Закрыть
image description
image description
image description
image description

10 лютага 1945 года. 89 дзён да Перамогі

Падзеі ў Асіповічах, Бабруйску, Каламыі, Кіргізіі, Даніі і Германіі. Газеты: “Звязда” (№ 27), “Советская Белоруссия” (№ 27).

Навіны гэтага дня тычацца і розных куткоў Беларусі, і рэспублік СССР, і некалькіх краін Еўропы.

У газеце “Звязда” (№ 27) паведамляецца, што на Асіповіцкім шклозаводзе працоўныя ўсталі на стаханаўскую вахту ў гонар наступу Чырвонай арміі, тут выпускаюць аконнае шкло, графіны, шклянкі, блюды. Беларускі політэхнічны інстытут (у будынку Інстытута фізкультуры) працягвае прыём на першы і старэйшыя курсы, аб'яўляе ўступныя экзамены 15 лютага.

У рубрыцы “Дзень Бабруйска” распавядаецца аб тым, што ў горадзе сабрана больш за 40 тысяч рублёў на стварэнне танкавай калоны, гарадскім саветам зацверджаны праект некалькіх новых гарадскіх будынкаў. У гэтай жа рубрыцы ёсць і навіны культуры. Да 27-й гадавіны Чырвонай Арміі ў чытальных залах абласной і гарадской бібліятэк, бібліятэкі Дома партыйнай асветы арганізаваны выстаўкі, прысвечаныя бітвам пад Сталінградам, Арлом, Курскам, Мінскам, Бабруйскам. На лесакамбінаце па ініцыятыве камсамольцаў і моладзі адкрылася бібліятэка з чытальнай залай, зараз сюды прыходзяць больш за 140 чытачоў. Чытальная зала адкрылася і ў нядаўна абноўленым Палацы піянераў, дзе ўжо дзейнічаюць некалькі гурткоў – лепкі, духавых інструментаў, драматычны і літаратурны. А аддзел мастацтва пры аблвыканкаме выдаў зборнік аднаактовых п'ес, вершаў і песень савецкіх кампазітараў.

“Советская Белоруссия” (№ 27) надрукавала навіны з рэспублік СССР. У Каламыі Станіслаўскай (цяпер – Івана-Франкоўскай) вобласці Украінскай ССР пасля вызвалення адраджаюцца народныя мастацкія промыслы. У Кіргізіі заканчваецца будаўніцтва ірыгацыйных сістэм, магістральных каналаў і невялікіх арыкаў, будаўніцтва вядзецца сіламі калгаснікаў і калгасніц.

Са Стакгольма паведамляюць аб становішчы ў Даніі і Германіі: на вуліцах Капенгагена – узброеныя сутыкненні паміж гітлераўцамі і насельніцтвам; сабатаж на чыгунцы; з прыгарадаў Берліна эвакуіраваны жыхары; масты праз Шпрэе і аўтастрады, якія вядуць у горад, замініраваны. Англійская авіяцыя бамбуе нямецкія ваенныя аб'екты (“Звязда”, № 27; “Советская Белоруссия”, № 27).

Да Перамогі застаецца 89 дзён…