Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description

22 красавіка 1945 года. 17 дзён да Перамогі

Жорсткія баі ўжо ў прыгарадах Берліна. Святкаванне 75-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна. Імя Леніна (аб Дзяржаўнай бібліятэцы БССР). На беларускай кінастудыі. “Севільскі цырульнік” у Дзяржаўным тэатры оперы і балета. Газеты: “Советская Белоруссия” (№ 73), “Звязда” (№ 74), “Літаратура і мастацтва” (№ 3).

Ідзе 1401-шы дзень вайны. Перамога ўсё бліжэй і бліжэй. І Берлін ужо стаў адчувальным, рэальным. Ён перастаў быць далёкай марай, якой усе гэтыя доўгія дні і ночы жылі людзі, абараняючы Маскву, змагаючыся на Волзе, ваюючы ў перадгор’ях Каўказа, вызваляючы Беларусь.

Са зводак Савецкага інфармбюро. 1-шы Беларускі фронт: 3-я і 5-я ўдарныя арміі, прарваўшы ўнутраны абарончы рубеж, уварваліся ў паўночна-ўсходнія прыгарады Берліна. З усходу і паўднёвага ўсходу ў Берлін прабіліся войскі 8-й гвардзейскай арміі генерал-палкоўніка 1-га Беларускага фронту В.І. Чуйкова. Нямецкае камандаванне, імкнучыся перагарадзіць шлях савецкім войскам, кінула ў бой усе наяўныя сілы. Гітлер аддаў загад 12-й арміі генерала Венка, знятай з Заходняга фронту, аб наступленні на Берлін з захаду і паўднёвага захаду. Берлінскія ваенныя школы спынілі заняткі, а курсанты школ і абслугоўваючы персанал адпраўлены на фронт. Гітлераўцы абвясцілі ў Берліне пагалоўную мабілізацыю мужчын ад 15 да 65 гадоў уключна. Усе зенітныя прылады супрацьпаветранай абароны германскай сталіцы таксама выкарыстоўваюцца ў якасці супрацьтанкавай артылерыі. Нашы войскі, пераадольваючы ўсе перашкоды, наносяць саперніку ўдар за ўдарам.

Большасць матэрыялаў у газетах за 22 красавіка, вядома ж, прысвечана 75-годдзю з дня нараджэння У.І. Леніна. Газеты “Звязда” (№ 74) і “Советская Белоруссия” (№ 73) стракацяць пафаснымі загалоўкамі: “Вялікі Ленін”, “Агорнутыя пераможным сцягам вялікага Леніна”, “Ленін – найвялікшы карыфей навукі”, “Вялікі правадыр”, “Ленін – заснавальнік і правадыр вялікай партыі бальшавікоў” і інш. І гэта таксама наша гісторыя.

Мы спынімся на невялікім артыкуле ў “Советской Белоруссии” (№ 73, с. 1) пад назвай “Імя Леніна”. У ім гаворка ідзе пра Дзяржаўную бібліятэку БССР (цяпер Нацыянальную бібліятэку Беларусі), якая з 1932 да 1991 года насіла імя У.І. Леніна. Установа за 20 гадоў свайго развіцця да вайны вырасла ў адну з найбуйнейшых бібліятэк Савецкага Саюза з фондам, які налічвае амаль два мільёны тамоў. Колькасць пастаянных чытачоў, якія карысталіся бібліятэкай на працягу года, дасягала многіх тысяч чалавек.

У артыкуле паведамляецца, што падчас акупацыі фашысты па-варварску разрабавалі, знішчылі кніжны фонд, бібліяграфічныя каталогі і картатэкі. Аднаўленне бібліятэкі пачалося адразу ж пасля вызвалення рэспублікі. Вялікую працу прарабілі яе супрацоўнікі па прывядзенні ў парадак выратаваных кніг і рамонце будынка. Значную дапамогу ва ўкамплектаванні літаратурай аказалі арганізацыі і ўстановы саюзных рэспублік і асабліва Дзяржаўная бібліятэка СССР імя Леніна.

На красавік 1945 года ў фондзе нашай бібліятэкі налічваецца каля 500 тыс. тамоў навуковай, мастацкай, тэхнічнай і іншай літаратуры. Зноў арганізаваны аддзелы беларускай літаратуры і бібліяграфіі, часткова абноўлены картатэкі, адноўлена праца Кніжнай палаты. Пасля заканчэння рамонту будынка будуць адкрыты ўсе чытальныя залы, "храм кнігі" зможа разгарнуць у поўным аб’ёме абслугоўванне чытачоў.

У газеце змешчаны цікавы здымак з жыцця бібліятэкі. Магчыма, хтосьці ўбачыць на ім сваіх родных ці знаёмых.

V-biblioteke-Lenina.jpg

Фота з “Советской Белоруссии” (№ 73, с. 3)

Цікаўны матэрыял публікуе газета “Лiтаратура i мастацтва” (№ 3) пра кнігі з асабістай бібліятэкі У.І. Леніна з яго пазнакамі на палях. Унікальныя асобнікі чатырнаццаць гадоў знаходзіліся ў аднаго польскага пісьменніка (прозвішча не называецца), а потым былі перададзены ім у бібліятэку польскага горада Быдгашч. Пасля вызвалення горада напярэдадні юбілею У.І. Леніна кнігі ўрачыста вернуты прадстаўнікам Чырвонай арміі.

Тут жа можна даведацца і пра культурнае жыццё краіны ў красавіку 1945 года: пра аднаўленне айчыннай кінастудыі, новыя творы беларускіх кампазітараў і кніжныя навінкі, пазнаёміцца з артыкулам крытыка А. Есакова пра нядаўнюю прэм’еру камічнай оперы Дж. Расіні “Севільскі цырульнік” (рэж. Ул. Шахрай). Опера была ў рэпертуары тэатра задоўга да вайны, а гэта новая рэдакцыя спектакля. На думку аўтара, рэжысёр не здолеў адысці ад існуючых оперных канонаў, у выніку спектакль атрымаўся невыразным. Няўдалым здалося і яго мастацкае афармленне. Упрыгожаннем пастаноўкі крытык называе лірычную групу вакальных вобразаў – Разіна, Альмавіва і Фігара (на здымку ніжэй).

Siavilski-cyrulnik.jpg

Паведамляецца таксама, што пры Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Янкі Купалы арганізавана акцёрская студыя. Набрана 20 чалавек, тэрмін навучання – 2 гады. Кадры для балета рыхтуе Дзяржаўная харэаграфічная школа пад кіраўніцтвам народнай артысткі БССР Зінаіды Васільевай.

У Гродне адбыўся конкурс на стварэнне помніка героям Вялікай Айчыннай вайны, якія загінулі пры вызваленні горада. Прадстаўлена каля 20 праектаў, першая прэмія прысуджана скульптару Байскаму.

Да Перамогі застаецца 17 дзён.