі 5 нямецкіх транспартаў, яшчэ 1 транспарт быў затоплены ў гавані Кольберга з берага – па ім адкрылі прыцэльны агонь артылерысты. Амерыканскія бамбардзіроўшчыкі бамбілі бранятанкавыя заводы ў Гановеры, нафтаачышчальныя заводы ў Місбургу і Ніенгагене, порт у Галандыі і іншыя аб’екты.
Злева, у суседняй калонцы, – матэрыял пад назвай “Поўнасцю вывезці на палі ўгнаенні” – аўтар перадавіцы нагадвае даўнюю сялянскую прыказку “Больш зямлю ўдабрай – вышэй будзе ўраджай”. А на 2-й старонцы сакратар Лоеўскага райкама падзяліўся вопытам выкарыстання кароў у якасці цяглавой сілы: у гаспадарках яны заняты на ворыве, вывазцы гною на палі, лесаматэрыялаў і драўніны з лесу для будаўніцтва жылля. З 15 сакавіка на камбінаце “Спартак” пачаў працаваць цукровы цэх, прычым работа наладжана кругласутачна, у тры змены, штодня адсюль выходзіць 5 тон цукру. (Хто з жыхароў сучаснай Беларусі не ведае гэты брэнд? Сёння “салодкая” (і смачная) прадукцыя “Спартака” вядома ў многіх краінах свету.) Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці адбірае работы вышывальшчыц, ткачых, скульптараў, разьбяроў па дрэве, якія займаюцца ў студыі выяўленчага мастацтва і гуртках вобласці, на рэспубліканскую выставу. І гэты цэнтр працягвае сваю гуманітарную працу і сёння!
Студэнты гістарычнага і гісторыка-літаратурнага факультэта Гомельскага педінстытута ачышчалі пляцоўку пад будаўніцтва. У гэтай жа навучальнай установе паспяхова завяршылася зімовая сесія ў студэнтаў завочнага аддзялення.
У газеце “Віцебскі рабочы” (№ 26) таксама надрукаваны зводкі з фронту. Больш за палову першай газетнай старонкі займае публікацыя пра сход партыйнага актыву Віцебскай вобласці. Другая старонка прысвечана розным тэмам пасяўной кампаніі: падрыхтоўцы насення, выкарыстання торфу ў якасці ўгнаення і іншым. У адным з калгасаў коні не гатовы да палявых работ. Каваль іншага калгаса з раніцы да ночы стукае ў сваёй кузні, рыхтуючы інвентар. Яшчэ адна цікавая нататка – пра пабыўку героя Савецкага Саюза лётчыка Міхаіла Мікалаевіча Ткачэнкі ў сваіх родных Бешанковічах. У гонар яго прыезду калгаснікі вырашылі пабудаваць яго маці новы дом. Падчас суботніка былі нарыхтаваны і прывезены з лесу матэрыялы, будаўніцтва ўжо пачата.
А да Перамогі – 53 дні…