Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description

12 сакавіка 1945 года. 58 дзён да Перамогі

Падрыхтоўка да палявых работ. Астравецкі лесазавод. Рымдзюнская хата-чытальня. Газета “Сталинская правда” Астравецкага раёна (№ 17).

У перадавым артыкуле газеты “Сталинская правда” Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці (№ 17) гаворыцца пра важнасць падрыхтоўчага этапу да веснавых палявых работ – менавіта ён закладвае аснову будучага ўраджаю, ад якога, у сваю чаргу, залежыць забеспячэнне хлебам і харчаваннем Чырвонай арміі і ўсёй краіны, а прамысловасці – сыравінай.

На 2-й старонцы – паведамленне пра Астравецкі лесазавод, які аднавіў сваю працу 6 лістапада 1944 года, тады пачала працаваць адна лесарама і абразны станок; да сённяшняга дня пушчаны такарны станок – гэта дазволіць вырабляць тавары шырокага спажывання. Фінансавы аддзел раёна абвясціў аб абавязковай рэгістрацыі штатаў і каштарысаў адміністрацыйна-гаспадарчых выдаткаў на 1945 год.

“Не адзін раз сяляне Рымдзюнскага сельсавета (цяпер аграгарадок Рымдзюны – заўв. аўт.) прыходзілі да Рымдзюнскай хаты-чытальні, але яна заўсёды зачынена на замок”, – піша аўтар артыкула “Хата-чытальня на замку”. Прычына такога стану ў тым, што кіраўнікі сельсавета не падабралі загадчыка хаты-чытальні. Таму паштальён пакідае лісты для хаты-чытальні дзе прыйдзецца. Насельніцтва пазбаўлена штодзённай інфармацыі аб становішчы на фронце, гераізме ў тыле. Палітмасавая праца, важнасць якой узрастае падчас вайны, не праводзіцца.

Агулам у сельскай мясцовасці аднаўленне працы бібліятэчнай сеткі зазнала значна больш цяжкасцей, чым у гарадах. Але да канца 1945 г. “хат-чытальняў было нават на 41 % больш, чым у даваенны час”, хоць іх фонд аднавіўся толькі на 80 % і ў сярэднім на адну хату-чытальню прыходзілася 175 кніг (Матульскі Р.С. “Библиотеки Беларуси. Из прошлого в будущее. 1917–1991”, 2018, с. 117–118).

58 дзён засталося да Перамогі...