Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description

5 сакавіка 1945. 66 дзён да Перамогі

Перамогі Чырвонай арміі на Штэцінскім напрамку. Вынікі баёў у Памераніі і Чэхаславакіі. Дзеянні саюзнай авіяцыі. Заклік Прапойскай МТС. Калгасы абменьваюцца насеннем. Падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў. Газеты: “Звязда” (№ 44), “Віцебскі рабочы” (№ 23), “Сталінец” (Бешанковіцкі раён) (№ 73).

У гэты дзень Чырвоная армія атрымала новыя бліскучыя перамогі. Войскі 1-га Беларускага фронту, працягваючы наступленне, авалодалі гарадамі Штаргард (цяпер Старгард), Ноўгард, Польцын – важнымі вузламі камунікацый і магутнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў на Штэцінскім напрамку, а таксама з баямі занялі больш за 150 іншых населеных пунктаў. Войскі 2-га Беларускага фронту ў ходзе баёў у Памераніі вызвалілі горад Кеслін. На тэрыторыі Чэхаславакіі ў паласе Карпат нашы войскі паспяхова рухаюцца наперад. Саюзная авіяцыя здзейсніла налёт на нафтаачышчальныя заводы ў Гамбургу і яго ваколіцах, а таксама на чыгуначныя дэпо ў Хемніцы (“Звязда”, № 44).

На мірнай зямлі вясна ўступае ў свае правы. Да веснавой сяўбы засталіся лічаныя дні. Калгаснае сялянства актыўна і з поўным усведамленнем свайго абавязку перад Радзімай рыхтуецца да гэтага вельмі важнага перыяду сельскагаспадарчых работ. У газеце “Віцебскі рабочы” (№ 23), якая выйшла ў гэты дзень, 5 сакавіка, надрукаваны зварот калектыву Прапойскай МТС Магілёўскай вобласці “Арганізуем Усебеларускае сацыялістычнае спаборніцтва за ўзорную работу МТС у 1945 годзе!”, які заканчваецца заклікам: “Самаахвярнай працай на калгасных палях дапаможам нашай доблеснай Чырвонай арміі дабіць фашысцкага звера ў яго логаве, за самы кароткі час адновім разбураную ворагам сельскую гаспадарку нашай рэспублікі!”. Самому ж калектыву гэтай МТС ёсць што сказаць. Менавіта яе рабочыя на трактарах, адноўленых у асноўным сваімі сіламі, выканалі ў 1944 г. план трактарных работ на 219 % і выпрацавалі 306 га на кожны 15-сільны трактар, зэканоміўшы 180 тысяч кг гаручага. За гэты час яны абнавілі рамонтную майстэрню, пабудавалі 2 жылыя дамы, аднавілі кантору МТС.

У калгасе “Чырвоны партызан” Віцебскага раёна адбыўся першы пасля вызвалення ад акупацыі збор яго членаў. Дзейнасць калгаса, яе вынікі ўражваюць, сведчаць аб самаадданай працы калгаснікаў і з’яўляюцца арыенцірам для іншых калектыўных гаспадарак пры распрацоўцы імі сваіх сацыялістычных абавязацельстваў ("Віцебскі рабочы", № 23).

У Бешанковіцкім раёне паміж калгасамі разгортваецца абмен пасяўным матэрыялам. Для абмену падрыхтаваны розныя віды яравых культур – авёс, ячмень, пшаніца, гарох. Газета “Віцебскі рабочы” (№ 23) інфармуе аб гэтай працы, робячы акцэнт на яе цяжкасцях і арганізацыйных недапрацоўках. Адной з прычын прамаруджання з’яўляецца недахоп у жывой цяглавай сіле: падчас акупацыі было знішчана фактычна ўсё пагалоўе коней. Выхад бачыцца ў прыцягненні да перавозкі збожжа кароў. У гэтым жа раёне вызначыліся перадавыя калгасы, дзе паспяхова і хуткімі тэмпамі ідуць рамонтныя работы ў МТС, падрыхтаваны інвентар і насенне да блізкай сяўбы. Сярод іх Бешанковіцкая МТС, калгас імя 1 Мая Стралішчанскага сельсавета (“Сталiнец”, № 73).

У Беларусі рыхтуюцца новыя кадры настаўнікаў. Сярод падзей гэтага дня іспыты ў скончыўшых трохмесячныя настаўніцкія курсы пры Лепельскім педвучылішчы. Усе 76 выпускнікоў паспяхова вытрымалі выпрабаванні. 40 з іх камандзіруюцца ў школы Полацкай вобласці (цяпер ліквідавана), астатнія – у школы Бешанковіцкага, Чашніцкага і Лепельскага раёнаў. У бліжэйшыя дні ў вучылішча пачнецца набор на 7-месячныя курсы, дзе будуць навучацца 50 чалавек (“Віцебскі рабочы”, № 23).

Да Перамогі засталося 66 дзён…