Закрыть
image description
image description
image description
image description

13 лютага 1945. 86 дзён да Перамогі

Крымская канферэнцыя. “Хто смяецца апошнім” К. Крапівы. У Дзяржаўнай бібліятэцы імя У.І. Леніна БССР – папаўненне фонду. Кінафестываль у Мінску. Газеты: “Звязда” (№ 29), “Советская Белоруссия” (№ 29).

Галоўнай навіной гэтых дзён стала завяршэнне канферэнцыі кіраўнікоў трох саюзных дзяржаў – СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Крыме, якая працягвалася з 4 па 11 лютага 1945 г. Ва ўсіх цэнтральных газетах было надрукавана прынятае па выніках канферэнцыі камюніке аб устанаўленні пасляваеннага сусветнага парадку (“Звязда”, № 29; “Советская Белоруссия”, № 29). Таксама адна з важных падзей 13 лютага – вызваленне нашымі войскамі сталіцы Венгрыі Будапешта (“1418 дней Великой Отечественной войны”, Мінск, 2014, с. 378).

Сярод навін культуры вылучым некалькі. На фатаграфіі ў газеце “Звязда” (№ 29, с. 4) – сцэна са спектакля “Хто смяецца апошнім”, пастаўленага па аднайменнай п’есе К. Крапівы ў Першым Беларускім драмтэатры імя Янкі Купалы.

Дзяржаўная бібліятэка імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі) за апошнія некалькі месяцаў атрымала шмат літаратуры з розных гарадоў Савецкага Саюза, у асноўным з Масквы, прычым выдадзенай у ваенныя гады. Гэта і кнігі, прысвечаныя гарадам-героям, моладзі, жанчыне на вайне. І кнігі такой цікавай і незвычайнай серыі, як “ленінградцы-вадаправоднікі, ленінградцы-паліграфісты падчас нямецкай блакады”.

Таксама атрыманы кнігі на беларускай мове, у тым ліку серыя кніг аб Героях Савецкага Саюза. Новыя паступленні будуць паказаны на выставе, прымеркаванай да свята Чырвонай арміі 23 лютага (“Советская Белоруссия”, № 29). Гэтаму святочнаму дню прысвечаны і 9-дзённы кінафестываль, які адбудзецца ў кінатэатры “Першы”, – пра гэта абвясціла абласное ўпраўленне кінафікацыі.

Да Перамогі заставалася 86 дзён...