Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description

7 красавіка 1945 года. 32 дні да Перамогі

Вызваленне населеных пунктаў у паласе Карпатаў. Вулічныя баі ў Вене. Ваенныя дзеянні ў басейне Ціхага акіяна. Знойдзены залаты запас германскага імперскага банка. Задачы жывёлагадоўчай галіны. Нарада перадавікоў сельскай гаспадаркі. Газеты: “Советская Белоруссия” (№№ 62, 63), “Звязда” (№ 63).

На працягу дня ў паласе Карпатаў войскі 4-га Украінскага фронту з баямі занялі больш за 30 населеных пунктаў. Войскі 3-га Украінскага фронту, працягваючы наступ, выйшлі да Дуная і завязалі вулічныя баі ў паўднёвай частцы Вены. На паўночны ўсход і на поўнач ад Браціславы войскі 2-га Украінскага фронту занялі больш за 50 населеных пунктаў. У гэты час на наш бок перайшлі з поўным узбраеннем рэшткі венгерскай пяхотнай дывізіі на чале з яе камандзірам і штабам.

Вядуцца ваенныя дзеянні ў раёне Ціхага акіяна: збіта 150 японскіх самалётаў, якія здзейснілі налёт на амерыканскі порт у раёне астравоў Рукю. Больш за 300 амерыканскіх звышмагутных самалётаў “Лятаючая крэпасць” бамбардзіравалі прамысловыя аб’екты ў Токіа і Нагоі. Саюзнікамі знойдзены залаты запас германскага імперскага банка, які склаў прыкладна 100 тон у залатых злітках (“Советская Белоруссия”, № 63).

У гэты дзень на старонках газет апублікавана пастанова Саўнаркама СССР і ЦК ВКП(б) “Аб дзяржаўным плане развіцця жывёлагадоўлі ў калгасах і саўгасах на 1945 год”. Гэтая галіна набыла асабліва важнае значэнне для рэспублікі, так як панесла цяжкія страты за гады нямецкай акупацыі: сотні тысяч галоў жывёл вывезена ў Германію або знішчана на месцы. Спалены тысячы жывёлагадоўчых памяшканняў, разбураны калгасныя фермы. Знішчана таксама пчалярства і птушкагадоўля. Пастанова стала па сутнасці “баявой” праграмай аднаўлення жывёлагадоўчай галіны (“Советская Белоруссия”, № 62).

Радуюць весткі з палёў: у розных рэгіёнах рэспублікі на абсохлых участках узорваюцца і засяваюцца вялікія плошчы. Не выпускаюцца з-пад увагі і азімыя пасевы: праводзіцца іх баранаванне і падкормка. У палявых работах максімальна задзейнічаны машынна-трактарныя станцыі (МТС) і цяглавая сіла. Для гаспадарак, якія ў выніку нямецкай акупацыі апынуліся без коней, пры некаторых МТС ствараюцца конна-пракатныя пункты. У многіх вёсках Пінскай вобласці разгарнулася агітацыя за выкарыстанне ў палявых работах малапрадуктыўных кароў (“Звязда”, № 63).

Вопыт работы па падрыхтоўцы і своечасовым заканчэнні сяўбы – галоўная тэма нарады перадавікоў сельскай гаспадаркі, якія сабраліся ў гэты дзень у Магілёве. Удзельнікі ад імя калгаснікаў вобласці ўступілі ў сацыялістычнае спаборніцтва за атрыманне высокага ўраджаю з калгасамі Віцебскай вобласці (“Звязда”, № 63).

Шырокі творчы шлях адкрываецца для садаводаў. Садоўніцтва разглядаецца як даходная галіна сельскай гаспадаркі, таму вялікая роля ў яго аднаўленні і развіцці адводзіцца гадавальнікам пладовых дрэў. Газета “Советская Белоруссия” (№ 62), якая выйшла ў гэты дзень, знаёміць з вопытам работы дырэктара пладова-ягаднага гадавальніка імя Мічурына. Добры спецыяліст і энтузіяст сваёй справы, ён распавядае пра развіццё садаводства ў Мірскім раёне Баранавіцкай вобласці, дзеліцца бліжэйшымі планамі.

Прэзідыум Акадэміі навук БССР разгледзеў план навукова-даследчых работ водагаспадарчага сектара, намеціў на 1945 год распрацоўку праблемы выкарыстання малых рэк рэспублікі.

Школьнікі ўдзельнічаюць у аднаўленчых работах. У Барысаве старшакласнікі дапамагаюць ліквідаваць наступствы трохгадовага гаспадарання акупантаў. Пасля заняткаў яны разам з настаўнікамі ідуць на будаўніцтва спаленага моста праз Бярэзіну.

Беларускі політэхнічны інстытут паведамляе, што працягваецца прыём былых студэнтаў. А 17-й гадзіне пачынаюцца ўступныя экзамены ў Рэспубліканскае харэаграфічнае вучылішча.

У сталіцы Дзяржаўны тэатр оперы і балета ўвечары прапануе прэм’еру оперы “Мадам Батэрфляй” (“Советская Белоруссия”, № 62).

Да Перамогі засталося 32 дні…