Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

23 лютага 1945 года. 76 дзён да Перамогі

Матэрыялы пра Чырвоную армію. Фатаграфіі воінаў. Газеты: “Звязда” (№ 36), “Віцебскі рабочы” (№ 20), “Совецкі патрыёт” (Бягомльскі раён) (№ 10).

                                Ваююць героі
                                Далёка, далёка…
                                Апошнія крокі
                                Да ўсёй перамогі.
                                           П. Броўка

“Эх, дороги”, цяжкія дарогі вайны... Армія і вайна далёка на захадзе. Яшчэ год таму святкаванне Дня Чырвонай арміі было звязана з горыччу. Савецкая армія вызваляла горад за горадам, вобласць за вобласцю сваёй роднай зямлі. Радасць ахоплівала і воінаў, і жыхароў, якія стаміліся ад страхаў і трывог. Але перад вачыма байцоў адкрывалася і карціна бедстваў: гібель людзей, разбураныя гарады, спаленыя вёскі, вывезеныя ў невядомасць маладыя дзяўчыны, разрабаваныя заводы і фабрыкі, калгасныя гаспадаркі, музеі, бібліятэкі...

Зараз настрой у войсках стаў іншым. Так, страты баявых таварышаў непазбежныя, ды і ўласны лёс кожнага салдата яму самому невядомы. Але, па меншай меры, можна не хвалявацца за жыццё сваіх блізкіх у роднай старонцы. Так, ім цяжка сеяць і араць, рабіць гарматы і танкі, аднаўляць дома, лячыць, вучыцца - працаваць за сябе і за тых, хто на фронце. Але ўжо блізкая Перамога, кожны дзень набліжае да яе! Ужо хутка воіны вернуцца да сваіх сем’яў, і тады хутчэй адновіцца ранейшае мірнае жыццё, пра якое цяпер толькі марыцца.

У гэты дзень, 23 лютага, як падарунак да свайго свята – “войскі 1-га Беларускага фронту пры ўдзеле польскіх патрыётаў пасля 30-дзённай аблогі занялі горад і крэпасць Познань” (“1418 дзён Вялікай Айчыннай вайны”, 2014, с. 381).

Вядома, акрамя віншавання ад Вярхоўнага галоўнакамандуючага, у газетах надрукаваны артыкулы, у якіх гаворыцца пра вырашальны уклад Чырвонай арміі ў разгром германскага мілітарызму, пра тое, чым Беларусь дапамагала фронту; шмат матэрыялаў пра байцоў, фатаграфій (“Звязда”, № 36). На 2-й старонцы газеты “Совецкі патрыёт” Бягомльскага раёна (№ 10) – нататка пра Героя Савецкага Саюза лётчыцу Е. Нікуліну.

З фатаграфіі ўсміхаецца прыгожая дзяўчына з ордэнамі і медалямі на грудзях, да вайны яна працавала ў Смаленску ў грамадзянскай авіяцыі, а цяпер на яе рахунку – больш за 600 баявых вылетаў. У газеце “Віцебскі рабочы” (№ 20) – артыкул пра ваенны шлях ураджэнца горада Оршы, Героя Савецкага Саюза баявога лётчыка У. Завадскага. За гады вайны ён прыняў удзел у Белгарадскай і Харкаўскай аперацыях, у паветраных баях над Палтавай, Крамянчугам, Кіраваградам, неаднаразова фатаграфаваў абаронныя рубяжы праціўніка. Сярод яго ўзнагарод – айчынныя ордэны і медалі, ордэн саюзнай арміі ЗША. Аўтар артыкула піша, што нядаўна яго бацькі атрымалі ліст ад камандзіра часці, дзе служыць У. Завадскі, з удзячнасцю за сына.

А да Перамогі застаецца яшчэ 76 дзён...

.