26 сакавіка 1945. 44 дні да Перамогі
Масава-палітычная работа. Папяровая фабрыка "Чырвоная зорка" ў Чашніках. Газеты: "Сцяг соцыялізма" Чашніцкага раёна (№ 20), "Ленінскі шлях" Горацкага раёна (№ 21).
Газеты тых гадоў часта публікавалі матэрыялы пра масава-палітычную работу, працу агітатараў.
Пра яе важнасць на сяле піша "Сцяг соцыялізма" (№ 20) Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці. Задача агітатараў – веснавыя работы правесці ў тэрмін і на высокім узроўні. Неабходна распавесці сялянам і калгаснікам аб становішчы на фронце і плане развіцця сельскай гаспадаркі ў БССР на 1945 год, арганізаваць сацыялістычнае спаборніцтва і ўзаемную праверку выканання абавязацельстваў. А моладзь павінна стаць "запявалай у арганізацыі і правядзенні пасяўной".
Пра моладзь напісала і газета "Ленінскі шлях" Горацкага раёна Магілёўскай вобласці (№ 21) тыдзень таму, так і назваўшы перадавы артыкул – "Масава-палітычная работа сярод моладзі ў перыяд падрыхтоўкі да веснавой сяўбы". Працу гэту павінен узначаліць камсамольскі актыў разам з аграномам, заатэхнікам, перадавікамі калгасу. Кожны працэс падрыхтоўкі да палявых работ – рамонт інвентару, падрыхтоўка насення, збор і вываз на палі ўгнаенняў, падрыхтоўка цяглавой сілы – вымагае аргументаванай размовы з калгаснікамі і моладдзю; ад правільнага выканання кожнага з гэтых працэсаў наўпрост залежыць, з якім ураджаем краіна будзе жыць у наступным годзе. Камсамольцы таксама павінны “аказаць дапамогу хатам-чытальням у разгортванні агітацыйна-масавай работы сярод калгаснікаў, арганізацыі гурткоў па вывучэнні аграноміі і заатэхнікі. Пры школах і хатах-чытальнях [трэба] стварыць гурткі мастацкай самадзейнасці, практыкаваць іх выступы ў калгасах, суправаджаць такія выступы гутаркамі аграномаў і заатэхнікаў".
"Сцяг соцыялізма" (№ 20) Чашніцкага раёна размясціў матэрыял аб папяровай фабрыцы "Чырвоная зорка" ў Чашніках, ад якой пасля ваенных дзеянняў засталіся толькі руіны. Пасля іх расчысткі прыйшлося аднаўляць вузкакалейную чыгунку, якая вядзе ад фабрыкі, рамантаваць матавозы і ваганеткі, шлюзы, турбіны, масты і каналы, станкі, механічную кузню і лесапілавальны цэх. Аднаўленчыя працы маглі праходзіць хутчэй, калі б дапамаглі суседнія калгасы. (Толькі ў верасні 1945 года фабрыка выпусціла першую прадукцыю. Дарэчы, гэта фабрыка, якая вядзе сваю гісторыю з 1886 года і сёння ў працы! Знаходзячыся ў складзе Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната, яна выпускае розныя віды папяровых вырабаў (мяшкі, кардонныя скрыні, упакоўку і многае іншае) – заўв. аўт.).
А да Перамогі заставалася 44 дні...
.