Закрыть
image description
image description
image description
image description

2 лютага 1945 года. 97 дзён да Перамогі

Вызваленне старадаўняга Торна (Торуні). Лыжныя спаборніцтвы моладзі. Аднаўленне працы абласной бібліятэкі ў Віцебску і бібліятэк у Брэсцкай вобласці. Газеты: “Звязда” (№ 22) і “Советская Белоруссия” (№ 22).

Працягваючы наступленне, войскі 1-га Беларускага фронту пачалі займаць Брандэнбургскую правінцыю Германіі, а войскі 3-га Беларускага – цэнтральныя раёны Прусіі. Вяліся баі за Познань і Будапешт. Масква салютамі вітала ўзяцце горада-крэпасці Торуні і іншых абарончых пунктаў. Тут жа, у Маскве, уручылі ордэны СССР беларускім партызанам і партызанкам («Советская Белоруссия», № 22).

Жыхары БССР, як і ўсяго Савецкага Саюза, імкнуліся паскорыць надыход доўгачаканага міру. Брэсцкія чыгуначнікі на нарадзе актыву ўзялі абавязацельствы перавыканаць план па пагрузцы/выгрузцы і перавозцы грузаў, па падрыхтоўцы новых машыністаў і іх памочнікаў.

Калі ў тыле разумелі цяжкасці фронту, то і адтуль былі бачныя нягоды мірнага жыцця: “за перыяд трох з паловай гадовай вайны прыйшлося перажываць шмат розных цяжкасцяў, так што быў на кані і пад канём. <...> асабліва шкада бацькоў, што яны зараз пакутуюць і што ім няма ніякай дапамогі, што сыны ўсё на фронце” (з ліста Мікіце Бондару ад пляменніка Васіля, 2 лютага 1945 г., база даных “Жывая памяць пакаленняў” Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна).

Жыццё паступова ўваходзіла ў мірнае рэчышча. У Акадэміі навук аб’явілі аб наборы ў аспірантуру і дактарантуру. У Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі навук прынята рашэнне паскорыць выданне падручніка па літаратуры.

У некаторых абласцях рэспублікі – Мiнскай, Маладзечанскай і Гомельскай – прайшлі лыжныя спаборніцтвы калгаснай моладзі.

Установы культуры, адна за адной, адчынялі свае дзверы. Аўтар нататкі ў “Советской Белоруссии” перадаваў навіну з Віцебска: “адноўлена і пачала працаваць абласная бібліятэка імя Леніна”. Пры ёй адкрылася чытальная зала. У бібліятэцы ўжо налічваецца звыш 12 000 кніг палітычнай і мастацкай літаратуры. Для параўнання прывядзём лічбы з манаграфіі Р.С. Матульскага «Библиотеки Беларуси. Из прошлого в будущее. 1917–1991»: “за тры гады акупацыі <...> вялікія страты панеслі <...> і бібліятэкі. Фашысты знішчылі 97 % памяшканняў масавых бібліятэк з усім абсталяваннем і 95 % іх кніжных фондаў”.

Маштаб страт гаворыць сам за сябе. Тым не менш, фонды бібліятэк працягвалі папаўняцца, а ў адкрытыя чытальныя залы прыходзіла ўсё больш і больш чытачоў.

У газеце “Звязда” (№ 22) прыведзены лічбы па ўстановах культуры Брэсцкай вобласці, якія з першых мірных дзён пачалі аднаўляць сваю працу: на 1 лютага гэта 154 хаты-чытальні, 12 дамоў культуры і 14 бібліятэк. У Стаўскай хаце-чытальні Высокаўскага раёна (цяпер скасаваны) кіраўніком стаў былы партызан з гучным прозвішчам Кароль. Ён арганізаваў невялікую бібліятэку. Тут зімовымі вечарамі ва ўтульнай і цёплай атмасферы праводзяцца чытанні газет, а дзятва займаецца ў драматычным і харавым гуртках.

97 дзён засталося да Перамогі...