Закрыть
image description
image description
image description

8 сакавіка 1945. 63 дні да Перамогі

Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка. Аднаўленне жылля. Бібліятэчныя навіны. Газеты: «Звязда» (№ 46), «Советская Белоруссия» (№ 45), «Віцебскі рабочы» (№ 24), «Совецкая радзіма» (№ 36), «Путь социализма» (Вороновский район) (№ 18), «Уперад» (Лідскі раён) (№ 14).

Качается рожь несжатая.
Шагают бойцы по ней.
Шагаем и мы – девчата,
Похожие на парней.
Нет, это горят не хаты –
То юность моя в огне...
Идут по войне девчата,

Похожие на парней.
               Ю. Друнина

У гэты святочны дзень друкаваліся віншаванні, пастановы, услаўлялася Жанчына. (Газеты «Звязда», № 46; «Советская Белоруссия», № 45; «Віцебскі рабочы», № 24; «Совецкая радзіма» (№ 36); «Путь социализма» Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, № 18; «Уперад» Лідскага раёна, № 14). Але калі зняць з іх пафасны глянец, застанецца тое ж самае разуменне ролі жанчыны, блізкае нам і сёння. Яна, жанчына, адправіла сваіх мужоў і сыноў на абарону роднай зямлі, вынесла горыч расстання і страт, яна разам з падлеткамі замяніла мужчын на вытворчасці, пілавала і вазіла лес, сеяла і збірала ўраджай, будавала, праводзіла навуковыя даследаванні, гадавала і вучыла дзяцей ...

І разам з мужчынамі перажывала адступленне і збірала духоўныя сілы для прыпынку варожага прасоўвання, была апорай для ўпартага супраціўлення і доўгачаканага вызваленчага руху на захад.

І плячом да пляча з мужчынамі абараняла Радзіму: і ў партызанскім атрадзе, і ў рэгулярнай арміі. З часоў амазонак і скіфянак амаль няма прыкладаў удзелу жанчын у сутыкненні армій. А падчас Вялікай Айчыннай родная краіна заклікала – і жанчыны пайшлі ў медсёстры і ваендактары, сувязісты і разведчыцы, лётчыцы і снайперы.

Нізкі паклон ёй, воіну і працаўніцы часоў народнай вайны ...

У гэты дзень газеты апублікавалі і дадзеныя Саўінфармбюро, і нататкі пра падзеі на Заходнім фронце, і матэрыялы аб аднаўленні жылога фонду, галін гаспадарання, і бібліятэчныя навіны. І, вядома, размясцілі фатаграфіі жанчын-воінаў і работніц розных прадпрыемстваў.

«Віцебскі рабочы» (№ 24) піша пра тое, колькі жанчын у СССР за час 1942–1944 гг. атрымалі вучоныя ступені і званні: ступень доктара навук атрымалі 79 жанчын-навукоўцаў, званне прафесара – 45, дацэнта – 445, старэйшага навуковага работніка – 348.

На 3-й старонцы газеты «Совецкая радзіма» (№ 36) – артыкул пра адну з беларускіх маці-гераінь з вёскі Бялынічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці і нататка пра тое, што ў некалькіх буйных гарадах СССР адкрыты санаторыі для будучых маці.

На 4-й старонцы гэтай жа газеты аўтар артыкула дзеліцца поспехамі ў працы па аднаўленні жылля ў калгасах Кіраўскага раёна Бабруйскай (цяпер Магілёўскай) вобласці. У адным з калгасаў падрыхтавалі будаўнічы лес на 20 дамоў, а дапамаглі яго вывезці з лесу работнікі іншага калгасу – іх жылы фонд менш пацярпеў падчас вайны і яны вырашылі дапамагчы суседзям.

Газета «Путь социализма» (Воранаўскі раён) (№ 18) надрукавала практычныя парады па падрыхтоўцы бульбы да пасадкі – трэба забяспечыць высокі ўраджай.

У газеце "Звязда" (№ 46) напісалі пра аднаўленне меліярацыйнай галіны Беларусі і адраджэнні культурна-асветніцкіх устаноў чыгуначнікаў. Абнаўленне чыгункі суправаджаецца адкрыццём бібліятэк: у Гомелі, Асіповічах, Унечы і іншых станцыях пачалі працаваць 10 бібліятэк, у фондзе якіх налічваецца 29 тысяч тамоў літаратуры. На 75-ці станцыях арганізаваны чырвоныя куткі. У гэтыя (як бы мы сёння іх назвалі – заўв. аўт.) інфармацыйныя цэнтры забяспечана дастаўка газет і часопісаў. Пры бібліятэках і чырвоных кутках таксама арганізаваны гурткі самадзейнасці.

Газета «Уперад» (№ 14) паведамляе аб тым, што для заходніх абласцей Беларусі камплектуецца 60 школьных бібліятэк. У гэтыя школы будзе накіравана 20 000 падручнікаў на рускай мове, якія цяпер рыхтуюцца ў адным з выдавецтваў. А пасля заканчэння інстытута і аспірантуры сюды прыбудуць 60 педагогаў.

Усё бліжэй і бліжэй Перамога. Да яе заставалася 63 дні ...