Закрыть
image description
image description
image description

30 студзеня 1945 года. 100 дзён да Перамогі

Поспехі савецкай арміі. Аднаўленне прадпрыемстваў. План рэканструкцыі Брэста. Выстаўка літаратуры ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна. Газета “Звязда” (№ 20).

Чырвоная Армія паспяхова і імкліва наступала. Да гэтага дня былі цалкам ачышчаны ад войскаў праціўніка Дамброўскі вугальны басейн на поўдні Польшчы і частка прамысловага раёна нямецкай Верхняй Сілезіі. У зводцы Саўінфармбюро паведамлялася аб узяцці 1-м Прыбалтыйскім фронтам Клайпеды і 150 населеных пунктаў ва Усходняй Прусіі, 1-м Украінскім фронтам – Катавіцаў і іншых гарадоў Польшчы. 4-ты Украінскі фронт вёў баі за Будапешт, а 1-шы Беларускі – у раёне Познані. (“Звязда”, № 20).

У газетах яшчэ не паведамляецца, але менавіта ў гэты дзень на Балтыйскім моры савецкай падводнай лодкай “С-13” быў патоплены варожы транспарт “Вільгельм Густлаф”.

У Беларусі аднаўленне ідзе поўным ходам. Ужо працуе Бабруйская гарадская электрастанцыя, Смілавіцкі гарбарны завод. Пашырае асартымент сваёй прадукцыі Рудзенскі прамысловы камбінат. Плануецца не толькі аднаўляць, але і паляпшаць інфраструктуру гарадоў. Жыхары сучаснага Брэста могуць параўнаць, як увасобілася мара архітэктараў па рэканструкцыі Брэста: у газетным артыкуле апісаны план узвядзення новых будынкаў, праекты трыумфальнай і цэнтральнай плошчаў, галоўнага праспекта.

А ў Дзяржаўнай бібліятэцы імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі) у зімовыя студзеньскія дні 1945 года адкрылася кніжная выстаўка, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне. На ёй былі прадстаўлены кнігі па гісторыі і літаратуры, даведнікі, фотаздымкі і плакаты. Вялікі раздзел быў прысвечаны сучаснай арміі. На асобных стэндах – літаратура пра слаўных сыноў роднай зямлі, Герояў Савецкага Саюза Гастэлу і Даватара, пра партызанскі рух. (“Звязда”, № 20).

Заставалася 100 дзён да Перамогі...