Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description

23 красавіка 1945 года. 16 дзён да Перамогі

Са зводак Саўінфармбюро. Жорсткія баі на вуліцах Берліна. Водгукі з замежных газет. Расследаванне злачынстваў фашыстаў у Іўеўскім раёне. Газеты: “Советская Белоруссия” (№ 74), ”Луч” Іўеўскага раёна (№ 26).

Войскі 1-га Беларускага фронту вядуць жорсткія вулічныя баі ў Берліне. Са зводак Савецкага інфармбюро, праціўнік люта супраціўляецца, але пад ударамі савецкіх войскаў пакідае адну пазіцыю за другой. Жорсткія баі адбыліся ў паўночна-ўсходняй частцы Берліна. Немцы ўвялі ў бой некалькі пяхотных палкоў і да 40 асобных батальёнаў. Абапіраючыся на ўмацаванні, пабудаваныя ля лініі акружанай чыгункі, праціўнік неаднаразова пераходзіў у контратакі. Пасля моцнага артылерыйскага абстрэлу варожых пазіцый нашы войскі прарвалі нямецкую абарону. Заняты газавы завод і шэраг гарадскіх кварталаў. На Заходнім фронце немцы па-ранейшаму аказваюць самае нязначнае супраціўленне амерыканскім войскам. Вялікімі і малымі групамі ахвотна здаюцца ў палон.

Радасныя водгукі з заходніх газет за 23 красавіка на поспехі Чырвонай арміі друкуе "Советская Белоруссия" (№ 74). Усе яны адводзяць галоўнае месца на сваіх старонках баям Чырвонай арміі ў Берліне. Так, газета “Нью-Ёрк таймс” піша, што "Берлін, ахоплены полымем, з'яўляецца сімвалам прысуду гісторыі над Гітлерам і яго дзеяннямі". Амерыканскі радыёперадатчык у Англіі перадае каментарыі свайго аглядальніка, які заявіў: “Сэрца Берліна ледзь б'ецца. Грукат кананады рускіх артылерыйскіх гармат раздаецца на вуліцах Берліна. Савецкія войскі нястрымным патокам рвуцца наперад, руйнуючы ворага на сваім шляху. Чырвоная армія наносіць Берліну той удар, які Гітлер хацеў бы нанесці Маскве ў кастрычніку 1941 года”. Агенцтва "Франс Прэс" перадае, што ў панядзелак, 23 красавіка, выйшлі спецыяльныя выпускі парыжскіх газет, каб паведаміць аб тым, што савецкія войскі ўварваліся ў Берлін. Газета "Нувель дзю Матэн" усклікае: "Нарэшце мы дачакаліся! Рускія ў Берліне! Трохразовае ўра слаўнай рускай арміі!”. "Доўгачаканы час прабіў, – піша іншая французская газета. – Прабіў той час, наступлення якога з заміраннем сэрца чакалі ўсе свабодалюбныя народы з таго моманту, як Гітлер здзейсніў сваё першае злачынства ў Еўропе. Прабіў той час, наступлення якога мы чакалі пасля разбурэнняў, нанесеных Герніцы, Ратэрдаму, Лондану, Ленінграду".

І гэты спіс мы маглі б дапоўніць сотнямі і тысячамі назваў разбураных гарадоў і спаленых дашчэнту вёсак і пасёлкаў па ўсёй Еўропе. Толькі ў Беларусі за гады акупацыі былі практычна разбураны ўсе абласныя цэнтры, у руінах Мінск, больш за 9 тыс. беларускіх вёсак знішчаны цалкам і часткова з насельніцтвам і без жыхароў (гл. электронную базу даных "Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны". Рэсурс створаны Дэпартаментам па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь ды Беларускім фондам міру і працягвае папаўняцца).

Дарэчы, яшчэ ў 1942 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была створана надзвычайная Дзяржаўная камісія па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і нанесенай імі шкоды грамадзянам, калгасам, грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР. У рэспубліках і абласцях ствараліся мясцовыя камісіі. У якасці аднаго з такіх прыкладаў можна прывесці матэрыял з газеты "Луч" Іўеўскага раёна Маладзечанскай (цяпер скасаванай) вобласці за 23 красавіка 1945 года. Газета пачала друкаваць страшны дакумент – "Акт по расследованию злодеяний, произведенных немецкими захватчиками" на тэрыторыі раёна. Расследаванне праводзілася камісіяй з 6 чалавек з прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў, рэдактара раённай газеты. Вынікі працы камісіі прадстаўлены ў газетным матэрыяле. Чытаць і не жахацца немагчыма.

Акты і паведамленні Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі стануць пасля аднымі з найважнейшых доказаў абвінавачванняў на Нюрнбергскім працэсе, які прадоўжыцца з лістапада 1945 па кастрычнік 1946 года.

Але гэта будзе потым, а пакуль да Перамогі застаецца яшчэ 16 дзён.