Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

31 сакавіка 1945 года. 39 дзён да Перамогі

Указ аб узнагароджанні ордэнам “Перамога”. Наступленне саюзнікаў. Зварот сялян Гродзенскай вобласці. Набор на рабочыя спецыяльнасці. Гастролі Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР. Газеты: “Звязда” (№ 59), “Советская Белоруссия” (№ 58), “Гродненская правда” (№ 43).

У газетах у гэты дзень апублікаваны Указ аб узнагароджанні будучых маршалаў Перамогі – І. Конева, Г. Жукава, К. Ракасоўскага – ордэнам “Перамога”. Войскі 2-га Беларускага фронту наступаюць на Браціслаўскім напрамку, войскі 3-га Украінскага паспяхова ваююць у Венгрыі.

З Лондана паведамляюць, што “з меркаванняў бяспекі” не публікуюцца паведамленні аб аперацыях, распачатых войскамі пад камандаваннем фельдмаршала Б. Мантгомеры, гаворыцца толькі пра тое, што начамі экспедыцыйныя сілы працягваюць паспяховае наступленне. У нататцы “Падрабязнасці капітуляцыі Мангейма” гаворыцца, што здалі гэты буйны прамысловы цэнтр па тэлефоне. Амерыканскія войскі, увайшоўшы ў горад, пачалі прасоўвацца па ім. “Амерыканскі салдат пачуў у адной з устаноў тэлефонны званок” і ўзяў трубку: тэлефанаваў гарадскі чыноўнік, які папрасіў спыніць стральбу, паколькі ў горадзе няма нямецкіх салдат. Неўзабаве з вокнаў былі вывешаны белыя флагі. Так горад паведаміў аб сваёй капітуляцыі (“Звязда”, № 59“Советская Белоруссия”, № 58).

Газета “Звязда” (№ 59, с. 2) апублікавала матэрыял аб узнагароджанні шматдзетных маці ордэнамі і медалямі, нататку пра збор сродкаў у Магілёўскай вобласці на танкавую калону “Ляснік Беларусі” (рабочыя і служачыя лясных гаспадарак сабралі больш за 160 тысяч рублёў) і іншыя матэрыялы.

Уся 3-я паласа “Гродненской правды” (№ 43) аддадзена “Звароту першага абласнога сходу сялян да ўсіх сялян Гродзенскай вобласці”. У ёй гаворыцца пра тое, што пасля далучэння да БССР сяляне атрымалі зямлю. Але падчас акупацыі яна была адабрана. Шмат садоў “вымерзла, спалена, запушчана”. Аднаўляць давядзецца і жывёлагадоўлю, у першую чаргу – авечкагадоўлю. Розныя тэмы асвятляюцца ў звароце. Але ёсць там і такія радкі: “Мы выклікаем сялян Баранавіцкай вобласці на сацыялістычнае спаборніцтва па ўзорным правядзенні веснавой сяўбы 1945 года, па своечасовым правядзенні ўборкі ўраджаю без страт і па датэрміновым выкананні ўсіх абавязковых паставак дзяржаве ў 1945 годзе”.

Гаворыцца ў газеце і пра іншыя падзеі. Толькі што ў Гродзенскай вобласці завяршыўся 3-дзённы семінар рэдактараў і сакратароў рэдакцый раённых газет, на якім прысутнічала 30 слухачоў. Гарбарны завод № 5 запрасіў вучняў ад 14 гадоў на спецыяльнасці (дзіўныя для нашага слыху – заўв. аўт.): “отмочники”, “мездрильщики”, “отдельщики” і іншыя. Гарадскі прамысловы камбінат таксама абвясціў аб наборы будучых шаўцоў, краўцоў, бляхароў, вучням будзе выплачвацца зарплата. Аб’явы аб вакансіях надрукавалі таксама Гродзенская абласная друкарня і Гродзенская лясная гаспадарка.

Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага ў Мінску) запланаваў гастролі ў Гродзенскай вобласці. Тут будуць паказаны п’есы: “Сустрэча ў цемры” Ф. Кнорэ, “Замужняя нявеста” А. Шахоўскага, А. Грыбаедава і М. Хмяльніцкага, “Тры сястры” А. Чэхава, “Вясельнае падарожжа” У. Дыхавічнага, “Дванаццатая ноч” У. Шэкспіра. Таксама ў планах тэатра – адна новая пастаноўка і аднаўленне адной з ранейшых.

У газетах “Звязда” (№ 59, с. 2) і “Советская Белоруссия” (№ 58, с. 4) надрукаваны рэцэнзіі розных аўтараў на першы кінафільм пра “калгаснаую вёску ваеннага часу” – “Родныя палі”.

Усяго 39 дзён засталося да Перамогі…