Закрыть
image description
image description
image description

6 сакавіка 1945. 65 дзён да Перамогі

Узяцце горада і крэпасці Граўдэнц. Спаборніцтвы калгасных брыгад. Новы калгас. Творчая сустрэча беларускіх і літоўскіх пісьменнікаў. Газета "Звязда" (№ 45, 46).

Звесткі з фронту працягваюць радаваць. Двухтыднёвая аблога і зацятыя баі скончыліся поўным разгромам войскамі 2-га Беларускага фронту акружанай групоўкі праціўніка. Горад-крэпасць, самы магутны вузел абароны немцаў на ніжнім цячэнні Віслы – Граўдэнц – паў! Узята ў палон больш за 5 тыс. салдат і афіцэраў на чале з камендантам крэпасці генерал-маёрам Фрыке і яго штабам, захоплена вялікая колькасць узбраення і ваеннай маёмасці. Войскі 1-га Беларускага фронту, развіваючы паспяховае наступленне, авалодалі пяццю магутнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў у Заходняй Памераніі ("Звязда" (№ 45). У гэты дзень на ўсіх франтах знішчана 149 нямецкіх танкаў, збіта 29 самалётаў праціўніка "Звязда" (№ 46). Войскі саюзнікаў прасунуліся на 1,5 км у межы Кёльна і ўтрымліваюць левы бераг Рэйна ад Гомберга да Нейса. Авіяцыя саюзнікаў зрабіла налёты на чыгункі ў Галандыі, бамбіла чыгуначныя аб'екты на найвелізарнейшай тэрыторыі на ўсход ад Рэйна.

На мірным фронце высокімі тэмпамі ідуць вясновыя падрыхтоўчыя працы. У разгары спаборніцтва калгасных брыгад за лепшую падрыхтоўку да вясны. Актыўна спаборнічаюць брыгады калгаса "КІМ" Хойніцкага раёна. Насенне, тэхніка, інвентар падрыхтаваны да пасеву і кімаўцы гатовы ў любы момант выехаць у поле. У 1945 г. яны значна павялічваюць сваю пасяўную плошчу.

Падзеі гэтага дня сведчаць таксама пра тое, што працэс стварэння новых калгасаў працягваецца. На агульным сходзе сялян вёскі Малая Бераставіца (Бераставіцкі раён) абмеркавана і падтрымана іх жаданне аб'яднацца ў калгас. У яго складзе будзе 34 гаспадаркі, у распараджэнні якіх 500 га зямлі, фруктовы сад і сядзіба. Калгасу будзе аказана дапамога ў набыцці коней, колаў і абсталявання для кузні ("Звязда" (№ 45).

Напоўнена падзеямі і культурнае жыццё насельніцтва краіны. У гэты дзень, як і ў папярэднія, ідзе падрыхтоўка да рэспубліканскага агляду мастацкай самадзейнасці, які плануецца правесці ў канцы сакавіка ў Мінску. Ва ўсіх абласцях рэспублікі ўжо вызначаны калектывы, якія возьмуць удзел у гэтым мерапрыемстве. У Вільні адбылася творчая сустрэча беларускіх і літоўскіх пісьменнікаў. Дэлегацыю беларусаў у складзе П. Броўкі, М. Танка, В. Вольскага, А. Кучара і М. Машары шчыра вітаў старшыня праўлення саюза савецкіх пісьменнікаў Літвы Костас Корсакас. Беларускія пісьменнікі пазнаёміліся з літоўскай сталіцай і былі прыняты старшынёй Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР ("Звязда", № 45).

Кінатэатры сталіцы па-ранейшаму працуюць на поўную моц. Іх рэпертуар, сфармаваны ў пачатку сакавіка, застаецца нязменным: 6 сакавіка гледачоў збіраюць мастацкія фільмы "Іван Грозны", "У старым Чыкага", "Таямнічы востраў", "Пяты акіян".

Да Перамогі засталося 65 дзён...

н...