Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description

20 сакавіка 1945. 51 дзень да Перамогі

Узяцце порта Кольберг на Балтыйскім моры. Авіяналёты. Планаванне абнаўлення вёсак. Планы Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Аповед аб працы ў Нямеччыне. Газета “Звязда” (№ 52).

Галоўная навіна з фронту, як заўсёды, дадзена буйнымі літарамі ў правым верхнім куце 1-й старонкі. На гэты раз савецкія войскі цалкам авалодалі горадам і портам на Балтыйскім моры Кольберг, зламаўшы супраціў акружанага гарнізона. Пры гэтым каля 6 тысяч нямецкіх салдат здаліся ў палон. Сярод трафеяў – 4 дзясяткі танкаў і самаходных гармат, 100 гармат, 48 паравозаў і 22 чыгуначныя эшалоны. Працягваюцца баі ў Брэславе з акружаным гарнізонам войскаў Нямеччыны – тут часткам Чырвонай арміі даводзіцца пераадольваць завалы, барыкады, мінныя загароды, адбіваць атакі, уступаць у рукапашныя сутычкі. Самалёты нашай авіяцыі бамбілі ваенна-прамысловыя аб'екты ў Данцыгу, а караблі Балтфлоту патапілі 4 нямецкія транспарты.

Таксама на 1-й старонцы – артыкул пра абнаўленне вёсак і жылога фонду. У прыклад ставіцца актыўная праца ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, дзе за некалькі месяцаў адбудавана больш за 120 тысяч дамоў. А на 3-й – падрабязнае апісанне і схемы будаўніцтва сядзібы калгасніка: агульная план-схема; план размеркавання на ўчастку (тэрыторыі сядзібы) жылога дома, гаспадарчых пабудоў, саду і агарода; унутраная планіроўка жылога дома і гаспадарчага хлява з указаннем колькасці будаўнічага матэрыялу.

колас вершы.pngУ газеце нададзена ўвага публікацыям. Так, на 2-й старонцы – разгорнуты каментар на артыкул аб польска-нямецкіх нацыяналістах з часопіса Дзяржаўнага выдавецтва БССР “Блакнот агітатора” (№ 5), а на 4-й – планы гэтага выдавецтва на 1945 год. Толькі марксісцка-ленінскай літаратуры плануецца выдаць больш за 70 найменняў. У планах – школьныя падручнікі, палітычная, сельскагаспадарчая, навуковая і тэхнічная літаратура, выданні па мастацтве, кнігі для дзяцей. Прадставім некаторыя з іх. Гэта “Асновы агратэхнікі пладовага саду” Г.А. Шпанько, “Вершы для дзяцей” Якуба Коласа, зборнік вершаў для дзяцей “Арлянятам”  Янкі Купалы і многія іншыя.

арлянятам.pngУ газетах ужо на працягу некаторага часу з'яўляецца аб'ява Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета пра тое, што на сцэне ідзе “Мадам Батэрфляй” Дж. Пучыні. І вось – вялікая рэцэнзія (у далейшым вядомага) кампазітара П. Падкавырава аб пастаноўцы. Падсумоўваючы свой аналіз, аўтар выказаў пажаданне, каб са сцэны гучалі сучасныя оперы беларускіх кампазітараў і руская класіка. Адзін з момантаў гэтай пастаноўкі адлюстраваны на фота, размешчаным над рэцэнзіяй.

Репатриантам.JPGЯшчэ адзін матэрыял, які не пакіне нас абыякавымі, – аповеды юнакоў і некалькіх дзяўчат, якія былі прымусова вывезены на працу ў Нямеччыну і толькі што вярнуліся адтуль. Тысячы і тысячы беларусаў, украінцаў, рускіх вяртаюцца дадому. У невялікай кніжачцы Дзяржаўнага выдавецтва БССР, выпушчанай восенню 1945 года (“Аб рэпатрыяцыі грамадзян СССР”), – інтэрв'ю ўпаўнаважанага Саўнаркама СССР па справах рэпатрыяцыі генерал-палкоўніка Ф.І. Голікава аб ходзе вяртання грамадзян СССР на радзіму і іншыя матэрыялы. З усімі названымі кнігамі можна азнаёміцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

А да Перамогі застаецца яшчэ 51 дзень...