Фінансы
Фінансава-крэдытная сістэма Беларусі складаецца з бюджэтнага сегмента, банкаўскай сістэмы, а таксама ўключае фінансавыя сродкі пазабюджэтных фондаў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадзян.
На тэрыторыі рэспублікі праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палітыка. Нацыянальнай валютай з'яўляецца беларускі рубель. Функцыю кіравання, планавання і прагназавання ў фінансавай сферы ажыццяўляюць Міністэрства фінансаў, Міністэрства эканомікі, а таксама Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь.
Мэта, задачы і прыярытэтныя кірункі развіцця фінансавага рынку Рэспублікі Беларусь на сярэднетэрміновую перспектыву вызначаны Стратэгіяй развіцця фінансавага рынку Рэспублікі Беларусь да 2020 года, зацверджанай Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 2017/03/29 г. № 229/6.
Бюджэтная сістэма Рэспублікі Беларусь уключае рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты. Даходы бюджэту фармiруюцца за кошт падаткаў, якiя вызначаюцца законам, іншых абавязковых плацяжоў, а таксама іншых паступленняў. Агульнадзяржаўныя расходы ажыццяўляюцца за кошт рэспубліканскага бюджэту ў адпаведнасці з яго расходнай часткай. У адпаведнасці з законам у Рэспубліцы Беларусь могуць стварацца пазабюджэтныя фонды.
Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь забяспечвае поўнае сістэмнае рэгуляванне банкаўскай сферы краіны. На пачатак 2019 г. на тэрыторыі рэспублікі дзейнічалі 24 банкі. Таксама адкрыта 5 прадстаўніцтваў замежных банкаў.
Банкаўская сістэма Беларусі ўяўляе сабой прынятую ў міжнароднай практыцы двухузроўневую сістэму, якая складаецца з цэнтральнага банка – Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь – і камерцыйных банкаў другога ўзроўню.
Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь рэгулюе крэдытныя адносіны, грашовае абарачэнне, вызначае парадак разлікаў і валодае выключным правам эмісіі грошай. З 1992 г. супрацоўнічае з Міжнародным валютным фондам, з 1996 г. уваходзіць у Групу банкаўскіх наглядальнікаў з краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы (BSCEE Group)
Самая буйная ўніверсальная фінансава-крэдытная ўстанова краіны, якая ажыццяўляе і якая прапануе сваім кліентам больш чым 100 відаў банкаўскіх паслуг – АСБ Беларусбанк. З'яўляецца членам банкаўскага холдынгу, у склад якога ўваходзіць 15 арганізацый дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці.
Адзін з найбуйнейшых банкаў Беларусі – Белаграпрамбанк. Долі яго ўласнага капіталу і статутнага фонду складаюць 37,8% і 44,1% у сукупнасці па ўсёй банкаўскай сістэме краіны. Выдае каля траціны ўсіх крэдытаў у эканоміку краіны.
Мэтай Банка развіцця Рэспублікі Беларусь з'яўляецца развіццё сістэмы фінансавання дзяржаўных праграм і сацыяльна значных інвестыцыйных праектаў. Яго дзейнасць накіравана на фінансаванне доўгатэрміновых і капіталаёмістых інвестыцыйных праектаў у рамках рэалізацыі дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў; аказанне падтрымкі суб'ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва праз забеспячэнне спецыяльных крэдытных прадуктаў; прадастаўленне льготных экспартных крэдытаў для падтрымкі буйных (звыш 1 млн даляраў ЗША) праектаў айчынных прадпрыемстваў-экспарцёраў. Банку развіцця прадастаўлена выключнае права выступаць у якасці банка-агента ўрада па абслугоўванні і пагашэнні знешніх дзяржаўных пазык.
На развіццё рынку працэсінгавых паслуг быў створаны Банкаўскі працэсінгавы цэнтр. Галоўная мэта яго дзейнасці – шырокае ўкараненне безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем банкаўскіх плацёжных картак і развіццё інфраструктуры абслугоўвання трымальнікаў картак.
Беларуская валютна-фондавая біржа займаецца арганізацыяй таргоў, клірынгавай і дэпазітарнай дзейнасцю, арганізацыяй сістэмы электроннага дакументазвароту, а таксама аказаннем інфармацыйных паслуг.
Місіяй Агенцтва гарантаванага пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб з'яўляецца забеспячэнне гарантаванага кампенсавання грашовых сродкаў у беларускіх рублях і замежнай валюце, размешчаных фізічнымі асобамі на рахунках і (або) ва ўклады (дэпазіты) у банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, прынятых на ўлік у агенцтве.
