8 красавіка 1945 года. 31 дзень да Перамогі
Вызваленне гарадоў у Аўстрыі. Штурм горада і крэпасці Кёнігсберг. Весткі з Балтыйскага флоту. Вызваленне саюзнікамі нямецкіх гарадоў. Бітва за будучы ўраджай. Працоўныя пачыны і спаборніцтвы. Сяляне надзяляюцца землямі. Газеты: “Советская Белоруссия” (№ 63), “Звязда” (№№ 64, 65), “Совецкая радзіма” (№ 56).
У гэты дзень нашы войскі пачалі штурм горада і крэпасці Кёнігсберг, завяршыўшы акружэнне груповак праціўніка, якія іх абараняюць. Войскамі 3-га Украінскага фронту ў Аўстрыі вызвалены гарады Тульн і Ной-Ленгбах. За дзень бою было ўзята ў палон больш за 15 000 салдат і афіцэраў. У раёне Брэслау працягваліся баі па знішчэнні акружанай групоўкі (“Совецкая радзіма”, № 56). Радуюць весткі з Балтыйскага флоту. Авіяцыя Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту, пачаўшы 7 красавіка, нанесла ўдары па караблях і транспартах саперніка ў партах Пілау і Данцыгскай бухце. У выніку патоплена 9 нямецкіх транспартаў агульным водазмяшчэннем за 36 000 тон, адзін мінаносец, 2 вартавыя караблі, 2 хуткаходныя дэсантныя баржы. Прамым пападаннем бомбаў пашкоджаны: крэйсер, мінаносец, адзін транспарт і два тральшчыкі саперніка агульным водазмяшчэннем у 6 000 і 4 000 тон. Саюзныя войскі занялі 30 нямецкіх гарадоў і вёсак (“Звязда”, № 65).
А ў рэспубліцы разгортваецца “бітва” за будучы ўраджай. У гэты дзень у перадавых артыкулах рэспубліканскіх газет надрукаваны зварот работнікаў сельгасарцелі імя Варашылава Церахаўскага (цяпер Добрушскага) раёна Гомельскай вобласці да ўсіх работнікаў сельскай гаспадаркі Беларускай ССР “Узорна правядзём веснавую сяўбу!”. Усё насельніцтва рэспублікі ахоплена працоўным імпэтам. У рэгіёнах працягваюць узнікаць розныя працоўныя пачыны, ініцыююцца сацыялістычныя спаборніцтвы паміж калгасамі, асобнымі брыгадамі, звёнамі, перавыконваюцца дзённыя нормы. Значна перакрываюць нормы ўзворвання сельгасарцелі Старадарожскага раёна, у калгасе “Ларынаўка” Аршанскага раёна за два дні ўзарана 14 гектараў, у Чашніцкім раёне за гэты ж час засеяны 51 гектар. Працуючы па-франтавому слесары-аўтаматчыкі Стаўбцоўскага вагоннага дэпо штодня выконваюць нормы на 120–150%. Рыбакі возера Палек узялі абавязацельства перавыканаць план 1945 года па лоўлі рыбы. Калектыў Цімкавіцкай машынна-трактарнай станцыі (МТС) выклікаў на спаборніцтва працаўнікоў Слуцкай МТС. Горача адгукнуліся транспартнікі Брэст-Літоўскай чыгункі на заклік калектыву чыгуначнай станцыі Баранавічы-Цэнтральная сустрэць свята 1 мая новымі вытворчымі дасягненнямі («Советская Белоруссия», № 63).
Натхненне і самаадданасць, якімі напоўнены працоўныя будні беларускага народа, знаходзяць адлюстраванне і ў працах па адраджэнні разбураных гарадоў. З надыходам вясны аднаўленчыя работы ў іх пачынаюць разгортвацца з новай сілай. Гэтаму прысвечана публікацыя ў газеце “Звязда” “Нястомна клапаціцца пра дабрабыт нашых гарадоў”. Ён заклікае да сістэматычнасці гэтай працы, лічачы яе адной з баявых задач ліквідацыі наступстваў нямецкай акупацыі. Падкрэсліваецца важнасць мабілізацыі ўсёй грамадскасці, усяго насельніцтва гарадоў на іх аднаўленне (“Звязда”, № 64).
Падзея гэтага дня – уручэнне Беларускай ССР пераходнага Чырвонага сцяга Дзяржаўнага камітэта абароны. Урачыстая працэдура адбылася ў Мінску на нарадзе перадавікоў па рамонце трактароў, прадстаўнікоў партыйных, савецкіх арганізацый і зямельных органаў (“Звязда”, № 65).
Радасныя падзеі адбываюцца ў заходніх абласцях рэспублікі: сем'і былых батракоў і малазямельных сялян надзяляюць землямі. Актыўна ідзе гэты працэс у Пінскай вобласці. Тут 3 471 сялянская сям'я атрымала 21 938 гектараў зямлі, якая была адабраная ў іх падчас акупацыі (“Звязда”, № 64).
У Саўнаркаме БССР і ЦК КП(б)Б падведзены вынікі сацспаборніцтва прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці і прамкааперацыі за люты 1945 года (“Звязда”, № 64).
Да Перамогі засталося 31 дзень...