Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description

1 красавіка 1945 года. 38 дзён да Перамогі

Дырэктыва Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага аб правядзенні наступальнай аперацыі на Берлін. Узяцце крэпасці Глогау. Акружэнне саюзнікамі рурскай групоўкі нямецкіх войскаў. Аднаўленне Мінска. Гастролі Дзяржаўнага літоўскага джаз-аркестра. Канферэнцыя бібліятэкараў Масквы. Газеты: “Звязда” (№ 60, 61), “Большэвік Палесся” Палескай (цяпер ліквідаванай) вобласці (№ 32), “Искра” Валожынскага раёна (№ 20).

Знамянальная падзея гэтага дня – прыняцце Стаўкай Вярхоўнага Галоўнакамандавання дырэктывы для камандуючага войскамі 1-га Беларускага фронту аб падрыхтоўцы і правядзенні аперацыі па ўзяцці Берліна. Галоўным поспехам на фронце стала завяршэнне ліквідацыі групоўкі саперніка ў крэпасці Глогаў (Глогуў) на правым беразе Одэра (“1418 дней Великой Отечественной войны”, Мінск, 2014, с.389). На працягу дня войскі 3-га Украінскага фронту ў баях узялі ў палон больш за 10 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў (“Большэвік Палесся”, № 32).

У ліку трафеяў дня – 35 танкаў, 420 аўтамашын, 780 чыгуначных вагонаў, 59 складоў з узбраеннем, боепрыпасамі і харчаваннем. На ўсіх франтах падбіта і знішчана 50 нямецкіх танкаў і самаходных гармат, збіта 40 самалётаў (“Искра”, № 20). Сярод ваенных падзей у саюзных войсках – завяршэнне акружэння амерыканскай арміяй рурскай групоўкі нямецкіх войскаў (“Звязда”, № 61).

Мірнае насельніцтва працуе на аднаўленчых работах. Уступіў у строй разбураны захопнікамі найбуйнейшы ў галіне Дрысенскі льнозавод. Для гэтага шмат зроблена яго работнікамі: сваімі сіламі яны адрамантавалі паравы рухавік, наладзілі водазабеспячэнне і аднавілі помпавую станцыю (“Звязда”, № 60).

У сталіцы дзень прайшоў пад лозунгам “Хутчэй адновім родны Мінск!”. З раніцы жыхары розных раёнаў выйшлі на яго вуліцы. Каля руінаў і паўразбураных будынкаў кіпіць праца: пры дапамозе вяровак і тросаў валяцца напаўразбураныя сцены, выбіраецца і ўкладваецца ў штабелі прыдатная для будоўлі цэгла, збіраецца друз і металалом, ачышчаюцца пляцоўкі для будаўніцтва. Вынікі работы ўражваюць. Рабочыя 54 арганізацый Кагановіцкага раёна за дзень адпрацавалі 8 000 чалавека-гадзін, ачысцілі і паклалі ў штабелі 18 900 штук цэглы, падрыхтавалі 140 кубаметраў друзу, столькі ж палавінак цаглін, здабылі 5 т металалому, ачысцілі каля 1 га пляцовак для будаўніцтва. Шмат людзей працавалі ў Варашылаўскім раёне горада. Тут за дзень складзена ў штабелі 12 755 штук цэглы, падрыхтавана больш за 38 кубаметраў палавінак цэглы, 26 кубаметраў будаўнічага друзу, 9 тон рознага металу, вялікая колькасць будаўнічых пляцовак. Энтузіязм удзельнікаў і вынікі іх працы сведчаць пра разуменне стратэгічнай важнасці найхутчэйшага аднаўлення беларускай сталіцы (“Звязда”, № 61).

Адбываюцца падзеі ў сферы культуры. У Гродна прыехаў Дзяржаўны літоўскі джаз-аркестр, які выконвае літоўскія нацыянальныя песні. Канцэрты праходзяць з вялікім поспехам. У бліжэйшыя дні аркестр выязджае на гастролі ў іншыя гарады рэспублікі. У Мінску, у Беларускім драматычным тэатры імя Я. Купалы, увечары будзе ісці спектакль “Позняе каханне”. У кінатэатрах “Беларусь”, “Першы”, “Радзіма” на працягу дня дэманструюцца кінафільмы “Родныя палі”, “Дзяўчына спяшаецца на спатканне”, “Падкідыш” (“Звязда”, № 60).

У Маскве скончылася канферэнцыя работнікаў сталічных бібліятэк, у якой удзельнічала звыш 800 чалавек. Былі падведзены вынікі працы за 1944 год, усебакова абмеркаваны пытанні паляпшэння бібліятэчнай дзейнасці, што, несумненна, было цікава для беларускіх бібліятэкараў (“Звязда”, № 60).

Краіна жыве ў чаканні канца вайны. Да Перамогі застаецца 38 дзён...