4 мая 1945 года. 5 дзён да Перамогі
Салют у гонар узяцця Берліна. Ваенныя парады. У тэатры музкамедыі і кінатэатрах Мінска. Смерць Гітлера. К. Сіманаў у пераможаным Берліне. Газеты: “Звязда” (№ 81), “Советская Белоруссия” (№ 80).
Галоўная навіна газет гэтага дня – поўнае авалоданне Берлінам! На першай паласе апублікаваны загад з удзячнасцю за яго ўзяцце і паведамленнем пра салют у азнаменаванне гэтай падзеі. Салют адбыўся 2 мая ў Маскве “дваццаццю чатырма залпамі з трохсот дваццаці чатырох гармат”. Гэта азначала, што быў дадзены салют першай з трох магчымых ступеняў (ёю адзначалася вызваленне сталіц саюзных рэспублік або ўзяцце сталіц іншых дзяржаў).
Войскамі 2-га Беларускага фронту пад камандаваннем маршала К.К. Ракасоўскага 2–3 мая было ўзята некалькі гарадоў – важных абарончых і транспартных вузлоў, захоплена 328 самалётаў; у палон здаліся больш за 10 тыс. нямецкіх салдат. У гонар гэтых перамог быў дадзены салют трэцяй ступені – “дванаццаццю артылерыйскімі залпамі са ста дваццаці чатырох гармат”. За ўвесь час вайны, пачынаючы з 1943 года, калі ў СССР была ўведзена традыцыя адзначаць ваенныя поспехі артылерыйскімі залпамі, салюты першай ступені (24 залпы з 324 гармат) прагрымелі над сталіцай СССР 26 разоў, другой ступені (20 залпаў з 224 гармат у гонар вызвалення або ўзяцця буйных гарадоў, фарсіравання вялікіх рэк, завяршэння важных аперацый) – 206, а трэцяй ступені (12 залпаў са 124 гармат) – 122 разы.
Яшчэ адна важная падзея, якая адбылася ў гэтыя дні, была звязана з іншай традыцыяй – правядзеннем ваенных парадаў. Гэтая традыцыя пасля перапынку на час вайны была адноўлена 1 мая 1945 года. На газетных палосах былі размешчаны рэпартажы пра ўрачыстыя агляды войскаў на Чырвонай плошчы ў Маскве і на плошчы Леніна ў Мінску. На фотаздымках бачны засяроджаныя твары пяхотнікаў, стройныя шэрагі кавалерыстаў, танкі, якія праязджаюць міма помніка Леніну (“Звязда”, № 81; “Советская Белоруссия”, № 80).
У Мінску традыцыя ваенных парадаў вядзе свой пачатак з сярэдзіны 1920-х, з 1934 года яны праводзіліся на плошчы Леніна. Цікава, што 16 ліпеня 1944 года быў праведзены зусім адмысловы парад – партызанскі. Толькі што вызвалены Мінск на полі былога іпадрома прымаў больш за 30 тыс. удзельнікаў партызанскага руху БССР з 30 брыгад.
Забаўны выпадак адбыўся падчас гэтага шэсця: сярод яго ўдзельнікаў быў заўважаны казёл. Аказваецца, гэта “партызанская” жывёла па мянушцы Малыш з’явілася тут не выпадкова: з 1943-га года казёл знаходзіўся ў складзе адной з брыгад, пераносіў усе нягоды палявога жыцця, перавозіў на сабе медыкаменты, а аднойчы заехаў на танку ў амаль вызвалены горад. Партызаны брыгады, для якіх ён быў своеасаблівым талісманам, палічылі яго вартым удзелу ў парадзе.
Перамога над Берлінам, хай пакуль і не над усёй Германіяй, натхніла працаўнікоў тылу на новыя здзяйсненні. На прадпрыемствах, ва ўстановах, калгасах прайшлі мітынгі, дзе віталі радасную і пераможную вестку, прымалі абавязацельствы ў адказ на вестку пра гістарычныя поспехі Чырвонай арміі перавысіць выкананне паказчыкаў майскага плана (“Звязда”, № 81; “Советская Белоруссия”, № 80).
Як звычайна, цэнтральныя газеты запрасілі жыхароў Мінска на спектаклі і кінапаказы. У Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР (у памяшканні Акруговага Дома Чырвонай арміі) ішла аперэта “Тры сустрэчы” (1942) М.Л. Старакадомскага. У кінатэатрах дэманстраваліся савецкія кінафільмы: “Паядынак” (1944) рэжысёра У. Лягошына, зняты паводле аповесці Льва Шэйніна “Военная тайна”; “Няўлоўны Ян” (1942) рэжысёраў І. Аненскага і У. Пятрова, заснаваны на рэальных падзеях барацьбы чэхаславацкіх патрыётаў супраць гітлераўскіх акупантаў; “Малахаў курган” (1944) рэжысёраў А. Зархі і І. Хейфіца, створаны па літаратурных матэрыялах Б. Войцехава; кінакамедыя “Антоша Рыбкін” (1942) рэжысёра К. Юдзіна, якая апавядае пра воінскія подзвігі кухара-байца (“Советская Белоруссия”, № 80).
Яшчэ адна падзея, апісаная ў газеце “Звязда” (№ 81, с. 4), вяртае нас зноў у Берлін: германскае радыё позна вечарам 1 мая паведаміла пра смерць Гітлера і прызначэнне ім яшчэ 30 красавіка сваім пераемнікам адмірала К. Дзёніца. Аднак у ТАСС лічаць, што паведамленне пра смерць дыктатара “ўяўляе сабой новы фашысцкі трук”, мэта якога – даць “Гітлеру магчымасць сысці са сцэны і перайсці на нелегальнае становішча”. 2 мая Канстанцін Сіманаў пабываў у рэйхсканцылярыі – апошнім месцы знаходжання Гітлера. Пісьменнік піша пра тое, што тут актыўна заняты пошукамі: “ищут труп Геббельса. … Ищут и труп Гитлера. … Кабинет Гитлера поврежден бомбой и завален обломками. Одна из соседних комнат цела. Кто-то говорит мне, что это кабинет Бормана. … Комната цела, но в ней все перевернуто. По полу рассыпаны какие-то квадратные бумажки. Поднимаю одну, переворачиваю, оказывается, это экслибрисы библиотеки Гитлера». У гэты ж вечар К. Сіманаў пабываў ля рэйхстага (“к нему уже целое паломничество. Идут и идут люди”); паблукаў па берлінскім заапарку, які ўяўляў тады сумнае відовішча пасля ўсіх бамбёжак пачынаючы з 1941 года. Ваенкара К. Сіманава і яго спадарожніка правёў па заапарку наглядчык-немец, які з жонкай усю вайну быў побач са сваімі жывёламі. “В единственном оставшемся секторе ходит унылый голодный слон”; адзін з двух бегемотаў жывы, другі забіты мінай. Таксама забітыя, як прадставіў іх наглядчык, “самая большая в Европе горилла и самый большой в Европе шимпанзе”: у іх памяшканні хаваліся эсэсаўцы, аўтаматная чарга, прызначаная для фашыстаў, забіла і жывёл. Сіманаў працягвае: “старик стоит рядом с нами у дверей. Кажется, ему очень жалко обезьян. Он стоит молча и по-стариковски трясёт головой”. Адзінае, пра што папрасіў гэты стары, – “провианта для своих животных” (Сіманаў К.М. Незадолго до тишины: записки 1945 г.: март–апр.–май. Масква, 1974, с. 213–218).
5 дзён засталося да Перамогі…