Закрыть
image description



image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

100 дзён да Перамогі

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – «100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.», прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. З 30 студзеня па 9 мая 2020 года штодзённа будзе друкавацца хроніка навін і падзей зімы–вясны 1945 года, адлюстраваных у перыядычным друку Савецкай Беларусі.

Пажоўклыя газетныя лісты – інфармацыйныя сведкі тых дзён. Выбіраючы газетныя навіны, мы хацелі сцерці залаты пыл з тых даўніх падзей і ўбачыць жывых людзей з іх клопатамі, працай і марамі. Варты захаплення гераізм людзей таго часу, якім давялося ваяваць з вельмі моцным праціўнікам і перамагаць яго, і якім давялося зноўку адбудоўваць даваеннае мірнае жыццё.

У гэты перыяд Чырвоная Армія ваявала ўжо далёка за межамі БССР і няўхільна набліжалася да Берліна, да заканчэння цяжкай вайны. З аднаго боку, ваяваць было лягчэй – родным хатам ужо нічога не пагражала. Але з іншага – усё вакол было незнаёмым і чужым, небяспекай магло асмаліць з любога вакна, павароту дарогі, ляснога гушчару, будзь-то ў Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі ці Германіі, дзе ішлі баі ў гэты час. Нямецкая армія ўмела ваяваць, і, як смяротна паранены звер, агрызалася бязлітасна. Але ня літасці чакала наша армія. Яна навучылася перамагаць. Хаця галоўная Перамога была яшчэ наперадзе.

У гэты ж час, на тэрыторыі Беларусі, ужо некалькі месяцаў не былі чутныя гукі вайны. Адразу ж пасля вызвалення акупаванай тэрыторыі пачалася праца па аднаўленні інфраструктуры, прадпрыемстваў, жылых будынкаў, узнаўленні дзейнасці ўстаноў і арганізацый – усё гэта патрабавала ад жыхароў вялікіх і малых гарадоў і вёсак напружання фізічных і маральных сіл. Пасля сваёй асноўнай працы гараджане расчышчалі вуліцы, разбіралі разбураныя будынкі. Аднаўлялася прамысловасць, сельская гаспадарка, адбудоўваліся гарады і вёскі. Адраджалася дзейнасць інстытутаў Акадэміі навук, тэатраў, рэспубліканскіх, абласных, раённых бібліятэк і сельскіх хат-чытальняў. Паступова аднаўлялася мірнае жыццё: людзі хадзілі ў кіно, тэатры, займаліся самадзейнасцю, спортам.

Пра ўсё гэта пісаліся артыкулы, рэпартажы, агляды на старонках айчыннай перыёдыкі. У гэтым і складаецца адна з задач праекта ­– паказаць, чым жыла краіна ў чаканні Перамогі.

Яшчэ адна задача праекта – звярнуць увагу ўсіх, хто цікавіцца тэмай Вялікай Айчыннай вайны, на інфармацыйны патэнцыял газетнага фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У ліку гэтых газет – цэнтральныя («Савецкая Беларусь», «Звязда»), абласныя («Большэвік Палесся», «Віцебскі рабочы» «Совецкая радзіма») і многія раённыя («Большэвіцкая трыбуна», «Калгаснік Заслаўшчыны», «Ленінская праўда», «Совецкі патрыёт», «Сцяг сацыялізма ») і іншыя.