Вызначальным дакументам для інавацыйных падыходаў ў банкаўскай сферы, з'яўляецца Стратэгія развіцця лічбавага банкінгу ў Рэспубліцы Беларусь на 2016–2020 гады, якая адпавядае доўгатэрміновым задачам эканамічнага развіцця краіны і банкаўскай сістэмы. Актыўна, з улікам сусветных тэндэнцый развіваецца рынак электронных грошай: з 9 лістапада 2004 г. у рэспубліцы дзейнічае першая беларуская сістэма «Электронныя грошы», прызначаная для ажыццяўлення плацяжоў у Інтэрнэце і з дапамогай SMS-паведамленняў. У цяперашні час выпуск у абарачэнне электронных грошай у краіне ажыццяўляюць восем банкаў.
Рэалізацыя на банкаўскім рынку інавацый, накіраваных на паскарэнне лічбавай трансфармацыі банкаўскага абслугоўвання і плацёжнай сістэмы дазволіць стымуляваць успрымальнасць нацыянальнай эканомікі да глабальных працэсаў цыфравізацыі і задзейнічае нявыкарыстаны патэнцыял эканамічнага росту.
Развіццю эфектыўнага бізнес-асяроддзя і паскарэнню абарачальнасці грашовых сродкаў будзе садзейнічаць стварэнне інавацыйных сістэм разлікаў. Разглядаецца магчымасць укаранення сістэмы імгненных плацяжоў, якая забяспечвае залічэнне грашовых сродкаў атрымальніку онлайн ў рэжыме 24/7. Стварэнне аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы забяспечыць у рэжыме анлайн узаемадзеянне паміж яе ўдзельнікамі па выкананні абавязацельстваў плацельшчыкаў.
Адным з прыярытэтных кірункаў развіцця лічбавага фінансавага рынку з'яўляецца ўкараненне банкамі інавацыйных праграмна-тэхнічных рашэнняў у фінансавай сферы на базе адкрытых інтэрфейсаў праграміравання прыкладанняў (Application Programming Interface, API).
Завяршаецца падрыхтоўчы этап укаранення міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі (МСІ), якая стварае адзіную банкаўскую і фінансавую прастору на рынку рознічных банкаўскіх паслуг. У МСІ ўжо загружана больш за 6 млн запісаў аб кліентах банкаў, з іх больш за 4 млн могуць ажыццявіць самастойную рэгістрацыю з выкарыстаннем мабільных тэлефонаў.
У краіне развіваюцца бескантактавыя тэхналогіі і плацёжныя сэрвісы, заснаваныя на сучасных інавацыйных рашэннях. Нацыянальны банк зацікаўлены ў рабоце міжнародных плацёжных сістэм па больш хуткаму ўкараненню і шырокаму прымяненню на беларускім рынку мабільных плацёжных сэрвісаў, заснаваных на тэхналогіі такенізацыі. У бліжэйшы час плануецца запуск плацёжных сэрвісаў Samsung Pay, Apple Pay і Android Pay, якія дазваляюць ажыццяўляць плацяжы з выкарыстаннем мабільных прылад.
Шырокія магчымасці для банкаў адкрывае створаная Нацыянальным банкам інфармацыйная сістэма з выкарыстаннем тэхналогіі Blockchain. У адпаведнасці з пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 11 ліпеня 2017 г. № 279 у практычнай дзейнасці банкі змогуць выкарыстоўваць Blockchain для перадачы інфармацыі аб выдадзеных банкаўскіх гарантыях і пры рабоце на рынку каштоўных папер. Новы механізм вядзення рэестраў банкаўскіх гарантый будзе садзейнічаць забеспячэнню ўзаемнага доступу суб'ектаў гаспадарання дзяржаў – членаў Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) да працэдур дзяржаўных закупак тавараў (работ, паслуг). Улічваючы рост цікавасці грамадзян і суб'ектаў гаспадарання Беларусі да крыптавалют, Нацыянальны банк праводзіць вывучэнне і актыўны маніторынг адпаведнага вопыту сусветных фінансавых інстытутаў, рэгулятараў і тэхналагічных кампаній.
Плацёжная сістэма "Белкарт" забяспечвае трымальнікам банкаўскіх плацёжных картак, прадпрыемствам гандлю і сэрвісу, банкам доступ да бяспечнай і хуткай сістэмы электронных плацяжоў на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Устаноўленыя правілы і працэдуры плацёжнай сістэмы з'яўляюцца асновай для ажыццяўлення эмісіі, эквайрынгу, працэсінгу, а таксама правядзення разлікаў па аперацыях з выкарыстаннем картак "Белкарт". Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2016 г. № 1102 "Аб крэдытаванні дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў у 2019 годзе" вызначае напрамкі і ліміты дырэктыўнага крэдытавання дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў банкамі і ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь»
Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы
Агенцтва гарантаванага пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб
Банк развіцця
БПС Ашчадны банк
БТА Банк
Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь