Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

21 сакавіка 1945. 49 дзён да Перамогі

Дзяржаўны клопат аб агародах. Сацыялістычнае спаборніцтва за ўзорную работу МТС і МТМ. Навіны Нясвіжскага раёна. Весці з розных куткоў СССР. Газеты: «Звязда» (№ 53), «Советская Белоруссия» (№ 52), «Луч» (Іўеўскі раён) (№ 15), «Новая жизнь» (Быценскі раён) (№ 18), «Совецкая радзіма» (№ 43).

У БССР, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, клопат пра будучы ўраджай ўключаў і такі кірунак, як індывідуальнае і калектыўнае агародніцтва.

Тыдзень таму, 15 сакавіка, у газеце «Луч» Іўеўскага раёна Гродзенской вобласці (№ 15, с. 2) быў апублікаваны актуальны матэрыял пад назвай «Агароды для рабочых і служачых», дзе тлумачацца некаторыя асаблівасці Пастановы Савета народных камісараў СССР аб забеспячэнні агародамі ў бягучым годзе. У «Советской Белоруссии» (№ 52, с. 2) карэспандэнт газеты з Пінска паведаміў пра створанай пры гарадскім савеце спецыяльнай агароднай камісіі, якая адвяла пад індывідуальныя і калектыўныя агароды 115 га зямлі. Паралельна на прадпрыемствах для патрэб агароднікаў вырабляюць інвентар: рыдлёўкі, матыкі, граблі і палівачкі. Кіраўнікі прадпрыемстваў і прафсаюзныя арганізацыі палегчылі рабочым і служачым набыццё насення, а расаду хутка можна будзе купіць у спецыяльнай краме. Дзяржаўнае выдавецтва восенню 1945 г. (яна спатрэбілася для ўраджаю ўжо наступнага года), выпусціла невялікую, але карысную кніжачку   (наклад 10 000 асобнікаў), у якой змяшчаюцца парады па ўнясенню ўгнаенняў, высадцы расады, догляду за раслінамі на працягу ўсяго сезону, закладцы парніка і гэтак далей, словам, пра ўсё, што неабходна для атрымання добрага ўраджаю гародніны і зеляніны.

«Совецкая радзіма» (№ 43) аддала ўсю 2-ю старонку і частку 3-цяй вялікаму матэрыялу пра ўзмацненне сацыялістычнага спаборніцтва за ўзорную работу машынна-трактарных станцый (МТС) і машынна-трактарных майстэрняў (МТМ). Пры гэтым ставіцца задача дасягнуць пэўных вынікаў, напрыклад, знізіць не менш чым на 10% сабекошт выпускаемай прадукцыі і зэканоміць столькі ж працэнтаў рамонтных матэрыялаў. (Гэты баявы настрой перадаецца і нам, сённяшнім чытачам газеты). Умелі тады працаваць, але ўмелі і адпачываць! Створаны пры Кучынскай МТС драматычны гурток паспяхова «гастралюе» па суседніх калгасах: толькі што ў суседзяў быў арганізаваны вечар самадзейнасці і паказана пастаноўка п'есы «Родная кроў».

У Старобінскім раёне аддзелам сацыяльнага забеспячэння зроблены ўлік інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, за люты выплачана 15 503 рублі.

Аматарам гісторыі будуць цікавымі матэрыялы з Нясвіжскага раёна пад агульнай назвай «На былой памешчыцкай зямлі», якія апавядаюць аб далучэнні гэтых зямель да БССР і вызваленні іх ад акупацыі, аднаўленні замка, выратаванні абсталявання спіртавога завода «Альба», адкрыцці ў адным з будынкаў Малеўскага маёнтка Радзівілаў сямігадовай школы з бібліятэкай («Савецкая Беларусь», № 52).

І - весці з розных рэспублік і гарадоў СССР.

З Іжэўска перадаюць, што ў Удмурцкай АССР перавыкананы план нарыхтоўкі драўніны, у тым ліку прамысловым прадпрыемствам «адгружана звыш плана тысячы фестметраў авіяцыйнай бярозы і хвоі». Ва Узбекістане ў некаторых абласцях пачалі сяўбу збожжавых і цукровых буракоў, рыхтуюць зямлю пад бавоўнік. Дзяржаўныя органы на ўсходзе СССР закупілі скот для вызваленых абласцей (на фатаграфіі, якая называецца «Пераправа жывёлы праз Волгу», ледзь можна разглядзець кароў, якія пераплываць раку на баржы) («Новая жизнь» Быценскага (цяпер скасаванага) раёна, № 18). Паўночнае ўпраўленне грамадзянскага паветранага флоту СССР абвясціла аб намеры абслужыць у бягучым годзе больш за 100 рэгулярных авіяліній, якія звяжуць Ленінград і Маскву паміж сабой, а таксама гэтыя гарады з многімі абласнымі цэнтрамі («Звязда», № 53, с. 4).

«Совецкая радзіма» (№ 43) змясціла фота прафесара З. Ярмольевай за працай ў лабараторыі Усесаюзнага інстытута эксперыментальнай медыцыны. Менавіта яна стварыла новы для айчыннай фармацэўтыкі прэпарат «пеніцылін», які з восені 1944 г. сталi паспяхова ўжываць у ваенна-медыцынскай практыцы, ратуючы многіх параненых. А жыццё і навуковыя пошукі гэтай выдатнай жанчыны (нездарма замежныя калегі з павагай называлі яе «мадам Пеніцылін») натхнілі В. Каверына на стварэнне рамана «Открытая книга».

Да Перамогі заставалася 49 дзён ...