Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description

13 сакавіка 1945. 58 дзён да Перамогі

Ад савецкага інфармбюро. Падрыхтоўка да веснавой сяўбы. Хаты-чытальні. Газеты: «Звязда» (№ 49), «Советская Белоруссия» (№ 48), «Путь социализма» (Воранаўскі раён) (№ 19).

Ад савецкага інфармбюро за 12–13 сакавіка. Войскі 2-га Беларускага фронту выйшлі на ўзбярэжжа Данцыгскай бухты на поўнач ад Гдыні, войскі 1-га Беларускага фронту авалодалі важным абаронным пунктам і вузло сувязяў, які прыкрывае подступы да Берліна, –  горадам Кюстрын (цяпер польскі Костшын-над-Одрай). Ноччу ваенна-прамысловыя аб'екты Германіі ў Данцыгу, Гдыні і Кёнігсбергу падвергліся бамбардзіроўцы савецкай авіяцыяй. Самалёты Балтыйскага флоту патапілі транспарт водазмяшчэннем 12 000 тон і вартаўнічы карабель праціўніка. На ваенна-марскія аб'екты на ўзбярэжжы Балтыйскага мора (верфі падводных лодак у Брэмене, Гамбургу і Кілі) здзейснілі налёты некалькі соцень бамбардзіроўшчыкаў ЗША, яшчэ 700 самалётаў скінулі бомбы на сарціровачныя станцыі паміж Франкфуртам-на-Майне і Рурам. Англійская авіяцыя бамбіла Берлін і Эсэн, амерыканскія «Летающие крепости» – японскі горад Нагоя і японскія прадпрыемствы ў Сінгапуры ("Звязда»", № 49; "Советская Белоруссия", № 48). Кожны дзень і нават кожную гадзіну падрыхтоўкі да веснавых палявых работ вырашае лёс будучага ўраджаю – піша газета "Путь социализма" (№ 19) Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці . Гэта будзе сур'ёзным іспытам для мясцовых савецкіх, партыйных арганізацый і органаў, якія займаюцца зямлёй. Восенню 1944 года паспяхова праведзена «падкормка» зямлі. А сёння важнымі складнікамі поспеху ў бітве за ўраджай з'яўляюцца актыўная праца калгаснага сялянства, рабочых саўгасаў і машынна-трактарных станцый, правільная падрыхтоўка насення (ручным або машынным спосабам), інвентара, цяглавай сілы. Прычым у якасці цяглавай сілы можна выкарыстоўваць не толькі коней, але і малодойных кароў. Баявая задача аднаўлення сельскай гаспадаркі пастаўлена –  яе трэба выканаць!

Унізе 2-й газетнай старонкі размешчаны матэрыял аб правільным захоўванні клубняў бульбы, пасадцы і доглядзе на працягу лета – практычныя парады былі востра неабходнымі.
Таксама на 2-й старонцы даволі вялікі матэрыял пад назвай «Клубы, хаты-чытальні з'яўляюцца цэнтрамі выхавання насельніцтва». У раёне маецца дом культуры, раённая бібліятэка і 4 хаты-чытальні пры сельскіх саветах. У некалькіх сельсаветах хаты-чытальні так і не адчыніліся, прычына ў тым, што выдзеленыя для іх памяшканні не адрамантаваны. А бо хата-чытальня, піша аўтар, – гэта важнейшы культурна-асветніцкі цэнтр, дзе людзі могуць даведацца аб самых апошніх навінах пра поспехі Чырвонай арміі, пра падзеі ў суседніх раёнах і абласцях Беларусі і ўсяго СССР. Але адных газет мала – пры хатах-чытальнях павінны быць створаны драматычныя, музычныя, харавыя гурткі, кансультацыйна-даведачныя бюро. Падобныя цэнтры могуць не толькі прапагандаваць перавагу калгаснага сацыялістычнага земляробства, але і распаўсюджваць практычныя агратэхнічныя веды.
Аўтар нататкі пра Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву (Осоавиахим) прапануе распаўсюдзіць яго дзейнасць на кожную вёску раёна – абарона Радзімы застаецца надзённай задачай. Дарэчы, гэта савецкая грамадска-палітычная абаронная арганізацыя (1927–1948 гг.) Была ператворана ў ДТСААФ («Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту»), якая і сёння працягвае сваю дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь.
Да Перамогі застаецца 58 дзён ...