9 красавіка 1945 года. 30 дзён да Перамогі
Узяцце горада і крэпасці Кёнігсберг. Падзеі пад Гановерам і Браўншвейгам. Ход пасяўной кампаніі на палях Беларусі. Газеты: “Советская Белоруссия” (№ 64), “Звязда” (№ 65), “Віцебскі рабочы” (№ 36).
Нашы войскі, якія назапасілі сур’ёзны досвед баёў, працягваюць граміць гітлераўцаў на іх тэрыторыі. Фронт прасунуўся далёка на захад, пакідаючы за сабой вызваленыя гарады і населеныя пункты. У гэты дзень, як і ў папярэднія, па дарогах Германіі няспынна ідуць савецкія аўтамашыны, цягачы і танкі, ідуць калоны пяхоты. На кожным скрыжаванні – указальнікі “На Берлін”. Насустрач войскам рухаецца людская плынь. Гэта вяртаюцца дамоў рускія, украінцы, беларусы, вызваленыя Чырвонай арміяй з фашысцкага рабства.
Падзея дня – войскі 3-га Беларускага фронту пасля зацятых вулічных баёў завяршылі разгром Кёнігсбергскай групы нямецкіх войскаў і штурмам авалодалі крэпасцю і галоўным горадам Усходняй Прусіі Кёнігсбергам – стратэгічна важным вузлом абароны немцаў на Балтыйскім моры. За дзень баёў да 20.00 савецкія войскі ўзялі ў палон звыш 27 000 нямецкіх салдатаў і афіцэраў, а таксама захапілі вялікую колькасць узбраення і рознай вайсковай маёмасці. Рэшткі вайсковага гарнізона на чале з камендантам крэпасці і яго штабам у 21.30 спынілі супраціўленне і склалі зброю. Войскі 2-га Украінскага фронту, працягваючы наступ, занялі на тэрыторыі Чэхаславакіі больш за 40 населеных пунктаў (“Советская Белоруссия”, № 64).
Нарастае моц узгодненых удараў па ворагу на ўсіх пляцоўках баявых дзеянняў, паскараюцца тэмпы пасоўвання савецкіх і саюзных войскаў да найважнейшых жыццёвых цэнтраў Германіі. Англа-амерыканскія войскі пачалі наступленне ў Паўночнай Італіі (“1418 дней Великой Отечественной войны”, Мінск, 2014, с. 391). Асобныя часткі 9-й амерыканскай арміі абкружылі з трох бакоў горад Гановер на адлегласці 6,5 км ад яго. Іншыя часткі 9-й арміі знаходзяцца ў 30 км ад Браўншвейга. Падчас паветраных аперацый у гэты дзень знішчана на зямлі 168 германскіх самалётаў (“Віцебскі рабочы”, № 36).
У вясновай Беларусі поўным ходам ідзе аднаўленне разбураных захопнікамі аб’ектаў рознага прызначэння. Будуюцца новыя корпусы фабрык і заводаў, установа за ўстановай уваходзяць у шэраг дзейных і пачынаюць вырашаць важныя для народнай гаспадаркі задачы. Узор самаадданай і рэзультатыўнай працы паказваюць прадпрыемствы мясцовай прамысловасці і кааперацыі Маладзечанскай вобласці. На павышэнне прадукцыйнасці скіраваны ўсе сілы калектыву Заскавіцкага кафельнага завода, які значна раней і на 150 % выканаў вытворчую праграму 1-га квартала. Апроч таго, зроблена вялікая праца па нарыхтоўцы і вывазе лесаматэрыялаў, пабудавана печка для пераплаўкі свінцу, дадаткова зроблены рамонт адной з печак для пераплаўкі кафлі. Якасна працуюць слясарна-кавалёвыя майстэрні Пастаўскага раёна. Калектыў барысаўскага чыгунна-ліцейнага завода “Пралетарыят і молат” змагаецца за зніжэнне браку ў ліцці. У планах завода – выпусціць у красавіку тавары шырокага спажывання (прасы, патэльні і інш.) на 2 000 рублёў, зрабіць мантаж і здаць у эксплуатацыю да 1 Мая тры станкі: флевачны, такарны і свідравальны (“Звязда”, № 65).
Асаблівая ўвага і сілы беларускага народа скіраваны на палявыя працы. Працаўнікі вёскі разумеюць стратэгічнае значэнне дзеянняў, ад якіх залежыць будучы ўраджай. На калгасных палетках ідзе спаборніцтва за завяршэнне пасяўной кампаніі да 1 Мая. Ужо ёсць пэўныя прыклады. Завершана сяўба ранняй ярыны ў калгасе “Новае жыццё” Тульгавіцкага сельсавета Хойніцкага раёна. Тут гэта праца праведзена на высокім агратэхнічным узроўні, за што імя калгаса занесена на раённую Дошку пашаны. У Мазырскім раёне першым завяршыў сяўбу калгас “Пралетарый”. Гэтых поспехаў калгаснікі дамагліся дзякуючы разгорнутаму спаборніцтву паміж брыгадамі і звёнамі. Да ліку тых, хто ўжо пазасяваў гоні раннімі зерневымі культурамі, далучыўся і калгас імя Калініна. З ранняй раніцы да цёмнага вечара кіпіць праца ў Бабруйскай вобласці. Калгасы гэтага рэгіёна ўжо ўзаралі на выбарачных пляцоўках звыш 2 000 гектараў і пазасявалі больш за тысячу гектараў яравога кліна. На ворыве трактарныя брыгады машынна-трактарных станцый (МТС) паказваюць прыклады стаханаўскай працы (“Звязда”, № 65).
Рэспубліка працуе ў чаканні шчаслівага дня поўнага разгрома ворага, дня канчатковай перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Да Перамогі застаўся 30 дзён.