Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

5 красавіка 1945 года. 35 дзён да Перамогі

Перамогі Чырвонай арміі. Ваенныя трафеі. Рашэнне чылійскага сената. Нямецкія салдаты масава здаюцца ў палон. Пачатак пасяўных работ. Сацыялістычныя спаборніцтвы МТС. Выстаўка конкурсных праектаў у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна. Газеты: “Советская Белоруссия” (№ 60, 62), “Звязда” (№ 61, 63, 64)

Чырвоная армія працягвае выматваць і знішчаць асноўныя сілы германскіх армій, ганебны канец якіх не за гарамі. Нашы войскі ўшчыльную прысунуліся да сталіцы Аўстрыі – Вены. У гэты дзень на ўсіх франтах падбіта і знішчана 40 нямецкіх танкаў і самаходных гармат, збіта 39 самалётаў, узята ў палон больш за 4 тысячы салдат і афіцэраў, захоплена 150 палявых гармат, 65 мінамётаў, 351 кулямёт, каля 4000 вінтовак, 578 аўтамашын (“Советская Белоруссия”, № 62). Адбываецца маральны распад германскай арміі. На Заходнім фронце саюзным войскам здаліся 40107 нямецкіх салдат і афіцэраў. На працягу першых пяці дзён красавіка войскамі саюзнікаў ўзяты ў палон больш за 140 тысяч нямецкіх салдат. Да ліку саюзных войскаў, якія змагаюцца на франтах Вялікай Айчыннай вайны, далучаецца армія Чылі: чылійскі сенат аднагалосна прыняў рашэнне аб аб'яўленні вайны з Японіяй.

Разумеючы, што паражэнне Германіі зусім блізка, яе насельніцтва пакідае краіну. Асноўным месцам эміграцыі стала Данія. Колькасць немцаў тут ужо перавышае 300 тысяч. Гітлераўскія ўлады разлічваюць раскватараваць у Даніі больш за 2 млн нямецкіх бежанцаў (“Звязда”, № 64).

У радасныя дні, якія перажывае краіна ў чаканні надыходзячай перамогі, мірнае насельніцтва імкнецца ўсімі сіламі дапамагаць Чырвонай арміі ў яе барацьбе з захопнікамі за свабоду і незалежнасць. Вясна стварае спрыяльныя ўмовы для выканання абавязку перад Радзімай і фронтам – аднаўленне народнай гаспадаркі, адукацыі і культуры. Беларускі народ самааддана працуе: паўсюдна ўзнікаюць працоўныя пачыны, арганізуюцца сацыялістычныя спаборніцтвы, бяруцца абавязацельствы, ініцыіруецца збор сродкаў на ваенную тэхніку. Так, напрыклад, працоўнымі лясгасаў Магілёўскай вобласці сабрана 150000 рублёў на пабудову танка «Ляснік Беларусі» (“Советская Белоруссия”, № 60).

Працаўнікі палёў уступаюць у важны перыяд сельскагаспадарчага года –вяснову сяўбу. Цяпер на палях вырашаецца лёс будучага ўраджаю. Усё ярчэй разгараецца полымя ўсебеларускага сацыялістычнага спаборніцтва машынна-трактарных станцый (МТС), распачатую па закліку Прапойскай МТС Магілёўскай вобласці. Перадавыя трактарныя брыгады прыбылі ў калгасы. Своечасова пачаць палявыя работы, з першых дзён выкарыстоўваць машыны на поўную іх магутнасць – задача кожнай трактарнай брыгады, кожнага трактарыста. Радасная падзея дня – па выніках Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва абласцей, краёў і рэспублік за выкананне планаў рамонту трактароў і сельскагаспадарчых машын Саўнаркам СССР прызнаў адным з пераможцаў Беларускую ССР. Ёй за датэрміновае выкананне планаў асенне-зімовага рамонту будзе ўручаны пераходзячы Чырвоны Сцяг Дзяржаўнага Камітэта Абароны і выдадзена ўстаноўленая грашовая прэмія (“Советская Белоруссия”, № 60). У гэтай жа газеце апублікаваны ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб узнагароджанні шматдзетных маці, зварот работнікаў Лохвицкой МТС Палтаўскай вобласці “Узорна правядзём вясновую сяўбу!” з прапановай арганізаваць Усесаюзнае сацыялістычнае спаборніцтва МТС за высокі ўраджай 1945 года.

Усё новыя калгасы Палескай, Бабруйскай, Пінскай і Гомельскай абласцей прыступаюць да выбарачнага ворыва і пасеву ранніх збожжавых культур. Гэтыя работы пачынаюцца і ў заходніх абласцях рэспублікі (“Советская Белоруссия”, № 60; “Звязда”, № 61). Для іх жыхароў створана новая газета “Совецкі селянін”. У гэты красавіцкі дзень выйшаў у свет яе першы нумар (“Советская Белоруссия”, № 62; “Звязда»”, № 63).

Актыўна, шматаспектна і з поўнай аддачай працуюць установы культуры. У гэты дзень у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна адкрылася выстаўка конкурсных праектаў забудовы Мінска. Адначасова на выстаўцы дэманструецца планіроўка калгасных сёлаў Рудзенскага раёна. Рэспубліканскае харэаграфічнае вучылішча аб'яўляе дадатковы прыём. Пры Беларускім дзяржаўным універсітэце працуе лекторый. Адноўлены выхад літаратурна-мастацкага часопіса “Полымя”: ужо здадзены ў друк першы нумар. Сярод іншых матэрыялаў у ім будуць апублікаваны новая паэма Я. Коласа “Расплата” і нарыс пра Героя Савецкага Саюза беларуса Барыса Царыкава. У сталічных кінатэатрах з 10.00 да глыбокага вечара (апошні сеанс пачынаецца ў 22.00) ідзе дэманстрацыя фільмаў (“Советская Белоруссия”, № 60; “Звязда”, № 61).

Да Перамогі засталося 35 дзён ...