22 сакавіка 1945. 48 дзён да Перамогі
Калгасы БССР рапартуюць рэспубліцы пра гатоўнасць да веснавых палявых работ. Гомельскі лесатэхнічны інстытут абвясціў аб прыёме на вучобу. Паказ дакументальнага фільма «Народные мстители». Газеты: «Большэвік Палесся» (№ 27), «Віцебскі рабочы» (№ 28), «Луч» (Іўеўскі раён) (№ 17).
У мірных клопатах краіны ў гэтыя дні няма больш актуальнай задачы, чым падрыхтоўка ў поўным узбраенні да веснавой сяўбы, да ўсіх веснавых палявых работ. У газеце «Віцебскі рабочы» (№ 28) калгас імя Сталіна – адзін з перадавых у вобласці, – рапартуе аб сваёй гатоўнасці і абяцае ўтрымаць заваяванае раней першынство. У мінулым годзе калгас за высокі ўраджай і аднаўленне жывёлагадоўлі атрымаў Пераходны Чырвоны Сцяг Савета народных камісараў БССР. Такім чынам, што ж кажуць калгаснікі? Камсамольцы заняты ўгнаеннямі, выступаюць перад калгаснікамі з дакладамі, падрыхтавалі драматычныя пастаноўкі, якія на працягу палявога сезона пакажуць аднавяскоўцам. Адказныя за падрыхтоўку кароў у якасці цяглавай сілы прызвычаілі іх да культывацыі, баранавання і лёгкіх транспартных работ. Кавалі метадычна выконвалі складзены раней план рамонту інвентара, адсутнічаючыя дэталі «здабылі з разбітых нямецкіх аўтамашын і танкаў», якія засталіся пасля ваенных дзеянняў, а выканаўшы свой план на 12 дзён раней – зараз дапамагаюць суседнім калгасам. Кладаўшчык калгаса радуецца якасці пасяўнога матэрыялу: «золата, а не збожжа!» Сяляне спадзяюцца, а з імі і ўся краіна – ураджай будзе!
Артыкулы ў газеце «Большэвік Палесся» (№ 27) таксама актыўна нагадваюць пра вясну. Перадавіца заклікае «Паскорыць тэмпы вывазкі ўгнаенняў» на палі. Уся другая паласа прысвечана спаборніцтву за ўзорную работу машынна-трактарных станцый (МТС) і машынна-трактарных майстэрняў (МТМ) у БССР. А ў адказ на заклік трактарыстаў Прапойскай МТС работнікі Хойніцкай МТС да запланаванага тэрміну цалкам выканалі план рамонту. Калгаснікі калгаса імя Калініна Мазырскага раёна правялі пробны выезд: 17 добра ўкормленых коней і 8 навучаных кароў вывелі ў поле, праверылі інвентар – з 18 плугоў 1 апынуўся ўсё ж няспраўным.
Вайна нанесла страты не толькі сельскай, але і лясной гаспадарцы, – для аднаўлення лясных масіваў і правільнага выкарыстання лясных рэсурсаў патрэбны новыя кадры. Пасля вяртання з эвакуацыі Гомельскі лесатэхнічны інстытут аднаўляе сваю працу: вучні, якія атрымалі ў 1944 г. атэстаты аб сярэдняй адукацыі, могуць быць прыняты без экзаменаў на факультэт «Механізацыя лесараспрацовак і лесотранспорта» («Большэвік Палесся", № 27, с. 4).
У Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці ў доме сацыялістычнай культуры з вялікім поспехам дэманструецца новы дакументальны фільм «Народные мстители» (пра дзейнасць партызан на тэрыторыі СССР) – у першы ж дзень яго паглядзелі 500 чалавек, паведаміла газета «Луч» Ивьевского района Гродненской области (№ 17). На наступнай старонцы гэтай газеты – артыкул «Не забудземся, не даруем» з хронікай расстрэлаў жыхароў у мястэчку Іўе падчас нямецкай акупацыі, тут жа пералічаны і прозвішчы катаў.
Але жыццё працягваецца: адкрыты дзве новыя школы – у вёсцы Лукошына і вёсцы Сонтыкі. Паступова выходзяць на першы план і іншыя задачы мірнага жыцця: таварыш Цімафеева заклікае кіраўнікоў прадпрыемстваў і школ "не спачываць на лаўрах» і не сядзець «вакол у гразі», а навесці належны санітарны парадак.
Да Перамогі застаецца 48 дзён ...