1 лютага 1945 года. 98 дзён да Перамогі
Наступленне савецкіх войскаў у Венгрыі. Баявы самалёт – на грошы калгаснікаў. Тавары для насельніцтва. Газеты: “Звязда” (№ 22), “Советская Белоруссия” (№ 22), “Калгаснік Заслаўшчыны” (Заслаўскі раён Мінскай вобласці, № 9).
У адказ на паспяховае наступленне нашых войскаў у Венгрыі, як паведамляе газета “Звязда" (№ 22), “калгаснікі сельгасарцелі Мастоцкага сельсавета Магілёўскага раёна собралі 100 500 рублёў са сваіх асабістых зберажэнняў на будаўніцтва баявога самолёта”.
Аўтар аднаго з артыкулаў распавядае пра адкрыццё ў Заслаўскім раёне швейнай і абутковай арцелі. Прапануе арганізаваць у раёне вытворчасць тавараў, недахоп якіх ужо істотна адчуваўся – гэта гліняны і драўляны посуд, мэбля, цэгла, лесапіламатэрыялы і шмат чаго іншага, гаворыць пра неабходнасць адкрыць фарбавальні, майстэрні па вырабе цацак, раіць займацца перапрацоўкай ягад. (“Калгаснік Заслаўшчыны” (№ 9). Гэтаму артыкулу адпавядае матэрыял у “Советской Белоруссии” (№ 22) за 2 лютага: “1 февраля в Минске открылось республиканское совещание работников местной промышленности и промкооперации”, на ім, у прыватнасці, былі названы тавары, у якіх мелі патрэбу жыхары: абедзенныя і пісьмовыя сталы, крэслы, зэдлікі, лямпавыя гарэлкі, прымусныя іголкі, нажы, лыжкі, відэльцы, шчоткі, аконная арматура, рыдлёўкі, збруя. Краіна мела патрэбу нават у такіх “дробязях” – іх трэба было аднаўляць наноў...
Заставалася 98 дзён да Перамогі...