Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

17 красавіка 1945 года. 22 дні да Перамогі

Зводкі Саўінфармбюро. Наступленне Югаслаўскай народнай арміі. Аднаўленне садоў і лясоў. Заключны канцэрт Рэспубліканскага агляду мастацкай самадзейнасці. Газеты: "Советская Белоруссия" (№ 69), "Звязда" (№ 70).

Часткі 3-га Беларускага фронту занялі горад і порт Фішхаўзен на Земландскім паўвостраве ва Усходняй Прусіі. Паводле звестак Саўінфармбюро, на ўсіх франтах падбіта і знішчана 98 нямецкіх танкаў і самаходных гармат. У паветраных баях і агнём зенітнай артылерыі збіта 90 самалётаў праціўніка. У даліне ракі Босна югаслаўскія часткі працягвалі паспяховае наступленне: у харвацкім Прымор'і ва ўзаемадзеянні з сіламі югаслаўскага Ваенна-марскога флоту вызвалена вялікая група астравоў. Югаслаўская народная армія наступае.

Газета "Советская Белоруссия" (№ 69, с. 3) публікуе вялікі матэрыял, прысвечаны вясновым работам у садзе. Разам з выкананнем іншых сельскагаспадарчых работ, увага аграрыяў павінна быць скіравана і на аднаўленне разбуранага фашысцкімі захопнікамі садаводства шляхам рамонту, аднаўлення закладкі новых пладовых насаджэнняў. Навуковыя супрацоўнікі беларускай плодаагародніннай станцыі правялі сапраўдны майстар-клас па арганізацыі агратэхнічных мерапрыемстваў у садзе з мэтай прывядзення яго ва ўзорны парадак, што ў будучыні дазволіць збіраць высокія ўраджаі. Практычныя і вельмі карысныя парады, дадзеныя ў артыкуле, застаюцца актуальнымі для садаводаў і сёння.

Не толькі садам заклікае газета ў сваіх публікацыях надаць увагу. У рэспубліцы пачаўся сезон пасеву і пасадкі лесу. У Брэсцкай вобласці ўжо засеяна іглічнымі пародамі звыш 50 гектараў. Лесагаспадарнікі Баранавіцкай і Віцебскай абласцей заклалі некалькі гадавальнікаў. Сёлета ў краіне плануецца засеяць і засадзіць хвояй, елкай і дубам 2,5 тысячы гектараў і закласці 100 гектараў новых гадавальнікаў.

Ударна працуюць пінскія суднарамонтнікі. Яны абавязаліся перавыканаць красавіцкую вытворчую праграму, падрыхтаваўшы да канца месяца тры нафтаналіўныя баржы. З перавыкананнем нормаў працуюць калектывы і іншых прадпрыемстваў Пінска.

3-я старонка "Советской Белоруссии" цалкам прысвечаная Азербайджану, важным навінам і падзеям, якія адбываюцца ў гэтай рэспубліцы. Але спыніцца хацелася б на публікацыі пад загалоўкам "Герой боев за Белоруссию". Гаворка ідзе пра гвардыі генерал-маёра танкавых войскаў Азі Ахадавіча Асланава.

2.jpg
Перад боем. Азі Асланаў – у цэнтры.

Змагаючыся ў складзе войскаў 3-га Беларускага, а затым – 1-га Прыбалтыйскага фронту, танкісты генерала Асланава праявілі мужнасць і гераізм у баях за вызваленне Беларусі. Удзельнічалі ў вызваленні Барысава, Вілейкі, важнага чыгуначнага вузла Маладзечна. У загадзе Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 3 ліпеня ў ліку войскаў, якія авалодалі Мінскам і ўдастоіліся падзякі, згадваюцца і танкісты гвардзейскай брыгады генерала Асланава, што гераічна змагаліся за вызваленне ад фашысцкіх захопнікаў беларускай сталіцы. Сын азербайджанскага народа двойчы Герой Савецкага Саюза генерал Азі Асланаў паў смерцю храбрых. Але мужны вобраз жыве ў азербайджанскім народзе, яго імя ведаюць і памятаюць у Беларусі.

Падвядзенню вынікаў Рэспубліканскага агляду мастацкай самадзейнасці прысвечаны матэрыял "Нам песня строить и жить помогает" ("Советская Белоруссия", № 69, с. 4) і артыкул "Песни воли" ("Звязда", № 70, с. 3). Заключны канцэрт агляду, які адбыўся на сцэне Дома Чырвонай арміі ў Мінску 15 красавіка 1945 года стаў сапраўдным святам беларускага народнага мастацтва. Канцэрт складаўся з трох вялікіх аддзяленняў і доўжыўся некалькі гадзін. Праграма была вельмі разнастайнай. Аўдыторыя горача сустракала выканаўцаў, адчувалася незвычайны цікавасць да таго, што адбываецца на сцэне. Найбольш значнае месца ў праграме занялі самадзейныя харавыя калектывы. Іх было шмат: хор Магілёўскага абласнога дома народнай творчасці, калгаса імя Кірава Слуцкага раёна, хор вёскі Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна, а таксама найстарэйшы ў рэспубліцы і найбольш вядомы хор Таццяны Лапаціла з калгаса імя Літвінава Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

3.jpg

Да Перамогі застаецца 22 дні.