25 красавіка 1945 года. 14 дзён да Перамогі
Канферэнцыя ААН. Сустрэча на Эльбе. Аднаўленне ў Бабруйскай вобласці. Пачатак пасяўной у Гродзенскай вобласці. Вяртанне бібліятэчных кніг з Германіі. Газеты: “Звязда” (№ 75), “Советская Белоруссия” (№ 74), “Совецкая радзіма” (№ 67), “Путь социализма” Воранаўскага раёна (№ 24).
У гэты дзень 75 гадоў таму “ў Сан-Францыска адкрылася канферэнцыя краін – заснавальніц ААН, скліканая ад імя СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая для падрыхтоўкі канчатковага варыянту Статута ААН”. “Войска 5-й гвардзейскай арміі 1-га Украінскага фронту і часці 1-й амерыканскай арміі сустрэліся на р. Эльба ў раёне г. Торгау” (“1418 дней Великой Отечественной войны”, с. 397). Стварэнне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аказала і да гэтага часу аказвае вялікі ўплыў на развіццё краін усяго свету.
Яшчэ адна падзея ўсхвалявала тады і ваенных саюзных армій, і ўсіх, хто сачыў за ходам Другой сусветнай вайны. Анатоль Меднікаў, ваенны карэспандэнт рэдакцыі апошніх вестак Усесаюзнага радыё, распавёў пра сваю паездку на машыне на другі бераг Эльбы, дзе размяшчаліся амерыканскія войскі, і пра сваё ўражанне ад сустрэчы з саюзнікамі. Ён піша, што, ужо развітваючыся, “у парыве сяброўскіх пачуццяў” афіцэры абменьваліся “памятнымі значкамі – нашы здымалі са сваіх пілотак чырвоныя зорачкі, амерыканцы – злітаваныя разам дзве металічныя літары «US» – Злучаныя Штаты. ... У тыя дні многім здавалася, што баявое сяброўства, народжанае нянавісцю да фашызму і агульнай барацьбой, будзе доўга прыцягваць салдацкія сэрца. Аднак здарылася інакш. Але ў гэтым няма віны тых простых людзей, апранутых у ваенныя мундзіры, якія моцна паціскалі адзін аднаму рукі ... на заходнім беразе Эльбы”. Гэтыя радкі – з яго кнігі “Берлинская тетрадь: рассказы о боях в Берлине” (глава “На той стороне”, с. 216–226; выданне захоўваецца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі).
А ў БССР рыхтаваліся да святкавання 1 мая. Напярэдадні свята працаўнікі Бабруйскага гарадскога прамысловага камбіната павысілі прадукцыйнасць працы, калектыў імкнуўся выканаць квартальны план на 120 % і выпусціць больш прадукцыі шырокага ўжытку. У Бабруйску намечана абнаўленне і рэканструкцыя малочнага завода, а ў раёнах вобласці – 12-ці заводаў па вытворчасці масла і 5-ці па вытворчасці сыру. У Клічаве некалькі сем’яў калгаснікаў з радасцю рыхтаваліся адзначыць першамайскія святы разам з наваселлем – для іх было пабудавана 7 дамоў (“Совецкая радзіма”, № 67).
Пра пачатак пасяўной кампаніі піша перадавіца газеты “Путь социализма” Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці (№ 24). У гэты адказны час “дарагая кожная пара рук”, і ў нататцы “Дапамога падлеткаў” у прыклад ставіцца праца двух 13-гадовых хлапчукоў, якія замянілі бацькоў на ворыве. Прыцягвае ўвагу артыкул-справаздача аднаго з калгаснікаў “Як я працую над сабой”. У ім аўтар, кіраўнік аднаго з агітатірскіх калектываў, пералічвае кнігі, якія ён прачытаў (а некаторыя і заканспектаваў) за першы квартал года. Адметна, што ў гэтым спісе “История Всесоюзной коммунистической партии (большевиков). Краткий курс” (Масква, 1938) суседнічае з класікай мастацкай літаратуры – п’есай У. Шэкспіра “Ромео и Джульетта” (Ленінград – Масква, 1944), раманам пра вайну “Они сражались за Родину” М. Шолахава (Масква, 1943) і многімі іншымі кнігамі.
Дарэчы, пра вяртанне кніг у фонд адной з буйнейшых бібліятэк БССР – Акадэміі навук (цяпер Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі) гаворыцца ў нататцы з газеты “Советская Белоруссия” (№ 74, с. 2) (у адной з папярэдніх навін ужо паведамлялася пра гэта). А на наступнай старонцы гэтай газеты – артыкул пра сесію ў Акадэміі навук БССР, на якой абмяркоўваюцца актуальныя праблемы адраджэння і развіцця сельскай гаспадаркі і прамысловасці: механізацыя сельскай працы, прымяненне ўгнаенняў, торфу як аднаго з перспектыўных відаў паліва. Побач – калонка, у якой за бягучы перыяд вызначаны перадавікі сацыялістычнага спаборніцтва паміж машынна-трактарнымі станцыямі рэспублікі.
І звычайныя запрашэнні для мінчан: філармонія паведаміла пра вячэрні і заўтрашні канцэрты, кінатэатры – пра паказы фільмаў “Серэнада сонечнай даліны”, “Крымская канферэнцыя”, “Маё каханне”, “Аповесць пра адзін карабель”, “Як гартавалася сталь”, кінапракат анансаваў фільм “Паядынак” (“Звязда”, № 75; “Советская Белоруссия”, № 74).
14 дзён засталося да Перамогі…