31 студзеня 1945 года. 99 дзён да Перамогі
Бліскучыя перамогі Чырвонай Арміі. Рэспубліканская нарада дырэктараў МТС. Аднаўленне работы бібліятэк у Полацку і Віцебску. Газеты: “Звязда” (№ 21); “Советская Белоруссия” (№ 21).
У гэты дзень нашы войскі працягвалі з баямі прасоўвацца па тэрыторыі Польшчы, Усходняй Прусіі, Чэхаславакіі, займаючы дзясяткі невялікіх гарадоў і мястэчкаў, сціскаючы кольцы ля некалькіх асабліва ўмацаваных крэпасцей-гарадоў – Торунь, Познань.
А ў Мінску, як паведаміла “Советская Белоруссия” (№ 21), працягнулася пачатая напярэдадні Рэспубліканская нарада дырэктараў машынна-трактарных станцый (МТС), на якой таксама абмяркоўвалася вострае пытанне з кадрамі – прапаноўвалася вярнуць у МТС спецыялістаў. Побач – калонка з артыкулам па агародніцтву: ужо цяпер, у гэты зімовы дзень планавалася арганізаваць выдзяленне сем’ям рабочых і служачых зямлі і насення, каб да восені кожная з іх была забяспечана сваёй агароднінай.
Адразу дзве навіны ў прэсе гэтага дня тычыліся бібліятэчнага жыцця. У рубрыцы “Дзень Полацка” ў газеце “Звязда” (№ 21) згадваецца адкрыццё абласной бібліятэкі ў горадзе (тады Полацк быў цэнтрам рэгіёну), з чытальнай залай, якую наведваюць сотні гараджан; фонд бібліятэкі склалі 5 тысяч кніг па мастацтве, навуцы і палітыцы. Карэспандэнт газеты “Советская Белоруссия” (№ 21) паведаміў з Віцебска пра аднаўленне работы гарадскога Дома партыйнай асветы. У яго бібліятэцы – больш за 2 000 кніг палітычнай і мастацкай літаратуры, кніжны фонд папоўніўся за кошт пасылак з Масквы і іншых гарадоў СССР, а нядаўна бібліятэка атрымала Вялікую Савецкую энцыклапедыю. Пра страты і ход аднаўлення кніжнага фонду бібліятэк Беларусі можна падрабязней прачытаць у манаграфіі Матульскага Р.С. “Библиотеки Беларуси. Из прошлого в будущее. 1917–1991”, 2018, с. 115–120.
Заставалася 99 дзён да Перамогі…