Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

26 лютага 1945. 73 дні да Перамогі

Аднаўленне жылля. Парады агранома. Газеты «Звязда» (№ 39) і «Ленінскі шлях» (Асвейскі раён) (№ 36).

На тэрыторыі Беларусі вайна бязлітасна знішчыла многія вёскі і гарады. Пасля вызвалення адной з першачарговых задач стала аднаўленне жылля і іншых будынкаў.

Газета “Ленінскі шлях” (Асвейскі – цяпер Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці) (№ 36) змясціла матэрыял аб выкананні плана па будаўніцтве драўляных дамоў у розных калгасах раёна. Цікава тое, што на будаўніцтва хаты ўрад даваў крэдыт калгасніку да 10 000 рублёў. На другой старонцы газеты – сакратар аднаго з сельсаветаў падзяліўся поспехамі па аднаўленні жылля.

Таксама прапрацоўвалася пытанне выкарыстання для будаўніцтва тых прыродных матэрыялаў, якіх было ў БССР у лішку. На 4-й старонцы газеты “Звязда” (№ 39) за 25 лютага надрукавана размова з наркамам мясцовай прамысловасці таварышам Спірыдонавым. У ёй гаворыцца пра выкарыстанне гліны і гліназёму для будаўніцтва будынкаў, як гэта робіцца ў Сярэдняй Азіі, Украіне, Запаляр’і. Глінабітныя будынкі даволі ўстойлівыя, цёплыя і светлыя. Прычым іх можна будаваць, прымяняючы каркас, нават у некалькі паверхаў. Досвед паказвае, што падобнае будаўніцтва магчыма без асабліва вялікіх выдаткаў сіл, у параўнанні з узвядзеннем дамоў з дрэва, якое патрабуе не толькі велізарнай колькасці лясных матэрыялаў, але і транспарту, і вялікага напружання сіл. Галоўнае пры будаўніцтве з гліны – каб яно вялося ўлетку і матэрыял добра высах.

Аграном Асвейскага раёна ў даволі вялікай нататцы ў газеце “Ленінскі шлях” (№ 36) дае парады, як падрыхтаваць насенне да пасадкі і забяспечыць высокі ўраджай. Гэта асабліва актуальна пасля 3-гадовай акупацыі, калі зямлю не апрацоўвалі і не ўзбагачалі ўгнаеннямі. У іншай нататцы гаворыцца, што на адной з машынна-трактарных станцый сабралі трафейны трактар. (Чаму ён “трафейны”? Як сюды трапіў? Аўтар нататкі пра гэта не піша).

А да Перамогі заставалася 73 дні...