24 сакавіка 1945. 46 дзён да Перамогі
Фарсіраванне Рэйна саюзнымі войскамі. Конегадоўля ў Пухавіцкім раёне. На Гомельскім участку Беларускай чыгункі. Дзіцячыя дамы. Газеты: "Звязда" (№ 55, 56), "Советская Белоруссия" (№ 54, 55).
У гэты дзень 75 гадоў таму адбылася значная падзея на Заходнім фронце – вялікімі сіламі і шырокім фронтам танкавыя і пяхотныя часткі саюзнікаў фарсіравалі Рэйн, а на яго ўсходнім беразе быў высаджаны шматлікі дэсант. "Наступленню папярэднічала зруйнавальная паветраная бамбардзіроўка, якая прыняла нябачаныя маштабы". Аперацыю падтрымліваў і ваенна-марскі флот (“Советская Белоруссия”, № 55, с. 4). Фарсіраванне Рэйна адкрыла саюзным войскам дарогу для далейшага магутнага наступлення.
У БССР працягвалася аднаўленне народнай гаспадаркі. Крытычныя матэрыялы, апублікаваныя ў газетах, не заставаліся па-за ўвагай. У рубрыцы "Па слядах выступленняў «Советской Белоруссии»" гаворыцца пра тое, што нядаўна ў газеце быў апублікаваны артыкул "Злачыннае стаўленне да конегадоўлі", дзе прыводзіліся абуральныя факты адсутнасці клопату пра коней у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці (“Советская Белоруссия”, № 54, с. 2). (Вядома, гаворка тады не вялася аб беражлівым стаўленні да навакольнага асяроддзя і жывёл – ішла вайна, кожны конь быў на рахунку як сіла, патрэбная на розных работах, як "баявая адзінка" на пасяўным "фронце", ад якой залежаў і будучы ўраджай, і забяспечанасць хлебам салдат у арміі, работнікаў і дзяцей у тыле.) Такім чынам, як далей паведамляецца ў артыкуле, крытыка падзейнічала. На бюро Мінскага абласнога камітэта заслухалі сакратара Пухавіцкага раёна і выпрацавалі канкрэтныя меры: стварыць камiсii i неадкладна зрабіць агляд пагалоўя коней, вынікі абмеркаваць на агульных сходах калгаснікаў, растлумачыць ім, "што падзёж коней з'яўляецца вялікай падзеяй", а "асобы, вінаватыя ў гібелі коней, павінны прыцягвацца да крымінальнай адказнасці"; замацаваць усіх коней за брыгадамі, а ўнутры брыгад – за калгаснікамі, вядомымі сваім добрым стаўленнем да коней, у кожным калгасе вылучыць пасаду конюха; правесці ў раёне нараду старшынь калгасаў і конюхаў, на якой абмеркаваць меры па павелічэнні пагалоўя коней.
У газеце "Звязда" (№ 55, с. 2) апублікаваны крытычны матэрыял аб становішчы на Гомельскім участку Беларускай чыгункі. Пры рамонце вагонаў менш за ўсё звяртаюць увагу на яго якасць, гонячыся за колькаснымі паказчыкамі. Кепска арганізавана праца праваднікоў: яны не абвяшчаюць станцыі і пасажыры не ведаюць, калі ім выходзіць, праваднікі груба размаўляюць пасажырамі і не адказваюць на іх пытанні. Аўтар артыкула падсумоўвае: недахопы трэба ліквідаваць, а цягнікі і вакзалы зрабіць узорамі культуры і парадку.
Афішы тэатра і кіно ў гэты дзень аб'яўляюць аб оперных пастаноўках і кінапаказах. У памяшканні Акруговага дома Чырвонай арміі сёння ідзе опера "Алеся" Я. Цікоцкага. (На фота – легендарная беларуская спявачка, пра якую расказвае, напрыклад, кніга з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі "Ларыса Пампееўна Александроўская" (Мінск, 1945).)
На наступны дзень запланаваны дзённы канцэрт артыстаў Маскоўскай эстрады; кінагледачы могуць паглядзець фільмы "Сэрцы чатырох", "Волга-Волга", "Арынка", "Чароўнае зярнятка". Як бачым, былі арганізаваны асобныя кінасеансы для дзяцей.
Вайна асіраціла многіх з іх. На 1-й старонцы газета "Звязда" (№ 56) паведамляе аб завяршэнні рэспубліканскай нарады работнікаў дзіцячых дамоў. Тут прыведзены лічбы (па стане на 24 сакавіка): у БССР працуюць 198 дзіцячых дамоў, у якіх знаходзяцца 27 тысяч выхаванцаў, яшчэ "20 тысяч сірот выхоўваюцца ў сем'ях працоўных або ўладкаваны ў рамесныя вучэльні або школы фабрычна-завадской моладзі". "У рэспубліцы створаны Фонд камсамольскай дапамогі дзецям франтавікоў, у які паступіла больш за 1 млн рублёў" (“1418 дней Великой Отечественной войны”, с. 387). У вялікім артыкуле ў "Советской Белоруссии" (№ 55, с. 2), названым "За ўзорную працу дзіцячых дамоў", – разгорнуты агляд іх працы. Цікава тое, што пры дзіцячых дамах арганізуюцца падсобныя гаспадаркі для паляпшэння харчавання дзяцей, у большасці з іх маюцца бібліятэкі, гурткі па літаратуры і прыродазнаўчых навуках. Сярод бліжэйшых задач – адкрыць і вытворчыя майстэрні. Але галоўнае – аддзелам народнай адукацыі неабходна правесці ўлік усіх дзяцей-сірот і аддаць іх у сем'і ці дзіцячыя дамы; давядзецца таксама адкрыць новыя дзіцячыя дамы, прычым у бліжэйшыя месяцы.
Да Перамогі застаецца 46 дзён...