Закрыть
image description
image description
image description
image description

14 лютага 1945 года. 85 дзён да Перамогі

Аднаўленне аб'ектаў і галін гаспадаркі. Адкрыццё бібліятэк і хат-чытальняў ў заходніх абласцях Беларусі. Камедыя К. Крапівы – ізноў на сцэне тэатра. Газеты: “Звязда” (№ 30), “Советская Белоруссия” (№ 30).

У аператыўнай зводцы Саўінфармбюро паведамляецца, што гарнізон нямецкіх войскаў у Будапешце цалкам разгромлены, у палон здаліся больш за 100 тысяч салдат і афіцэраў. Цяпер савецкім войскам адкрыты прамы шлях да Вены – сталіцы Аўстрыі.

У БССР працягваецца аднаўленне галін сельскай гаспадаркі, прамысловасці, культуры. У Магілёўскай вобласці зноў з'явіліся плантацыі хмелю. Днепра-Дзвінскае ваенна-аднаўленчае ўпраўленне абвясціла пра пачатак заключэння дагавораў на перавозку грузаў па водным басейне. Упершыню пасля вызвалення адчыніў свае дзверы перад пасажырамі чыгуначны вакзал Мінска, спалены немцамі 2 ліпеня 1944 года. Нягледзячы на тое, што вакзал пачаў працу, працягнецца яго ўнутранае афармленне, для чаго запрошаны скульптары і мастакі Беларусі. Дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута пералівання крыві (цяпер – Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій) напісаў для газеты артыкул аб гэтым метадзе лячэння – з гістарычным экскурсам і акцэнтам на яго значэнні.

Вялікі артыкул у "Советской Белоруссии" (№ 30) “Смех пераможцаў” прысвечаны спектаклю па сатырычнай камедыі Кандрата Крапівы "Хто смяецца апошнім", якая зноў ідзе на сцэне Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы (аб чым мы ўжо паведамлялі ў адной з папярэдніх навін праекта “100 дзён да Вялікай Перамогі” – Заўв. аўт.). Дарэчы, пры гэтым тэатры, а таксама пры Віцебскім драматычным тэатры імя Якуба Коласа адкрыліся студыі, у якіх узнавілася падрыхтоўка акцёрскіх кадраў ("Звязда", № 30).

У гарадах і вёсках заходніх абласцей Беларусі адкрываюцца бібліятэкі і хаты-чытальні. У Баранавіцкай вобласці адкрыліся 15 гарадскіх і раённых бібліятэк са значным кніжным фондам. А ўсяго па вобласці дзейнічаюць больш за 200 хат-чытальняў і 16 дамоў культуры – тут вечарамі людна: праводзяцца гутаркі і лекцыі, калектыўныя чытанні газет і кніг. Нядаўна бібліятэчны фонд вобласці папоўніўся 30-ю тысячамі кніг па мастацтве, палітычнай і гістарычнай тэматыкі. Такое ж абнаўленне і ў Гродзенскай вобласці: аднавілі сваю работу 16 бібліятэк і 150 хат-чытальняў. Усяго пасля вызвалення сюды было накіравана больш за 140 тысяч кніг на рускай і беларускай мовах. Усяго ж у заходніх абласцях працуе 60 гарадскіх і раённых бібліятэк, 875 хат-чытальняў (“Звязда”, № 30). Да вайны ж, у 1940–1941 гг., тут было 1770 бібліятэк, уключаючы хаты-чытальні (Матульскі Р.С. “Библиотеки Беларуси. Из прошлого в будущее. 1917–1991", 2018, с. 111).

97 дзён засталося да Перамогі...