Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description

16 сакавіка 1945. 55 дзён да Перамогі

Венская наступальная аперацыя. Узяты Хайдэ Вальдбург ва Усходняй Прусіі. Калгас "Чырвоны хлебароб" гатовы выйсці ў поле. Тэатр у Бабруйску. Газеты: "Звязда" (№ 50), "Совецкая радзіма" (№ 41).

16 сакавіка пачалася Венская наступальная аперацыя ("1418 дней Великой Отечественной войны", Мінск, 2014, с. 386), якая праводзіцца сіламі 2-га і 3-га Украінскіх франтоў у Венгрыі і Аўстрыі. Яна завяршылася ўзяццем Вены толькі праз месяц – у сярэдзіне красавіка. Савецкае інфармацыйнае бюро паведаміла ў газеце "Звязда" (№ 50) аб баях 2-га Украінскага фронту ў горналясістай мясцовасці Карпат і ўзяцці горада Зволен (у цэнтральнай Славакіі) – важнага чыгуначнага пункта і магутнага вузла абароны немцаў. 

"Зацятыя баі" працягваліся і ва Усходняй Прусіі.

Што азначала гэтае слова – "зацятыя"?

"Населены пункт Хайдэ Вальдбург (цяпер пасёлак Прыбярэжны ў Калінінградскай вобласці) некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі". На адным з участкаў баі "пераходзілі ў рукапашныя сутычкі". Толькі "прыціснутым" да халодных водаў заліва Фрыш Гаф (цяпер Калінінградскі) нямецкія салдаты "склалі зброю і здаліся ў палон".

Што азначала гэта ўпартасць?

Ад Хайдэ Вальдбурга адкрываўся прамы 8-кіламетровы шлях на Кёнігсберг. Узяцце гэтага невялікага гарадка "раздзяліла ўсходнепрускую групу немцаў на дзве часткі". А гэта не пакідала ім ніякай надзеі пераламаць ход вайны.

У гэты час у БССР таксама вырашаліся баявыя задачы: трэба было наладзіць працу машынна-трактарных станцый і майстэрняў і зрабіць яе ўзорнай – наперадзе пасяўная, а за ёй ідуць услед і іншыя сельскагаспадарчыя працы. Заклад будучага добрага ўраджаю – штодзённая зладжаная праца людзей і тэхнікі, а тэхніка павінна працаваць безадказна. Уся 3-я старонка газеты "Звязда" (№ 50) аддадзена калгасу "Чырвоны хлебароб", які паспяхова падрыхтаваўся да выезду ў палі. Самі калгаснікі (старшыня, брыгадзір, конюх, каваль і інш.) падзяліліся сваімі поспехамі і планамі, расказалі аб утрыманні коней, падрыхтаваным інвентары, пасадцы ў парніках гародніны, датэрміновым выкананні квартальнага плана жанчынамі-лесарубамі ў Міжнародны жаночы дзень (!). На фотаздымках – каровы і цяляты, свінаматка, гусі, а побач – жанчыны, якія за імі даглядаюць. На іншых фотаздымках – конюх са сваім гадаванцам, калгаснікі за праверкай насення і прыёмкай інвентару ад каваля.

4-я старонка прысвечана навінам з усіх куткоў СССР. Адна з самых цікавых сярод іх – "Сем сутак на гумавай лодцы ў моры", у ёй распавядаецца пра выратаванне нашых лётчыкаў-тарпеданосцаў на Балтыцы.

Сярод аб'яў унізе газетнай паласы – пошук дыктараў на радыё, адкрыццё 6-месячных курсаў для падрыхтоўкі да паступлення ў Мінскі юрыдычны інстытут. У кінатэатрах Мінска запрашаюць дарослых на прагляд фільмаў "Сэрца чатырох", "Волга-Волга", "Пяты акіян", а дзяцей – на кінаказку "Залаты ключык".

У газеце "Совецкая радзіма" (№ 41, с. 2) апублікавана рашэнне гарадскога камітэта Бабруйска "Аб падрыхтоўцы да правядзення ачысткі горада". А ў левай калонцы – вялікі артыкул пра адраджэнне тэатра ў Бабруйску. Яго будынак цудам ацалеў падчас вайны. Але яшчэ летась улетку ў глядзельнай зале абвалілася столь, тады неабходна было ўсяго толькі адрамантаваць яе. Аднак у гарсавеце было вырашана, што ў ваенны час – не да тэатра. Цяпер будынак пад пагрозай разбурэння, а калектыў вымушаны працягваць свае пастаноўкі ў Доме Чырвонай арміі.

Да Перамогі заставалася ўсяго 55 дзён ...