6 красавіка 1945 года. 33 дні да Перамогі
Перамога Чырвонай арміі пад Гданьскам. Вызваленне населеных пунктаў у паласе Карпатаў. Вясновая пуціна. Аднаўленчыя працы ў гарадах. Тэатры рыхтуюцца да летняга сезона. Газеты: “Советская Белоруссия” (№№ 61, 62), “Звязда” (№ 62).
Нягледзячы на зацятае супраціўленне, германскія войскі церпяць паразу за паразай. Цягам дня войскі 2-га Беларускага фронту вядуць баі па вынішчэнні рэштак абкружанай нямецкай групоўкі на ўсходзе і паўднёвым усходзе ад Гданьска. У паласе Карпат войскі 4-га Украінскага фронту, наступаючы супольна з чэхаславацкімі саюзнікамі, вызвалілі больш за 30 населеных пунктаў. Войскі 2-га Украінскага фронту занялі 50 населеных пунктаў. Саюзнікі прасунуліся на 48 км на ўсход ад Рэйна. Югаслаўскія войскі вызвалілі Сараева, сталіцу Босніі і Герцагавіны (“Советская Белоруссия”, № 62)
На Беларусі разгортваецца шырокамаштабная пасяўная. У гэты дзень газета “Советская Белоруссия” (№ 61) у адмысловай рубрыцы “На палях рэспублікі” змясціла рэпартаж пра ход пасяўных работ у розных рэгіёнах.
Пачынаецца і вясновая пуціна. Рыбакі заканчваюць падрыхтоўку сетак і інвентару для вясновага лову. Ужо прыведзены ў парадак 107 невадоў, 1 800 стаўных сетак, 400 лодак і іншы інвентар. Дзясяткі рыбацкіх брыгад выехалі на рэкі і азёры, якія ачысціліся ад лёду. Сярод першых вынікаў – 200 пудоў рыбы, вылаўленых рыбакамі Пінскай вобласці, 380 пудоў буйной рыбы, здабытай на азёрах Полацкай вобласці (“Звязда”, № 62).
З наступленнем цёплых дзён актывізаваліся аднаўленчыя працы. Яны ідуць на прамысловых прадпрыемствах, на розных аб’ектах у гарадах рэспублікі (“Советская Белоруссия”, № 61; “Звязда”, № 62). На адраджэнне Магілёва штодня пасля працы выходзяць сотні валанцёраў. І ў гэты дзень на вуліцах горада разбіраюць руіны, чысцяць цэглу, рыхтуюць будаўнічыя пляцоўкі. Дзякуючы такой самаадданай працы вылучаныя Саўнаркамам БССР на аднаўленне горада звыш 2 млн рублёў могуць быць асвоены датэрмінова. У Мінску аднаўляецца Цэнтральная паліклініка і двое дзіцячых ясляў. Плануюцца будаўнічыя змены ў паліклініцы № 3. Сума асігнаванняў на гэтыя працы склала 1 550 руб. На выставе, адкрытай 5 красавіка ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя В.І. Леніна, грамадскасць Мінска можа пазнаёміцца з усімі варыянтамі праектаў, якія красамоўна кажуць пра грандыёзны размах хуткага будаўніцтва ў сталіцы БССР.
Працягваюць аднаўляць і будаваць жылыя дамы ў сельскай мясцовасці. У газеце “Звязда” (№ 62), якая выйшла ў гэты красавіцкі дзень, апублікаваны парады архітэктараў па арганізацыі ўнутранай прасторы і архітэктурным афармленні новых дамоў.
Насычана падзеямі культурнае жыццё. У Брэсце завяршыўся абласны агляд мастацкай самадзейнасці. Лепшым выканаўцам і кіраўнікам самадзейных гурткоў прысуджаны індывідуальныя прэміі і граматы. 8 калектываў і асобныя выканаўцы адабраны для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе.
Тэатры рэспублікі рыхтуюцца да летняга сезона: абдумваецца рэпертуар, распрацоўваецца план гастроляў. Канцэртныя брыгады артыстаў адправяцца ў раёны рэспублікі для абслугоўвання сельскіх жыхароў падчас сяўбы. Дзяржаўны тэатр оперы і балета падрыхтаваў для паказу оперу “Мадам Батэрфляй”, Беларускі драматычны тэатр імя Я. Купалы – прэм’еру “Вечар камедыі”. Рэспубліканскае харэаграфічнае вучылішча БССР аб’яўляе пра дадатковы набор.
У поўную сілу працуюць сталічныя кінатэатры “Беларусь”, “Першы”, “Радзіма” і дзіцячы кінатэатр, у якіх 6 красавіка дэманструюцца кінастужкі “Нашэсце”, “Эдзісон”, “Мая любоў”, “Падкідыш”.
У гэты дзень мінула 15 гадоў з моманту заснавання самай высокай узнагароды Савецкага Саюза – ордэна Леніна. За гэты час узнагароджаны 42 866 чалавек, самыя выдатныя прадпрыемствы, навукова-даследчыя ўстановы, вайсковыя часці. Ордэнам Леніна былі ўганараваны і рэспублікі: Азербайджанская, Беларуская, Грузінская, Узбекская ССР (“Советская Белоруссия”, № 62).
Да Перамогі засталося 33 дні…