Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description

18 красавіка 1945 года. 21 дзень да Перамогі

Са зводак Саўінфармбюро. Аднаўленне энергетычнай сістэмы Беларусі. Мінская швейная фабрыка імя Крупскай аднаўляе сваю працу. “Камунарка” выпускае новыя цукеркі. Газеты: “Звязда” (№ 71), “Искра” Валожынскага раёна (№ 24), “Путь социализма” Воранаўскага раёна (№ 23).

Па зводках Саўінфармбюро, часткі 3-га Беларускага фронту, працягваючы наступленне, занялі горад і порт Фішхаўзен на Земландскім паўвостраве ва Усходняй Прусіі. Войскі 2-га Украінскага фронту авалодалі цэнтрам нафтаноснага раёна Аўстрыі – горадам Цыстэрсдорф, а таксама вызвалілі яшчэ каля 30 населеных пунктаў.

А вызваленая Беларусь працягвае актыўна адраджацца з руін, аднаўляць разбураную народную гаспадарку. У паўднёвых рэгіёнах завяршаецца сяўба ранніх яравых.

Газета “Звязда” (№ 71, с. 3) звяртае ўвагу на адну з найважнейшых задач, якія стаяць перад рэспублікай, – больш хуткае аднаўленне энергетычнай гаспадаркі. Большасць беларускіх электрастанцый была выведзена са строю, іх абсталяванне падарвана або вывезена ў Германію. Аднаўленне энергетычнай базы Беларусі ва ўмовах разбуранай народнай гаспадаркі – першарадная задача. Электраэнергія, неабходная як ужо дзеючым, так і новым прадпрыемствам і будоўлям, павінна спрыяць росту дабрабыту народа. Задачы вельмі складаныя, і энергетыкі мусяць улічваць усю адказнасць і прыкласці максімум намаганняў для іх выканання. Для аднаўлення энергетычнай сістэмы ўрадам выдзяляюцца вялікія сродкі, але праца часта ідзе неапраўдана павольна. Аналізу прычын невыканання планаў прысвечаны артыкул “Энергетыкі не выконваюць сваіх абавязкаў”.

Мінская фабрыка “Камунарка” разгарнула перадмайскае сацспаборніцтва за выкананне колькасных і якасных паказчыкаў работы. Да свята фабрыка парадуе беларускіх ласуноў падарункамі – новымі высакаякаснымі цукеркамі: “Перамога”, “Буравеснік”, “Вясна” і інш. – усяго 8 найменняў ( “Звязда”, № 71).

На Мінскай швейнай фабрыцы імя Крупскай (цяпер гэта адкрытае акцыянернае таварыства “Элема”) аднавіў сваю работу першы цэх. У ім працуюць 52 машыны. Выпушчана партыя швейных вырабаў. На фабрыцы адрамантавана і абсталявана памяшканне цэха індывідуальнага пашыву, у якім ужо пачалі працаваць 15 майстроў.

Велізарным багаццем ў нашай краіне з’яўляецца лес. Лес патрэбны ў любой галіне прамысловасці. Узнаўленне лясной гаспадаркі пачалі на Валожыншчыне. Засадзіць дрэвамі ўсе пашкоджаныя лясныя прасторы, пацярпелыя ў выніку драпежніцкай высечкі і спалення вялікіх масіваў гітлераўскімі акупантамі, – галоўная задача лясніцтваў. Для гэтых мэтаў нарыхтоўваецца насенны матэрыял, расчышчаюцца плошчы пад пасеў лесакультур, рамантуецца неабходны інвентар.

Не забываюць лясгасы і пра выпуск тавараў шырокага спажывання. Асабліва добры прыклад па арганізацыі вытворчасці патрэбных для насельніцтва тавараў з дрэва паказваюць лясніцтва Валожынскае, Барсукоўскае, Пяршайскае і іншыя (“Іскра”, № 24).

Крытычны матэрыял адносна гандлёвых арганізацый Воранаўскага раёна размешчаны ў газеце Путь социализма” (№ 23). Кіраўніцтва гэтых арганізацый недастаткова ўвагі надае дзіцячаму дому, які знаходзіцца на тэрыторыі Канвелішскага сельсавета. У дзіцячым доме выхоўваюцца 60 дзяцей-сірот, якім неабходны ўсебаковы клопат і перш за ўсё – належнае забеспячэнне разнастайнымі прадуктамі харчавання.

Да Перамогі застаецца 21 дзень.