Эканоміка і бізнес
Рэспубліка Беларусь – экспартна арыентаваная дзяржава з развітай прамысловасцю, сельскай гаспадаркай і сектарам паслуг. Да асноўных галін эканомікі Беларусі адносяцца апрацоўчая прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва, гандаль, транспартная дзейнасць. Прамысловасць – найбуйнейшая галіна і флагман эканомікі. Яе развіццё ў значнай ступені вызначае асноўныя эканамічныя тэндэнцыі. Гэтая галіна вырабляе чвэрць валавога ўнутранага прадукту. У ёй засяроджана каля 37% усіх асноўных сродкаў краіны, працуе 23% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы. Аснову прамысловай вытворчасці складае апрацоўчая прамысловасць, на долю якой ў 2017 г. прыходзілася 88% агульнага аб'ёму вытворчасці прадукцыі гэтага сегмента эканомікі. У сусветным рэйтынгу краін па індэксе канкурэнтаздольнасці прамысловасці Рэспубліка Беларусь займае 45-ю пазіцыю, з вялікім адрывам апярэджваючы краіны СНД, акрамя Расійскай Федэрацыі.
Цяперашні этап рэфармавання і развіцця эканомікі Беларусі звязаны са зменамі ў эканамічнай палітыцы дзяржавы, накіраванай на паступовую лібералізацыю эканамічных адносін, прыватызацыю, развіццё недзяржаўнага сектара эканомікі, малога і сярэдняга бізнесу. З развіццём бізнес-асяроддзя звязана рашэнне задач па забеспячэнні эканамічнага росту краіны і пераходу на інавацыйны шлях развіцця . У рэспубліцы створана і дзейнічае сетка суб'ектаў інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, якая складаецца з цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва і інкубатараў малога прадпрымальніцтва, размешчаных у большасці ў абласных цэнтрах і буйных гарадах. У справаздачы Сусветнага банка "Вядзенне бізнесу 2018» Рэспубліка Беларусь заняла 38-е месца сярод 190 дзяржаў, якія даследаваліся ў гэтым кірунку. У справаздачы адзначаецца, што Беларусь традыцыйна займае лідзіруючую пазіцыю па паказчыку “рэгістрацыя ўласнасці” (5-е месца). Апрача таго яна ўвайшла ў першую трыццатку краін свету з найлепшымі ўмовамі ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці па паказчыках: “атрыманне дазволаў на будаўніцтва” (22-е месца), “забеспячэнне выканання кантрактаў” (24-е месца), “падключэнне да сістэмы электразабеспячэння” (25-е месца), “міжнародны гандаль” (30-е месца), “рэгістрацыя прадпрыемстваў” (30-е месца).
Сельская гаспадарка спецыялізавана на вырошчванні традыцыйных для ўмераных шырот культур. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя: пераважна ячмень, жыта, пшаніца; бульба, кармавыя культуры; пашыраюцца аб'ёмы вырошчвання зернебабовых і алейных культур. У жывёлагадоўлі ў асноўным вырошчваецца буйны рагаты скот для вытворчасці малака і мяса, а таксама свінні і птушка. Акрамя таго, у краіне засяроджана 19,9% сусветных пасеваў ільна. Доля сельскагаспадарчай вытворчасці складае каля 6–7% аб'ёму УВП. Рэспубліка практычна цалкам забяспечвае сябе харчаваннем: імпарт складае менш за 10% усяго аб'ёму спажывання. Асобныя віды харчовых прадуктаў з'яўляюцца экспартным патэнцыялам. Беларусь уваходзіць у 15 краін найбуйнейшых сусветных экспарцёраў малочнай прадукцыі, у 25 краін – лідэраў па экспарце мяса, у першую пяцёрку сярод 23 вядучых вытворцаў ільновалакна, у 25 краін – лідэраў па экспарце мяса. Пры гэтым у сельскагаспадарчым сектары працуе каля 9% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы краіны. Стварэнне максімальна спрыяльных умоў для фарміравання і функцыянавання прадпрымальніцкага асяроддзя, павышэння інвестыцыйнай прывабнасці беларускай эканомікі было і застаецца ў шэрагу важнейшых нацыянальных прыярытэтаў.
