Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

27 красавіка 1945 года. 12 дзён да Перамогі

Баі ў Берліне працягваюцца. Рэпартаж Л. Кудраватых у літаратурным часопісе “Беларусь”. Адкрыта падпіска на часопіс “Полымя” і газету “Літаратура і мастацтва”. Газеты: “Звязда” (№ 77), “Советская Белоруссия” (№ 76).

Набліжаецца ўзяцце Берліна, а значыць – усё бліжэйшай робіцца Перамога і завяршэнне вайны. У перадавіцы газеты “Советская Белоруссия” (№ 76) гэты горад называецца як “горад-злыдзень, горад-злачынца”, “ачаг сусветнага разбою”. Далей аўтар працягвае: “надыходзіць час звесці рахункі, надыходзіць гадзіна канчатковай і справядлівай кары. У нас, беларусаў, свае дадатковыя рахункі з Берлінам”. Колькі ў гэтых словах скрухі аб разбураных гарадах, спаленых вёсках, мірных жыхарах, партызанах і салдатах, якія па віне ворага не дажылі да гэтага дня...

27 красавіка “войскі 1-га Беларускага фронту авалодалі магутным апорным пунктам абароны пад Берлінам – г. Патсдам” (“1418 дней Великой Отечественной войны”, с. 398). У аператыўнай зводцы з газет сцісла апісаны баі ў паўночных раёнах Берліна, у раёне Сіменсштат, дзе савецкая пяхота і танкі выбілі гітлераўцаў з паўразбураных заводаў “Сіменс” і да канца 26 красавіка выйшлі да ракі Шпрэе. Цікавы і змястоўны рэпартаж “У Берліне” пісьменніка і журналіста Леаніда Кудраватых, ваеннага карэспандэнта выдання “Известия”, размешчаны на 4-й паласе газеты “Советская Белоруссия” (№ 76). У рэпартажы маляўніча прадстаўлена карціна баёў на подступах і ў самім горадзе. У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі захоўваецца кніга Л. Кудраватых “Берлинская тетрадь: записки военного корреспондента”, якая распавядае пра тыя веснавыя дні, поўныя гару і дыму, больш падрабязна.

А ў БССР, як і ва ўсёй велізарнай краіне, напярэдадні чаканай хуткай Перамогі з асаблівым натхненнем ідзе падрыхтоўка да першамайскіх святаў. У сталіцы ачышчаюцца і ўпрыгожваюцца вуліцы, тысячы мінчан сустракаюць Першамай “удзелам у работах па аднаўленні горада”. У клубах і бібліятэках адкрываюцца кніжныя выставы, прымеркаваныя да гэтага свята (“Советская Белоруссия”, № 76).

Некалькі матэрыялаў прысвечана XI сесіі Вярхоўнага Савета СССР, у тым ліку апублікаваны даклад аб Дзяржаўным бюджэце СССР на 1945 год. Фінансаванне народных камісарыятаў абароны і Ваенна-марскога флоту ў 1945 годздзе па-ранейшаму будзе займаць значную частку і павінна скласці 45 % ад усіх выдаткаў краіны. Аднак, у параўнанні з 1944 годам прадугледжаны рост расходаў па многіх іншых напрамках, у тым ліку і на сацыяльна-культурныя мерапрыемствы (“Звязда”, № 77, с. 3; «Советская Белоруссия», № 76, с. 3).

Таксама ў дзвюх газетах – агляд матэрыялаў, апублікаваных у першым за 1945 год нумары грамадска-палітычнага і літаратурнага часопіса “Беларусь”. Тут разам з артыкуламі пра культурна-грамадскае жыццё Беларусі Х стагоддзя і развіццё беларускай савецкай культуры апублікаваны і іншыя матэрыялы. Напрыклад, артыкул, прысвечаны “першаму вялікаму беларускаму нацыянальнаму паэту” Ф. Багушэвічу, успаміны пра Кузьму Чорнага, творы шэрагу паэтаў і празаікаў. Тут жа прыводзяцца лічбы аднаўлення культуры ў БССР: больш за 1 млн. 300 тыс. дзяцей навучаюцца ў 10 тыс. школ, адкрыта больш за 2,5 тыс. хат-чытальняў, дамоў культуры і сельскіх клубаў, 14 інстытутаў і ўніверсітэтаў, драматычныя і оперны тэатры, працуюць прафесійныя музычныя калектывы (“Савецкая Беларусь”, № 76, с. 4; “Звязда”, № 77, с. 4).

На 4-й паласе газеты “Звязда” (№ 77) ёсць і іншыя аб’явы. Дзяржаўная філармонія БССР гатова купіць у насельніцтва ноты рамансаў, песень, оперных клавіры, фартэпіянных і інструментальных твораў, музыказнаўчыя выданні. Таксама сярод аб’яў ўнізе паласы – падпіска на літаратурна-мастацкі часопіс “Полымя”, адно з найстарэйшых беларускіх выданняў, што аднавілася ў студзені 1945 года, і газету “Літаратура і мастацтва”, якая таксама зноў пачала свой выпуск (у красавіку 1945 года выйшла 3 нумары). Гэтыя перыядычныя выданні, нягледзячы на перыпетыі часу, выходзяць да гэтага часу і радуюць сваіх чытачоў. А ў фондах НББ маюцца іх папяровыя і электронныя версіі.

Да Перамогі заставалася ўсяго 12 дзён...