На тэрыторыі рэспублікі праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палітыка. Нацыянальнай валютай з'яўляецца беларускі рубель. Функцыю кіравання, планавання і прагназавання ў фінансавай сферы ажыццяўляюць Міністэрства фінансаў, Міністэрства эканомікі, а таксама Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Бюджэтна-падатковая палітыка накіравана на падтрыманне ўстойлівасці бюджэтнай сістэмы з дапамогай стварэння стабільнай даходнай базы за кошт удасканалення падатковай сістэмы. Мэта, задачы і прыярытэтныя кірункі развіцця фінансавага рынку Рэспублікі Беларусь на сярэднетэрміновую перспектыву вызначаны Стратэгіяй развіцця фінансавага рынку Рэспублікі Беларусь да 2020 года, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29.03.2017 № 229/6. Дзяржаўная эканамічная палітыка накіравана на змякчэнне ўздзеяння неспрыяльнай эканамічнай кан'юктуры, у тым ліку з дапамогай прыняцця мер па падтрымцы шэрагу галін і сектараў эканомікі. Значная ўвага надаецца пытанням зніжэння праблемнай запазычанасці перад банкамі, скарачэння дырэктыўнага крэдытавання, стварэння ўмоў для паскоранага развіцця нябанкаўскіх сегментаў фінансавага рынку, макраэканамічнай стабілізацыі, а таксама захаванню золатавалютных рэзерваў краіны.
У краіне робіцца сур'ёзная стаўка на развіццё лагістыкі, удасканаленне сістэмы перавозкі пасажыраў і грузаў. Лагістычная сістэма Беларусі пабудавана на эфектыўным выкарыстанні геаграфічнага становішча. Праз тэрыторыю рэспублікі праходзяць шляхі, якія злучаюць краіны Еўрасаюза з Расіяй, Казахстанам і іншымі азіяцкімі краінамі. Асноўныя транспартныя патокі праходзяць на ўсход – у Расію і краіны Азіяцкага рэгіёну, на поўнач – у парты Балтыйскага мора, на захад – у краіны Еўропы і на поўдзень – у краіны Чарнаморскага рэгіёну. У 2016 г. была прынята новая Рэспубліканская праграма развіцця лагістычнай сістэмы і транзітнага патэнцыялу на 2016–2020 гады. Яе мэтай з'яўляецца эфектыўная інтэграцыя нацыянальнай лагістычнай сістэмы ў міжнародную сістэму размеркавання фінансавых і працоўных рэсурсаў, павышэнне транзітнай прывабнасці дзяржавы, павелічэнне даходнасці ад экспарту лагістычных паслуг. У рамках рэалізацыі праграмы пачалося актыўнае нарошчванне аб'ёмаў лагістычнага сэрвісу.
Выгаднае геаграфічнае становішча рэспублікі, развітыя транспартныя і камунікацыйныя сеткі, спрыяльны інвестыцыйны клімат ствараюць добрыя магчымасці для актыўнага і ўзаемнага міжнароднага супрацоўніцтва і гандлю. Беларусь падтрымлівае гандлёвыя адносіны амаль з усімі дзяржавамі свету. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі з'яўляюцца Расійская Федэрацыя (па даных за 2017 г. 51,1% ад усяго аб'ёму тавараабароту), Украіна (7,2%), Кітай (4,9%), Германія (4,5%), Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ( 4,2%), Польшча (3,8%), Нідэрланды (2,2%), Літва (1,8%), Турцыя (1,5%), Італія (1,3%), Казахстан (1, 1%). Краіна ўваходзіць у лік лідэраў сярод сусветных экспарцёраў грузавых аўтамабіляў, трактароў, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі. Расце месца і роля краіны на міжнародным рынку паслуг. Значны рост дэманстравалі камп’ютарныя паслугі, экспарт якіх павялічыўся больш чым у 5 разоў у параўнанні з 2010 годам. Актыўна развіваецца электронны гандаль. Сёння гэта форма гандлёвых адносін разглядаецца як шлях да стварэння цывілізаванага, празрыстага, высокаарганізаванага рынку прадукцыі, паслуг і тэхналогій.
Далейшая эканамічная, тэхнічная і тэхналагічная палітыка ў галіне нацыянальнай эканомікі накіравана на забеспячэнне яе эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці на аснове пераходу на інавацыйны, высокатэхналагічны, навукаёмісты тып развіцця.
Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь
Міністэрства aнтыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь
Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання
Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь
Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь
Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь
Беларускі саюз прадпрымальнікаў
Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады
Дзяржаўная праграма "Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь на 2016–2020 гады
Дзяржаўная праграма развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016–2020 гады
Дзяржаўная праграма развіцця транспартнага комплексу Рэспублікі Беларусь на 2016– 2020 гады
Мінскі трактарны завод (МТЗ)
Мэты ўстойлівага развіцця ў Беларусі
Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь
Партал інфармацыйнай падтрымкі экспарту Export.by
Праграма дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады
Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады